Малітва пачалася апоўдні і сабрала некалькі соцень чалавек. Міліцыя не разганяла яе ўдзельнікаў.
Напярэдадні нядзельнай малітвы сытуацыя вакол пратэстанцкай царквы набыла вялікі розгалас. Людзі заклікалі выходзіць у нядзелю на малітву, а таксама падтрымліваць вернікаў «Новага жыцьця» інфармацыйна. Яны ўзгадвалі, што ўжо давялося прайсьці царкве пасьля нападаў улады на яе.
Пастар Вячаслаў Ганчарэнка параўнаў высяленьне царквы з будынку з вырываньнем душы, паведамляе «Белсат».
«Выгнаць верніка са сьвятыні — гэта тое ж самае, што выгнаць чалавека з кватэры. Гэта тое ж самае, што душу выселіць з цела. Няма ніякай розьніцы. Мы ўсе адчулі, нібыта вырвалі нашу душу. Нібы нейкая пустэча ўтварылася ад той несправядлівасьці, зь якой мы сутыкнуліся».
Што адбылося з царквой?
17 лютага судовыя выканаўцы ўварваліся ў царкву ў суправаджэньні міліцыянтаў падчас малітвы. У царкве на той момант знаходзіліся каля 50 вернікаў. Яны апісалі маёмасьць, а вернікаў выгналі, пагражаючы ім арыштам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У менскую царкву «Новае жыцьцё» ўварваліся сілавікі. Яе высяляюць. ВІДЭАРэлігійная грамада Царквы хрысьціян поўнага Эвангельля «Новае жыцьцё» ў Менску летась атрымала судовае прадпісаньне вызваліць будынак на вуліцы Кавалёва, 72 да канца году. У адваротным выпадку царкве пагражалі прымусовым высяленьнем. Цяпер улады гораду заплянавалі ў гэтай мясцовасьці будаўніцтва кварталу шчыльнай забудовы.
Вернікі «Новага жыцьця» пасьля выбараў запісалі відэазварот, у якім выказаліся супраць забойстваў, гвалту і катаваньняў, ілжывых сьведчаньняў у судах, маніпуляцый.