18 лютага Магілёўскі абласны суд пакінуў без задавальненьня скаргу Лазавіка на вырак горацкага суду. Асуджаны намагаўся зьмяніць пакараньне ў калёніі на мякчэйшае: арышт ці штраф. Сваю віну ва ўчыненым Лазавік прызнаў цалкам і раскаяўся. Тры месяцы ён у сьледчым ізалятары Магілёва. На разгляд апэляцыі ў абласны суд яго не даставілі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Неабходны канкрэтныя дзеяньні замест крайняй заклапочанасьці», — рэакцыі на прысуд журналісткам «Белсату»Прапанавалі прызнаць віну ўзамен на штраф — і ён пагадзіўся
Стэфан Лазавік нанёс надпіс на прыпынку ў ноч з 11 на 12 жніўня. Як ён прызнаваўся праваабаронцам, зрабіў гэта пад уплывам эмоцыяў, якіх не стрымаў, бачачы гвалт сілавікоў пасьля выбараў.
Горацкая міліцыя спачатку кваліфікавала дзеяньні Лазавіка як дробнае хуліганства. Празь месяц, аднак, з ініцыятывы раённай пракуратуры мужчыну прызналі падазраваным паводле крымінальнага артыкулу: пашкоджаньне маёмасьці цынічнымі надпісамі. Паводле праваабаронцаў, хлопцу прапанавалі прызнаць віну ўзамен на штраф — і ён пагадзіўся. Пасьля вызваленьня ўдзельнічаў у пратэставых акцыях, за якія яго двойчы штрафавалі.
29 кастрычніка абвінавачаньне Лазавіку перакваліфікавалі на «злоснае хуліганства». Паводле праваабаронцаў, яму прапаноўвалі выступіць на відэа з асуджэньнем пратэстаў, але ён адмовіўся. 26 лістапада раённы суд адправіў Лазавіка на 1 год у калёнію агульнага рэжыму. Пад варту яго ўзялі ў залі суду.
4 лютага 2021 году беларускія праваабарончыя арганізацыі прызналі Стэфана Лазавіка палітзьняволеным.
«Перад судом адчуваў, што яго надоўга пасадзяць»
На разгляд скаргі Стэфана Лазавіка ў Магілёў прыехала ягоная маці Валянціна Валяр’янаўна, а таксама сябры ды паплечнікі.
Валянціна Лазавік па сканчэньні судовага пасяджэньня прызналася, што не чакала цуду ў абласным судзе, але каліва спадзеву ўсё ж мела. Учынак, які стаў нагодай для зьняволеньня сына, жанчына называе «эмацыйным парываньнем». Суразмоўца прызнаецца, што незадоўга да гэтага ў яе былі трывожныя адчуваньні і часта сьніліся нядобрыя сны.
«Гэты ўчынак ня вырашыў ніякай праблемы, а трэба рабіць тое, што дае плён», — кажа Валянціна Валяр’янаўна.
Жанчына кажа: сын не гаварыў ёй, што зрабіў з прыпынкам. Даведалася яна пра тое, калі пазванілі зь міліцыі і даставілі яе на вобшук. Міліцыянтаў было шмат, шукалі фарбу. Падчас ператрусу, па яе словах, Стэфан быў узбуджаны. Сваю віну прызнаў, і яго пакінулі на волі пад падпіскай аб нявыезьдзе. У апошні дзень перад судом ён адчуваў, што яго надоўга пасадзяць.
На думку жанчыны, пакараньне сыну несувымернае таму, што ён учыніў. Паводле яе, шкода склала 11 рублёў 99 капеек.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рабочых з Горак, якія запісалі палітычны відэазварот, асудзілі і звольнілі з працыТое, што апэляцыю не задаволілі, засмуціла зьняволенага
Падчас спатканьня пасьля прысуду ў лістападзе сын выглядаў спакойным. Турбаваўся, як яна будзе жыць безь яго. Казаў ёй, каб ставілася да зьняволеньня так, нібыта яго забралі ў войска.
