Да 23 красавіка за кратамі застануцца Юлія і Пятро Слуцкія, Ала Шарко, Сяргей Альшэўскі, паведамляе БелаПАН. Інфармацыі пра Ксенію Луцкіну пакуль няма, але, мяркуючы па тым, што яна таксама ня выйшла на свабоду, арышт падоўжылі і ёй. Адвакат Луцкінай Сяргей Зікрацкі адзначыў, што ніякіх афіцыйных дакумэнтаў ні ён, ні ягоная кліентка не атрымлівалі.
Сястра Пятра Слуцкага Аляксандра расказала, што брат рэгулярна атрымлівае карэспандэнцыю, а вось да маці з пошты даходзіць толькі па 2-3 лісты на тыдзень.
«Хоць я дакладна ведаю, што ёй пішуць сотні людзей і паведамляюць пра гэта мне. Ёсьць такая гісторыя, што нават лісты, якія ўжо прайшлі цэнзуру, яны раскідваюць па іншых камэрах, нібыта памыліліся», — сказала Аляксандра Слуцкая.
У Юліі Слуцкай не спыняецца кашаль, баляць вочы. Магчыма, ад таго, што ў маленькай камэры шмат тытунёвага дыму і туды практычна не пранікае дзённае сьвятло.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У камэры з 8 чалавек 5 — „палітычныя“». Што піша Юлія Слуцкая з-за кратаў22 сьнежня 2020 году ў офісе «Прэс-клюбу» і дома ў шэрагу яго супрацоўнікаў прайшлі ператрусы і агляды. Сілавікі затрымалі шэсьць чалавек, гэта заснавальніца арганізацыі Юлія Слуцкая, праграмны дырэктар Ала Шарко, дырэктар Сяргей Альшэўскі, праграмны дырэктар Акадэміі «Прэс-клюбу» Сяргей Якупаў, апэратар Пятро Слуцкі, а таксама Ксенія Луцкіна — сябра асноўнага складу Каардынацыйнай рады, былая супрацоўніца Белтэлерадыёкампаніі, зьвязаная з праектам «альтэрнатыўнай тэлевізіі» на YouTube, дачыненьне да якога мела Акадэмія «Прэс-клюбу».
Юлію Слуцкую падазраюць ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры, Шарко, Альшэўскага, Луцкіну, Пятра Слуцкага — у саўдзеле. Якупава дэпартавалі ў Расею без прад’яўленьня абвінавачаньня. У пачатку студзеня сваякі арыштаваных пералічылі на рахунак Сьледчага камітэту амаль 110 тысяч рублёў як забесьпячэньне кампэнсацыі магчымай шкоды.
Беларускія праваабаронцы прызналі затрыманых супрацоўнікаў «Прэс-клюбу» палітвязьнямі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Спыніць тупую сілу беззаконьня!» Аўтарытэтныя журналісты зьвярнуліся да ўладаў і дзяржаўных калегаў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Віктара Малішэўскага апыталі ў справе «Прэс-клюбу». Ён на волі