«Для мяне было б неганарова выдаць кніжку пад эгідай Саюзу пісьменьнікаў». Рэдактарка «Маладосьці» пра сваё звальненьне

Сьвятлана Воцінава, 2019

Ян Максімюк размаўляе зь Сьвятланай Воцінавай, да нядаўняга часу галоўнай рэдактаркай літаратурна-мастацкага штомесячніка «Маладосьць».

Сьвятлана Воцінава сьцісла:

  • Маё звальненьне з «Маладосьці» адбылося як вынік «цкаваньня» з боку Саюзу пісьменьнікаў Беларусі.
  • Мы не друкавалі ў «Маладосьці» таго, што прыносілі графаманы зь білетам пісьменьніцкага саюзу.
  • Саюзу пісьменьнікаў не падабалася, што мы ўвялі ўзроставы цэнз для аўтараў прозы і паэзіі ў часопісе.
  • Я ніколі не ўступала ў Саюз пісьменьнікаў Беларусі.
  • Пасьля звальненьня я адчула сябе свабодным чалавекам.
  • Саюз пісьменьнікаў Беларусі — прывідная арганізацыя, і я не разумею ход думак маладых, якія туды запісваюцца.

— Нядаўна СМІ паведамілі, што вас звольнілі з пасады галоўнага рэдактара часопіса «Маладосьць». Калі не сакрэт, скажыце, чаму вас звольнілі? І хто канкрэтна звальняе з гэтай пасады — Міністэрства інфармацыі, кіраўніцтва выдавецкага дому «Звязда»?

— Калі чыста тэхнічна, то звальняе працадаўца — выдавецкі дом «Звязда». Але пасада галоўнага рэдактара літаратурна-мастацкага часопіса — гэта пасада, якая ўзгадняецца зь міністрам інфармацыі. Працадаўца проста ўладкоўвае на працу, таму заяву прыняць на працу ці звольніць з працы мы пішам не на імя міністра, а на імя дырэктара выдавецкага дому «Звязда».

У маім выпадку мне прапанавалі напісаць заяву аб звальненьні па згодзе бакоў. Так што гэта не было звальненьне з фармулёўкай за нейкія там правіны. Тут мне абавязкова трэба сказаць, што дырэктар выдавецкага дому «Звязда» — не крыважэрны начальнік. Ён ня мае да гэтай бруднай справы такога ўжо дачыненьня.

Справа ў тым, што на працягу ўсіх дзевяці гадоў маёй працы — я працавала ў «Маладосьці» са студзеня 2012 году — нада мною вісела пагроза звальненьня з гэтай пасады. Таму для мяне гэта не было ні шокам, ні нечаканасьцю. Таму што я за гэты час прызвычаілася трываць розныя ўдары з таго боку — менавіта з боку Саюзу пісьменьнікаў Беларусі.

«Цкаваньне»

— Што ім не падабалася?

— Гэта было такое паляваньне, тут абсалютна падыходзіць слова «цкаваньне». Уявіце сабе — на міжнароднай кніжнай выстаўцы ў Менску прадстаўнік Саюзу пісьменьнікаў Беларусі, убачыўшы мяне, пачынае крычаць на ўвесь павільён: «Глядзіце! Гэта вораг беларускай літаратуры! Зь ёю нельга працаваць!». І ўсё толькі праз тое, што яго твор не надрукавалі.

Скажу адкрыта. Мы не друкавалі таго, што прыносілі графаманы, людзі, якія былі ўпэўненыя ў сваёй геніяльнасьці. Звычайна такі «геній», калі яму адмаўляюць, піша скаргу. І калі такі «геній» мае пасьведчаньне саюзу пісьменьнікаў, то ён лічыць, што гэта аўтаматычна дае яму гарантыю, што ён павінен быць надрукаваны ў часопісе, сузаснавальнікам якога зьяўляецца саюз пісьменьнікаў. А мы ў рэдакцыі не глядзелі ні на рэгаліі, ні на членства ў саюзе пісьменьнікаў, адным ці другім, а глядзелі на якасьць тэксту… Час ад часу мне даводзілася пісаць тлумачальныя запіскі ў міністэрства як адказ на такія скаргі… Я не скажу, што гэта датычыць усіх у Саюзе пісьменьнікаў Беларусі, але там прынялі шмат тых, каго пісьменьнікамі лічыць нельга і немагчыма. Але, уступіўшы ў саюз пісьменьнікаў, яны лічаць — што б яны ні напісалі, усё павінна быць надрукавана…

Нам нецікавыя былі творы накшталт «вытворчых раманаў» савецкага часу. Увогуле, мы кіраваліся прынцыпам, што «Маладосьць» — часопіс для моладзі, таму трэба друкаваць тое, што цікава моладзі, а не падладжвацца пад густы людзей сталага веку. Гэтага таксама не маглі зразумець у кіраўніцтве саюзу пісьменьнікаў, у якім моладзі як такой няма…

«Узроставы цэнз»

— Вы не друкавалі «людзей сталага веку» ў «Маладосьці»?

