Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У менскую царкву «Новае жыцьцё» ўварваліся сілавікі. Яе высяляюць. ВІДЭА

абноўлена

Царква «Новае жыцьцё», архіўнае фота
Царква «Новае жыцьцё», архіўнае фота

У менскую пратэстанцкую царкву «Новае жыцьцё» каля 11-й гадзіны ўварваліся сілавікі, яны зламалі дзьверы, напісаў у фэйсбуку актывіст Андрэй Кім.

Гэтак у царкву прыйшлі судовыя выканаўцы ў суправаджэньні міліцыянтаў. Яны выконваюць судовую пастанову пра высяленьне царквы. У царкве ў гэты час каля 50 вернікаў маліліся аб вырашэнні сітуацыі, што склалася. Адміністратар царквы Віталь Антончыкаў паведаміў БелаПАН, што супрацоўнікі органаў «запатрабавалі мікрафон і папрасілі ўсіх людзей пакінуць памяшканне, інакш усё паедуць на „суткі“». Пасля гэтага папярэджання члены абшчыны пакінулі будынак.

Рэчы першай неабходнасьці прадстаўнікам царквы дазволілі забраць, астатнюю маёмасьць апісваюць.

Рэлігійная грамада царквы хрысьціян поўнага Эвангельля «Новае жыцьцё» ў Менску летась атрымала судовае прадпісаньне вызваліць будынак на вуліцы Кавалёва, 72 да канца году. У адваротным выпадку царкве пагражалі прымусовым высяленьнем.

Будынак царквы «Новае жыцьцё», гісторыя супрацьстаяньня

У 2002 годзе царква «Новае жыцьцё» выкупіла занядбаны кароўнік на ўскрайку гораду, адрамантавала яго, і з 2004 году там адбываюцца набажэнствы.

У 2005 годзе гарадзкія ўлады пазбавілі рэлігійную грамаду права карыстаньня зямельным участкам, які раней быў адведзены царкве бестэрмінова.

У 2006 годзе, каб прыцягнуць увагу да праблемаў царквы, вернікі правялі галадаваньне-пост, які доўжыўся каля месяца. Сытуацыя вакол царквы набыла шырокі грамадзкі розгалас і міжнародны рэзананс.

У 2009 годзе суд пазбавіў грамаду права ўласнасьці на будынак царквы па вуліцы Кавалёва, 72.

У ліпені 2010 году Менскі гаспадарчы суд аштрафаваў царкву больш як на 85 тысяч даляраў (у пералічэньні) «за забруджваньне навакольнага асяродзьдзя». Вернікі палічылі дзеяньні ўлады незаконнымі і вырашылі штрафу не плаціць.

Цяпер там плянуюць зрабіць квартал шчыльнай забудовы. На месцы царквы, паводле будаўнічых плянаў, будзе школа.

Вернікі «Новага жыцьця» пасьля выбараў запісалі відэазварот, у якім выказаліся супраць забойстваў, гвалту і катаваньняў, ілжывых сьведчаньняў у судах, маніпуляцый.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG