27 лютага 2020 году ў Беларусі выявілі каранавірус у першага чалавека, ім аказаўся іранскі студэнт Парса. Пасьля зьявілася яшчэ некалькі завозных выпадкаў, і пачалося — дыстанцыйная праца, маскі, дастаўка прадуктаў. Паглядзелі, чаму эпідэмія навучыла беларусаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выпісалі са шпіталя першага беларускага пацыента, у якога дыягнаставалі каранавірусШто такое кантакты першага ўзроўню, інфэкцыйная капсула, страх захварэць
Да пандэміі выраз «кантакт першага ўзроўню» ў Беларусі быў ня надта распаўсюджаны. Ужо пасьля першага выпадку кантактамі першага ўзроўню сталі студэнты БНТУ. Многіх ізалявалі ў лякарнях гэтаксама, як і хворых. Тады ж людзей пачалі дзяліць на «кантакты» першага, другога і нават трэцяга ўзроўню.
Ужо ў сакавіку па сацсетках актыўна распаўсюджваліся фатаздымкі, як хворых забіраюць з дому і кладуць у адмысловыя інфэкцыйныя капсулы, каб чалавек ня меў ні з кім кантакту.
Тады ж зьявілася і «каранафобія»: на чалавека, які чхнуў у транспарце, маглі азірацца ці шарахацца ад яго. Людзі пачалі пазьбягаць кантактаў, асабліва з «кантактамі» першага ці другога ўзроўню.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аптэчка. 90 адказаў пра каранавірус ад Сусьветнай арганізацыі здароўя, мэдычных аўтарытэтаў і з найлепшай практыкіЯк працаваць з дому, ладзіць онлайн-party і замаўляць ежу онлайн
Зь сярэдзіны сакавіка многія кампаніі пачалі пераводзіць сваіх супрацоўнікаў на працу з дому, каб зьменшыць рызыку заражэньня каранавірусам. Сьпярша гэта тычылася кампаній, дзе выявілі хворых, але пазьней распаўсюдзілася на большасьць кампаній. Такім чынам, ужо год многія не бывалі ў сваіх офісах.
Праз эпідэмію адмяніліся многія канцэрты і імпрэзы, але іншыя арганізатары знайшлі выйсьце і пачалі праводзіць канцэрты і фэсты онлайн. Дайшло нават да онлайн-пабаў і сяброўскіх онлайн-пасядзелак за півам перад маніторам кампутара.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Купалаўскі дома». Нацыянальны тэатар будзе паказваць свае спэктаклі онлайнКаб зьменшыць рызыку захворваньня, людзі пачалі масава карыстацца дастаўкай прадуктаў і гатовай ежы. У красавіку сэрвісы онлайн-дастаўкі ўжо не маглі прымаць замовы зь сёньня на сёньня. Да працы на дастаўку гатовай ежы далучыліся многія кавярні, каб не збанкрутаваць праз адсутнасьць наведнікаў.
Як дастаць маску, навошта трэба антысэптык на кожным кроку і дзе застрахавацца ад каранавірусу
Пасьля навіны пра першы выпадак каранавірусу ў Беларусі людзі масава пачалі скупляць маскі. У аптэках пачаліся перабоі, на гэтым сталі зарабляць перакупнікі, а цэны на маскі пачалі расьці. Калі першапачаткова яны каштавалі ад 10 капеек, то пазьней маску можна было набыць і за 45 капеек, і нават за 2 рублі.
Пазьней за маскі ўзяўся беларускі легпрам, зьявіліся дызайнэрскія маскі, некаторыя пачалі набываць сабе нават фільтры з кляпанамі, якія каштавалі да 30 рублёў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мыйце маску штодня. Парады карыстальнікуАнтысэптык у час каранавірусу зьявіўся ў кожнай краме, кавярні, шмат у каго і з сабою. Пах антысэптыка цяпер, без перабольшваньня, пазнае кожны беларус, калі ў яго няма ковіду і ня зьніклі пахі.
На хвалі каранавірусу ў Беларусі нават зьявілася страхоўка ад каранавірусу.
