Экспэрт патлумачыў, ці могуць патрабаваць сплаты падатку за грошы зь вяртаньня тавараў на Wildberries як за «даход з-за мяжы»

Папулярная сетка крамаў Wildberries працуе ў Беларусі як расейская кампанія. Калі яна пералічвае беларусу грошы, у падатковай інспэкцыі могуць узьнікнуць пытаньні. Але нічога незаконнага ў вяртаньні тавараў з Wildberries няма.

Менскі бізнэсовец Мікіта Ўсьціновіч заўважыў, што пры стварэньні электроннай падатковай дэклярацыі вяртаньне грошай за тавары з Wildberries залічваецца ў даходы з-за мяжы. Партал Tut.by распытаў пра гэта падатковую кансультантку Марыну Грыгарчук.

Чаму падатковая можа лічыць гэта «даходам з-за мяжы»

У крамах Wildberries прынятая такая схема працы: за тавар, замоўлены праз інтэрнэт, просяць перадаплату, а калі тавар не пасуе, вяртаюць грошы пакупніку на картку. Але зь мінулага году кампанія працуе ў Беларусі як расейскае, а не беларускае ТАА «Вайлдберриз», і фактычна прымае або вяртае аплату ў расейскіх рублях, а не ў беларускіх.

Падатковая інспэкцыя ня ведае, за што менавіта расейская кампанія дае грошы беларусу, а толькі ведае ад банкаў, у які дзень якая сума прыйшла на картку падатковага рэзыдэнта.

Ці трэба плаціць «падатак на Wildberries»?

Не, за вяртаньне тавару ня трэба плаціць падатак. Таксама ня трэба ўносіць такія апэрацыі ў падатковую дэклярацыю.

Але калі падатковая інспэкцыя сама зацікавіцца «невядомым» ёй пераводам грошай, то можа спытаць доказы таго, што гэта было менавіта вяртаньне сродкаў. На такі выпадак лепей захоўваць папяровы або электронны чэк.

Што будзе, калі чэк не захаваўся, падатковая інспэкцыя не тлумачыла. Пра выпадкі, калі не пазначанае ў дэклярацыі вяртаньне грошай палічылі «ўхіленьнем ад сплаты падаткаў», не паведамлялася.