ТАСС цытуе гэтыя словы Аляксандра Лукашэнкі, сказаныя падчас сустрэчы ў Сочы з прэзыдэнтам РФ Уладзімірам Пуціным.
«Мы, па-мойму, 33 напрамкі пазначылі — гэтыя „дарожныя мапы“, якія выпрацавалі. Мы дамовіліся аб тым, што мы іх мадэрнізуем, абновім. Урады вельмі шмат зрабілі, яны абнавілі фармат. Сёньня амбасадар (Беларусі ў РФ ) Сямашка дакладваў, што там, можа, засталося з 33-х шэсьць-сем „дарожных мапаў“, над якімі ўрады працуюць. Усе астатнія гатовыя да падпісаньня», — адзначыў Лукашэнка.
Пазалетась заяўлялася, што існуюць 30 «мапаў», якія тычацца эканамічнай інтэграцыі, і яшчэ адна, 31-я, у якой пазначаныя падыходы да больш шчыльнай, у тым ліку і палітычнай інтэграцыі. Паведамлялася, што 31-я «мапа» прадугледжвае стварэньне саюзнага парлямэнту і пераход на адзіную валюту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амбасадар Сямашка паабяцаў, што Беларусь цалкам выканае Саюзную дамову, уключна з адзінай валютайУ чэрвені летась амбасадар Сямашка казаў , што з 30 «мапаў» узгодненыя 28 з паловай.
Цяпер, паводле Лукашэнкі, іх не 31, а 33. Ён не патлумачыў, за кошт чаго вырасла колькасьць «мапаў» і якія зь іх яшчэ ня ўзгодненыя.
Тэлеграм-канал «Пул Первого» паведаміў, што асноўная частка перамоваў працягвалася каля гадзіны, потым Лукашэнка і Пуцін пайшлі пакатацца на лыжах, далей адбудзецца абед, у якім возьме ўдзел былы прэзыдэнт і прэм’ер РФ, намесьнік дзяржсакратара Рады бясьпекі РФ Дзьмітры Мядзьведзеў.
Неўзабаве прэсавы сакратар Пуціна Дзьмітры Пяскоў зьняпраўдзіў інфармацыю пра тое, што Мядзьведзеў возьме ўдзел у абедзе Лукашэнкі і Пуціна.