Як правяраць статыстыку ад Мінздароўя, што такое «каронапсыхоз» і пры чым тут трактар
Зь першага выпадку заражэньня каранавірусам Мінздароўя Беларусі імкнулася праводзіць брыфінгі ледзь ня штодня, пасьля гэтая практыка зьмянілася. Статыстыка ад Мінздароўя па колькасьці хворых выклікала шмат пытаньняў: чаму ў Беларусі хварэюць менш, чым у суседзяў? Падчас першай хвалі каранавірусу Мінздароўя некалькі разоў спрабавала публікаваць статыстыку, у якой наогул не было зразумела, колькі людзей захварэлі. Пасьля чыноўнікі вярнуліся да больш зразумелых лічбаў, але пытаньні да гэтай статыстыкі застаюцца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта псыхоз». Лукашэнка патлумачыў, чаму Беларусь ня ўводзіць карантынуЛукашэнка называў эпідэмію «каронапсыхозам» і раіў лекавацца «гарэлкай і трактарам». Таксама ён нэгатыўна выказваўся публічна пра людзей, якія памерлі ад каранавірусу — маўляў, «чаго ты хадзіў, трэба было дома сядзець».
Як сьвяткаваць Радаўніцу, Вялікдзень і што рабіць у адсутнасьць карантыну
Нягледзячы на эпідэмію і сотні хворых, у Беларусі не забаранілі хадзіць на могілкі на Радаўніцу, асьвячаць булкі ў царкве на Вялікдзень. Улады не ўвялі карантын, межы заставаліся адчыненымі. Адсутнасьць мераў перасьцярогі крытыкавалі лекары, іншыя спэцыялісты і нават Усясьветная арганізацыя здароўя, але нічога не зьмянілася.
9 траўня ў Менску правялі традыцыйны парад, прысьвечаны Дню Перамогі. Падобныя мерапрыемствы былі адмененыя ва ўсім сьвеце. Людзі ж у гэты час збольшага імкнуліся насіць маскі. Хоць абавязковы масачны рэжым увялі толькі праз 8 месяцаў, але ўжо ўвесну 2020-га раілі мыць рукі і пазьбягаць публічных месцаў.
Дзе зрабіць тэсты на каранавірус, як дапамагчы мэдыкам і праявіць салідарнасьць
Ужо ў першую хвалю каранавірусу здаць тэст на хваробу было няпроста: яго рабілі пры наяўнасьці канкрэтных сымптомаў, а пазьней толькі тым, у каго высокая тэмпэратура.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Недзяржаўным мэдцэнтрам у Беларусі зноў дазволілі рабіць ПЦР-тэсты на каранавірусУ аптэках зьявіліся тэсты на антыцелы, якія паказваюць, ці перахварэў чалавек на каранавірус. Тэсты ПЦР, неабходныя для выезду за мяжу, пачалі рабіць прыватныя мэдычныя цэнтры, перад імі пасталі чэргі. На некалькі месяцаў прыватным мэдцэнтрам забаранілі рабіць такія тэсты, але пасьля ўсё ж дазволілі.
Ужо зь першай хваляй каранавірусу ў Беларусі пачала працаваць ініцыятыва bycovid19, у межах якой на дапамогу мэдыкам зьбіралі грошы. На іх набывалі абарончыя сродкі, антысэптыкі і іншыя неабходныя мэдыкам рэчы. Пазьней ініцыятыву падхапілі сотні малых і буйных кампаній у Беларусі: мэдыкаў бясплатна кармілі, выраблялі для іх шчыткі і маскі, набывалі пальчаткі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Салідарнасьць-2020. 7 яскравых гісторый, якія ўмацуюць вашу веру ў беларусаў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кампанія ByCovid-19 сабрала больш за 160 тысяч рублёў для дапамогі мэдыкамЯк падарожнічаць пры закрытых межах і што рабіць, калі падарожжаў няма
У сучаснасьці беларусы не сутыкаліся з закрытымі межамі на такі працяглы пэрыяд. Амаль усе суседзі пазачынялі свае межы на карантын, і паехаць некуды ў адпачынак стала немагчыма. Беларусы пачалі асвойваць турыстычныя маршруты ў самой Беларусі. Напрыканцы лета адкрыліся некаторыя краіны, стала магчыма паехаць у Альбанію, Турэччыну ці Эгіпет.
Зачыненыя межы моцна ўдарылі і па тых, хто працаваў у Расеі, якая таксама забараніла ўезд. Праз гэта многія беларусы аказаліся бяз працы або пачалі шукаць нелегальныя шляхі выезду ў Расею.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь закрывае межы на выезд. Як змагаюцца з пандэміяй іншыя?