Да канца лютага 2021 году юрыдычным асобам ўсіх формаў уласнасьці і індывідуальным прадпрымальнікам забаронена павышаць цэны на 62 віды прадуктаў і 50 лекаў. А з 1 сакавіка зьмена цэн на гэтыя тавары дапушчальная ня больш чым на 0,2% у месяц.
Ці дасьць рады ўрад з утрыманьнем цэнаў, што хаваецца за гэтым рашэньнем і чым яно пагражае, «Настоящему времени» тлумачыць акадэмічны дырэктар Цэнтру эканамічных дасьледаваньняў BEROC Кацярына Барнукова.
— Цэны сапраўды папаўзьлі ўверх, за студзень на 7,7%, гэта даволі высокі паказчык, — кажа Барнукова. — Наш нацыянальны банк імкнецца да пяціпрацэнтнай інфляцыі за год. Таму ёсьць прычыны турбавацца. Акрамя таго, на сусьветных рынках растуць цэны на прадукты харчаваньня, сама дзяржава павысіла падатак на даданую вартасьць на некаторыя катэгорыі тавараў у гэтым годзе. Мабыць, такім чынам вырашылі прыпыніць рост коштаў.
— Рынак ужо неяк адрэагаваў на гэтае рашэньне?
— Няўзброеным вокам пакуль рэакцыі ня бачныя, але на форумах, у бізнэс-чатах абмяркоўваюць, што цэны трэба павысіць прэвэнтыўна. Цэны будуць кантралявацца, фіксавацца, таму шматлікія крамы з раніцы ўжо падвышалі кошты на ўсялякі выпадак. Хутчэй за ўсё, мы ўбачым рэзкі рост цэн.
Ну і, вядома, паўстаў ажыятажны попыт на некаторыя тавары. Гэта зьвязана з тым, што людзі памятаюць, як гэта было ў 1980-х гадах, калі кантроль цэн прыводзіў да дэфіцыту. На шчасьце, пакуль гэты кантроль уведзены на вельмі невялікі асартымэнт, наўрад ці мы ўбачым пустыя паліцы супэрмаркетаў, але пэўныя катэгорыі тавараў могуць або зьнікнуць, або аказацца ва ўрэзаным асартымэнце.
— Вы ўжо назвалі магчымыя наступствы. Гэта рост цэн і магчымы дэфіцыт. А якія яшчэ?
— Акрамя таго, гэта вельмі ўстрывожыла людзей. Справа ў тым, што ў Беларусі ў апошнія паўгода ўсё жывуць у чаканьні эканамічнага крызісу, людзі чакаюць высокай інфляцыі і дэвальвацыі. І, вядома, калі дзяржава кажа: «Мы зараз будзем адміністрацыйна кантраляваць цэны», усе думаюць: «Вой, напэўна нешта дрэннае адбылося і, напэўна, нарэшце ўжо гэты крызіс наступіць». І гэта можа выклікаць чарговы ўсплёск, напрыклад, попыту на валюту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Урад забараніў павышаць цэны на больш як 40 лекаў і 60 прадуктаўУ такой сытуацыі вельмі нестабільных чаканьняў гэта падліло алею ў агонь нэгатыўных чаканьняў.
— У гэтым рашэньні, паводле вашых ацэнак, больш палітыкі ці эканомікі?
— Складана зразумець. Падобныя рашэньні ў Беларусі прымалі і ў мінулым, нават у 2020 годзе вясной. Літаральна празь некалькі тыдняў ці месяцаў гэтыя рашэньні звычайна мякчэлі. Абмежаваньне на рост цэн у 2020 годзе замянілася абмежаваньнямі на нацэнкі.
Ня вельмі зразумела, на што цяпер разьлічваюць: сапраўды спыніць рост цэн, і тады мы сапраўды будзем мець усе тыя праблемы, пра якія я казала; або разьлік на тое, каб паслаць нейкі сыгнал рынку, тым жа рэтэйлерам, каб перасталі так хутка падымаць цэны. Магчыма, гэта больш палітычны крок, мы ўсё больш чуем аб плянах перавесьці эканоміку з рынкавых на больш адміністрацыйныя рэйкі.
- Замарозка цэн у Беларусі закране такія тавары, як рыс, грэчка, аўсянка, панцак, проса, хлеб, макароны, ялавічына, сьвініна, некаторыя віды каўбасаў, жывая рыба, некаторыя малочныя прадукты, яйкі, бульба, растваральная кава, чай, цукар, соль, мыла, туалетная папера, пампэрсы, запалкі.
- У сьпісе лекаў, на якія павышэньне цэн абмежавалі, аказалася 50 пазыцый. Сярод іх «Амаксыцілін», «Азітраміцын», «Анальгін», «Арпэтол», «Ксылін», «Амэпразол», «Эсэнцыкапс».
- Па выніках мінулага году ў Беларусі сфармаваўся самы высокі ўзровень інфляцыі за апошнія чатыры гады — 7,4%. Агучваючы пляны на 2021 год, прэм’ер-міністар Раман Галоўчанка абяцаў жорстка кантраляваць цэны і імпарт.