Сама ж Валянціна Валяр’янаўна кажа: старалася данесьці Стэфану думку, што і ў няволі варта дзейнічаць так, каб не было згрызотаў сумленьня. Яна прызнаецца: дзень, калі судзілі сына, ня памятае — усё было нібыта ў тумане. Жанчына не гатовая была да таго, што Стэфана адправяць у калёнію.
Пасьля суду ў Магілёве Валянціна Валяр’янаўна пабачыла сына ў турме — упершыню за тры месяцы. Кажа, што ён паспраўнеў. Пра гэта Стэфан пісаў і ёй у лістах. Жанчына мяркуе, што «лішнія» кіляграмы набраліся праз маларухомасьць. Паводле яе, навіна, што скаргу абласны суд не задаволіў, засмуціла Стэфана, і ён гэтага ня змог схаваць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Час выбраў нас». На Магілёўшчыне актывіст праседзеў у няволі за пратэсты 77 дзёнНазіраў за выбарамі на двух участках для галасаваньня
Валянціна Лазавік па зьняволеньні сына засталася адна ў доме. У 2017 годзе памёр ад анкалёгіі муж, а праз два гады трагічна загінула дачка. Разам з Стэфанам зьнік спакой, прызнаецца жанчына. Па яе словах, першы месяц безь яго яна не ўспрымала рэальнасьць, была разгубленая. Падтрымалі яе «новыя сябры», дзякуючы якім з часам вярнулася самавалоданьне.
«Калі сын быў са мною, то ў нашым доме заўжды было шмат гасьцей. Ён чалавек тактоўны, таму ня мог выправадзіць тых, хто заседжваўся надоўга, нават на шкоду сабе і сваім справам», — згадвае Валянціна Валяр’янаўна.
Паводле суразмоўніцы, Стэфан — чалавек самастойны і сам вырашае, што яму патрэбна. Да думак іншых прыслухоўваецца, але заўжды мае свой погляд на жыцьцё. Яна кажа, што сын сам вырашыў зарэгістравацца назіральнікам і сачыў за ходам галасаваньня на двух участках.
Паводле Валянціны Лазавік, у сям’і часта абмяркоўвалі, што адбываецца ў краіне. Адзначалася станоўчае і адмоўнае. З удзячнасьцю згадвалі яны дзяржаўную дапамогу ў лячэньні дачкі, якая мела праблемы са слыхам. Хвалілі ўладу за тое, што клапоціцца аб сельскай гаспадарцы і не дае зарастаць палеткам, як у суседніх раёнах Расеі. Тым ня менш, кажа жанчына, у яе і Стэфана была аднолькавая пазыцыя, што ўлада павінна быць выбарная.
Не ўяўляе жыцьця безь Беларусі
Валянціна Валяр’янаўна кажа, што са школы сын захапляўся гісторыяй, гэта перадалося ад бацькоў. Ягоны бацька выкладаў у Горацкай акадэміі, і Стэфану можна было без праблемаў адвучыцца ў ёй. Ён нават паступіў на факультэт сельскай гаспадаркі і ўпарадкаваньня сельскіх тэрыторыяў, але праз тры гады зразумеў, што гэта не ягоны шлях, і кінуў акадэмію.
Апошнія гады Стэфан быў зарэгістраваны рамесьнікам. Яму падабаецца працаваць з дрэвам, кажа маці. Незадоўга да зьняволеньня захапіўся рэстаўраваньнем старых рэчаў.
Паводле Валянціны Лазавік, сын не ўяўляе свайго жыцьця безь Беларусі. Непрацяглы час ён быў на заробках у Расеі. Да трагедыі зь сястрой зьбіраўся падзарабіць у Польшчы і нават зрабіў візу. У сям’і была магчымасьць зьехаць у Нямеччыну, дзе жывуць сваякі, але гэтага нават не абмяркоўвалі.