Пракурор запатрабаваў пакараць 16-гадовага Мікіту Залатарова 6 гадамі калёніі за «масавыя беспарадкі»

Мікіта Залатароў у судзе

17 лютага ў судзе Чыгуначнага раёну Гомля прайшлі спрэчкі бакоў у крымінальнай справе, адзін зь фігурантаў якой — 16-гадовы Мікіта Залатароў. Разам зь ім судзілі 28-гадовага Леаніда Кавалёва і 25-гадовага Дзьмітрыя Карнеева.

Іх абвінавацілі ва ўдзеле ў масавых беспарадках, гвалце над міліцыяй, незаконных дзеяньнях з гаручымі рэчывамі («кактэйлі Молатава»), а Леаніда Кавалёва — яшчэ і ва «ўцягваньні непаўналетняга ў супрацьпраўныя паводзіны».

Пракурор Яўген Фартушняк выказаўся, што віна Кавалёва, Карнеева і Залатарова даказаная ў судзе. Ён прасіў пакараць Леаніда Кавалёва пазбаўленьнем волі на 7 гадоў, Мікіту Залатарова — 6 гадамі выхаваўчай калёніі, Дзьмітрыя Карнеева — 8 гадамі калёніі.

Усе трое, па словах пракурора, адрэагавалі на заклікі з Telegram-каналаў і таму ўзялі ўдзел у «масавых беспарадках», якія суправаджаліся «пагромамі, падпаламі, збройным супрацівам прадстаўнікам улады».

Пракурор зазначыў, што Кавалёў спрабаваў «наўмысна правесьці відэазапіс», каб потым разьмясьціць яго ў інтэрнэце з «мэтай прапаганды злачыннай дзейнасьці». Абвінавачаныя «дзейнічалі сумесна і ўзгоднена, і ўчынілі пагрозу гвалту над супрацоўнікамі міліцыі праз помсту за выкананьне службовай дзейнасьці».

Пракурор зазначыў на судзе, што на вядомым Telegram-канале, «які нельга называць», 10 жніўня былі разьмешчаныя заклікі да масавых беспарадкаў. Карнееў, паводле зьвестак экспэртызы, агучаных пракурорам, пакутуе на «эмацыйна няўстойлівы разлад асобы». Залатароў мае «несацыялізаваны разлад асобы». Але яны маглі даваць рады сваім дзеяньням і кіраваць імі.

Залатароў хварэе на эпілепсію, заяўляе пра пабоі ў міліцыі і СІЗА

16-гадовы Мікіта Залатароў хварэе на эпілепсію. Ягоны бацька расказваў журналістам, што Мікіту білі ў міліцыі і СІЗА. На гэта адвакат падаваў скаргу, але органы не знайшлі складу злачынства. Мікіта заявіў на судзе, што яго білі ня толькі ў жніўні, але і 29 сьнежня ў гомельскім СІЗА.

Спачатку на судзе падлетак адмовіўся ад паказаньняў. Затым зьмяніў сваю пазыцыю і расказаў сваю вэрсію падзей 10 жніўня. Паводле непаўналетняга, «кактэйлі Молатава» прынёс у цэнтар Гомля Дзьмітры Карнееў. Ён плянаваў іх выкарыстаць супраць міліцыі, адну з бутэлек даў Мікіту. Падлетак заявіў, што не зьбіраўся выкарыстоўваць «кактэйль Молатава» і выкінуў бутэльку па дарозе дахаты. Таксама Мікіта заявіў на судзе, што яму ў СІЗА не даюць таблетак.

«Канваір сказаў: „Ты палітычны, здохнеш“», — казаў непаўналетні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мама, я хачу дахаты!» Гісторыя хлопца з разумовай адсталасьцю, якому прысудзілі 2 гады калёніі за «беспарадкі»

Што гавораць іншыя фігуранты

Леанід Кавалёў сьцьвярджаў, што «кактэйлі Молатава» прынёс у цэнтар гораду Дзьмітры Карнееў. Кавалёў нібыта адгаворваў яго гэта рабіць.

Дзьмітры Карнееў казаў на судзе, што «кактэйлі Молатава» прынёс Леанід Кавалёў. Ён прадставіўся хлопцам як адміністратар суполкі ў сацыяльных сетках «ЧП Гомель» і прапанаваў кінуць бутэлькі, каб зьняць эфэктнае відэа для сацыяльных сетак.

Па вэрсіі сьледзтва, менавіта Леанід Кавалёў зрабіў «кактэйлі Молатава», прынёс у цэнтар гораду і прапаноўваў Карнееву і Залатарову выкарыстаць іх супраць міліцыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень 2020 – люты 2021. Мы сьведкі. „Паглядзела яго картку і ўбачыла месца працы — АМАП“. АБНАЎЛЯЕЦЦА
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Падлетку прысудзілі 2 гады калёніі за «масавыя беспарадкі» і «гвалт над міліцыяй»

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.