Нацыянальны акадэмічны тэатар імя Янкі Купалы анансаваў новы онлайн-праект «Купалаўскі дома» — гэта паказы спэктакляў з архіву тэатру, творчых вечароў, сустрэч, сьвяточных імпрэзаў.
З улікам вялікай папулярнасьці праекту «Тыдзень Купалаўскага online» ў тэатры вырашылі «пашырыць сваю прысутнасьць у інтэрнэт-прасторы. «Мы вельмі ўдзячныя ўсім аматарам тэатральнага мастацтва за такую ўвагу да нашых спектакляў і за тое, што многія з іх застаюцца з намі побач, нават у адсутнасць магчымасці наведаць тэатр», —адзначаецца на сайце Купалаўскага.
Расклад бліжэйшых паказаў, якія зьявяцца онлайн:
- 5 красавіка — спэктакль-капусьнік «жАрт to you» (2016 год);
- 7 красавіка — творчы вечар Заслужанай артысткі Рэспублікі Беларусь Тамары Міронавай (з архіву Белтэлерадыёкампаніі);
- 8 красавіка — спэктакль «Офіс», Інгрыд Лаўзунд (рэж. Кацярына Аверкава);
- 10 красавіка — спэктакль «Хам», Эліза Ажэшка (рэж. Аляксандр Гарцуеў).
Прагляд даступны бясплатна і без тэрытарыяльных абмежаваньняў. Спасылка на прагляд будзе адкрытая на сайте kupalauski.by і ў сацыяльных сетках тэатру з 18.00 у дзень паказу да 18.00 наступнага дня, адзначаюць у тэатры. Анонсы наступных паказаў будуць зьяўляцца на сайце і ў сацыяльных сетках тэатру
У межах «Тыдня Купалаўскага online» на працягу тыдня з 27 сакавіка па 2 красавіка тэатар паказаў чатыры рэпэртуарныя спэктаклі ў прамой трансьляцыі ў інтэрнэце. Агулам спэктаклі паглядзелі больш за 40 000 чалавек з розных краінаў Эўропы, Амэрыкі, Азіі і Афрыкі.
Раней Купалаўскі тэатар адмяніў спэктаклі 1, 2, 3, 4, 5, 7, 8, 9, 10 і 13 красавіка. Квіткі можна здаць да 20 красавіка ў касы тэатра (Энгельса, 7а) з 10 да 20-й гадзіны альбо скарыстаць іх пры наведваньні таго ж спэктакля да канца сэзону.