— Пачынаючы з кастрычніка 2017 году мы ўвялі ўзроставы цэнз на блёкі «Проза» і «Паэзія» — аўтары павінны былі мець ня больш чым 35 гадоў. Гэта таксама магло быць прычынай майго звальненьня, за гэта мяне крытыкавалі. Крытыка, публіцыстыка, пераклады — тут не было ўзроставага абмежаваньня. А вось проза і паэзія павінны быць абавязкова маладыя. Гэта дало сьмеласьць нашым маладым аўтарам, калі яны ўбачылі, што гэта часопіс менавіта для іх.

Ведаеце, быў пэрыяд, калі часопіс «Маладосьць» нічым, акрамя назвы, не адрозьніваўся ад часопіса «Полымя», таксама клясычнага літаратурнага выданьня. Трэба было стварыць гэтую розьніцу, і ва ўзростах аўтараў, і ў самой будове часопіса. Калі раней «Маладосьць» адкрывалі або проза, або паэзія, а ў другой палове ішлі крытыка і публіцыстыка, то цяпер часопіс адкрывае калюмністыка — яркія маладыя аўтары, хлопцы і дзяўчаты, выступаюць штомесяц у сваіх калёнках. Самая яркая публіцыстыка цяпер пачынае кожны нумар. Далей ужо ідуць проза і паэзія, потым пераклады, потым літаратурная публіцыстыка і крытыка. І гэтая перабудова часопіса не падабалася. Мне няёмка вам гаварыць пра такія дробязі, але і гэта крытыкавалася…

Што яшчэ магло паслужыць прычынай звальненьня? Тое, што я не хацела ўступаць у Саюз пісьменьнікаў Беларусі. Ніколі не хацела ўступаць, хоць некалькі разоў мне гэта прапаноўвалі — маўляў, гэта нонсэнс, што чалавек, які ўзначальвае літаратурна-мастацкі часопіс, у якога сузаснавальнік — саюз пісьменьнікаў, не ўваходзіць у гэты саюз. Але ў мяне ўвогуле такое стаўленьне да саюзаў, якія б яны ні былі. Чалавек сам па сабе павінен быць нечага варты, а ня толькі таму, што ён член саюзу пісьменьнікаў. Бачыце, якую шкоду прыносіць тое, калі чалавек атрымлівае «корачку» саюзу пісьменьнікаў і лічыць, што гэта яму адкрывае дарогу ў літаратуру. Гэта падман і самападман…

«Мэнэджар»

— Вы не ўступілі ў Саюз пісьменьнікаў Беларусі і пратрымаліся на пасадзе рэдактаркі «Маладосьці» дзевяць гадоў?

— Мяне ўвесь час бараніла кіраўніцтва выдавецкага дому «Звязда», якое ўсё ж такі разумела, — хоць таксама да пэўных ідэй ставілася насьцярожана, — што для гэтага, што я рабіла, мяне ў прынцыпе і запрасілі на працу ў «Маладосьці». Калі я спытала — чаму вы ня возьмеце на гэтую пасаду пісьменьніка ці філёляга, як гэта было заўсёды ў гісторыі часопіса «Маладосьць» ці любога іншага літаратурнага часопіса, чаму вы хочаце чалавека з глянцавага часопіса? — мне сказалі, што цяпер у літаратурным часопісе і ў літаратуры ўвогуле патрэбныя мэнэджары, а не пісьменьнікі за стырном часопіса. Гэты адказ мне падаўся сымпатычным, і толькі гэта, напэўна, мяне пераканала пайсьці працаваць у «Маладосьць»…

«Пазбавілася ад вялікага прыгнёту»

— Звальненьне моцна ўскладніла ваша жыцьцё? Можа, аблягчыла? Чым вы цяпер намераны займацца?

— Яно не ўскладніла маё жыцьцё. Я заўсёды была гатовая да такога разьвіцьця сытуацыі. І часам думала — а як я буду сябе адчуваць пасьля звальненьня? Можа, мне будзе крыўдна да сьлёз? Сорамна перад некім? Але я зразумела, што падсьвядомасьць мудрэйшая, чым сьвядомасьць. І ў першую раніцу свайго свабоднага дня я прачнулася з такім вельмі добрым настроем і адчула, што я пазбавілася ад вялікага прыгнёту: я свабодны чалавек, і мне нават лягчэй перамяшчацца па кватэры, як бы нейкія крылы зьявіліся…

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каханьне ў час рэвалюцыі. Што кажуць маладыя беларускія паэты

Так, я страціла калектыў, у якім мы ўсе былі аднадумцамі. Але я зразумела, што я пазбавілася ад цяжару, які суправаджаў гэтую працу, ад гэтага маральнага прыгнёту, ад гэтых усіх невырашальных праблем, ад таго, што немагчыма ўтрымаць тыражы… А тыражы ўтрымаць немагчыма, бо як іх утрымаць, калі скарачаюцца бібліятэкі ва ўсёй краіне, калі скарачаецца фінансаваньне бібліятэк, калі адукацыя такая, што студэнт першага курсу філфаку ня ведае, якія існуюць беларускія літаратурныя часопісы, і мне трэба прыходзіць на першы курс і расказваць, якія яны ёсьць… Для мяне, выпускніцы савецкай школы, гэта нонсэнс, што на філфак ідуць людзі, якія да гэтага не цікавіліся літаратурнымі часопісамі… Так, цяпер я пазбавілася ад таго ўсяго, што ціснула…

