«І Лукашэнка, і Пуцін сьцьвярджаюць, што Захад спрабуе зрынуць іх рэжымы і што ён робіць гэта, падсілкоўваючы сацыяльнае і палітычнае напружаньне ў грамадзтве (фінансуючы пратэсты, недзяржаўныя арганізацыі і асобных «правакатараў»). Ёсьць таксама сьведчаньні, якія паказваюць, што абодва лідэры насамрэч вераць у гэтыя свае цьверджаньні і ўспрымаюць Захад усё больш як ворага і ўсё менш як партнэра (хоць застаюцца сфэры, дзе супрацоўніцтва з Захадам лічыцца магчымым і ўзаемна выгадным). Яны абодва бачаць заходнія санкцыі як чарговую нелегітымную спробу ўмяшацца ў іх унутраныя справы і «разгайдаць човен».
Аднак, я ўсё ж лічу, што Крэмль праводзіць адрозьненьне паміж пратэстамі ў Расеі і Беларусі. Ён разумее што пратэсты ў Беларусі адлюстроўваюць тое, што Лукашэнка больш не ўспрымаецца як легітымны кіраўнік большасьцю беларусаў. Хоць Расея будзе працягваць падтрымліваць Лукашэнку, пакуль няма іншага жыцьцяздолнага варыянту каго яшчэ падтрымліваць, мне цікава было б пабачыць, ці на сёньняшняй сустрэчы Пуцін нейкім чынам паспрабуе даць сыгнал тым прарасейскім беларусам, якія хацелі б сыходу Лукашэнкі, што падтрымка Лукашэнкі Крамлём не безумоўная і ня вечная.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці дадуць грошы Лукашэнку? Расейскі палітоляг пра сустрэчу з Пуціным у СочыМы пабачылі нешта падобнае апошні раз, калі гэтыя двое сустракаліся ў верасьні, дзе на фота і відэа, якія разышліся па інтэрнэце, Пуцін выглядаў абсалютна не ў захапленьні. У стратэгічных інтарэсах Расеі было б, каб беларусы захоўвалі прарасейскія погляды ў будучыні, бо інакш увесь расейска-беларускі інтэграцыйны праект сутыкнецца з праблемамі.
Аднак няпроста весьці такую гульню зь неадназначнымі пасланьнямі. Па вялікім рахунку, Пуцін ня хоча, каб беларусы думалі, што пратэсты будуць пасьпяховымі (гэта надзвычай важнае пасланьне для ўнутранай расейскай аўдыторыі), ён ня хоча свабодных выбараў і «некантраляванага» – а таму рызыкоўнага – пераходу ўлады ў Беларусі. У выніку пасланьне, што Расея падтрымлівае Лукашэнку, што яны абое разам сутыкаюцца з варожым Захадам, верагодна, будзе галоўным на сёньняшняй сустрэчы, і Лукашэнка вернецца ў Менск з ухмылкай», –лічыць дасьледчыца Фінскага інстытуту міжнародны справаў Крыстына Сыльван.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рэвізія папярэдніх сочынскіх дамоўленасьцяў. Што абмяркоўваюць Лукашэнка і Пуцін