І потым яшчэ, у свой апошні працоўны дзень, я атрымала столькі лістоў на сваю паштовую электронную скрыню і тэлефанаваньняў са словамі чалавечай удзячнасьці, любові і цеплыні, што я плакала ад гэтай рэакцыі людзей на падзею ў маім жыцьці, а не ад таго, што гэтая падзея адбылася ў маім жыцьці… Разам з гэтымі тэлефанаваньнямі і лістамі я атрымлівала і прапановы новай працы. І так атрымліваецца, што вось ужо на наступным тыдні я выходжу на працу. Маё беспрацоўе працягнулася менш чым тыдзень…

— Шчасьця нельга палохаць ці сурочыць, таму я не запытаю вас, дзе канкрэтна вы ўладкаваліся на новую працу. Але скажыце хоць тое, ці дзяржаўная гэта пасада?

— Мая новая праца зьвязаная зь літаратурай, з гісторыяй, якую я таксама люблю. І з гэтай прычыны я шчасьлівая. Гэта не дзяржаўная структура. І ад гэтага я таксама шчасьлівая, таму што ў недзяржаўнай структуры лягчэй правесьці ўсе свае ідэі і самарэалізавацца. Я і раней працавала ў недзяржаўных структурах, і калі прыйшла працаваць у дзяржаўны часопіс, то вельмі доўга не магла прызвычаіцца да таго парадку працы, для мяне ўсё там было дзікім…

«Запатрабаванасьць»

— Скажыце, які цяпер наклад «Маладосьці» ў папяровым выданьні?

— Папяровае выданьне ёсьць. Але за апошні год яно моцна-моцна страціла ў тыражы. Тыраж апошняга, студзеньскага нумару — 671 экзэмпляр. Мне як рэдактару павінна быць сорамна называць гэтую лічбу, і мне няёмка ўвесь час, што так падаў гэты наклад, але ўтрымаць яго было немагчыма, што толькі ні рабі. Аднак я зразумела адну рэч: запатрабаванасьць часопіса і наклад часопіса — цяпер не адно і тое самае, як гэта было раней. Наклад часопіса падаў, а запатрабаванасьць яго ў розных праектах і конкурсах, у супрацоўніцтве з рознымі арганізацыямі і ўстановамі, з моладзьдзю, — гэта ўвесь час нарастала. У 2012 годзе такога не было, гэта зьявілася нашмат пазьней.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выдавец Кандрусевіч-Шыдлоўская: «Свабодная дзіцячая літаратура можа нараджацца толькі ў свабоднай краіне»

«Чорная сіла»

— Вы адпрацавалі ў «Маладосьці» дзевяць гадоў, то бок пайшлі туды, калі ня толькі ўжо фактычна абрысаваўся, але і юрыдычна аформіўся падзел на пісьменьнікаў, якія засталіся ў Саюзе беларускіх пісьменьнікаў, і на тых, якія «пайшлі да Чаргінца», у прадзяржаўны Саюз пісьменьнікаў Беларусі. Які ваш асабісты погляд на гэтую арганізацыйную дыхатамію? Хто тут мае рацыю, кажучы проста з моста?

— Я ўжо крыху абазначыла сваё стаўленьне да саюзаў. Як тут сказаць? Безумоўна, Саюз беларускіх пісьменьнікаў, які мае карані ў савецкім часе, больш сымпатычны, ці, як вы кажаце — мае больш рацыі. Яго існаваньне яшчэ і абумоўленае тым, што яны ўсё ж такі зьдзяйсьняюць праекты, якія маюць сапраўды нейкую вагу і карысьць, як я назіраю.

А новаўтвораны саюз — як усё, што ўтвараецца, каб стварыць канфрантацыю — гэта нейкі момант чорнай сілы, калі можна так сказаць. Увогуле, гэта абсалютна прывідная арганізацыя, якая, па сутнасьці, ні на што не ўплывае, хіба толькі каб нарабіць шкоды. Але прывіды, мы ведаем, якраз і робяць шкоду… А так — гэта тое, чаго няма. Добрыя пісьменьнікі пасыходзілі з гэтага саюзу. Я не разумею, што трымае тых, хто там яшчэ застаецца з добрых пісьменьнікаў.

І я не разумею моладзі, якая туды ўступае. Яна яшчэ не разабралася. Для яе гэта, пэўна, нейкі знак прызнаньня. Што, на самой справе, ня так…

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паэтка Юлія Цімафеева пра кнігу, якую (пакуль) немагчыма напісаць па-беларуску

— Вы думаеце, што моладзь сапраўды не разьбіраецца, куды яна ўступае?

— Тады я не разумею, якім чынам ідуць думкі ў гэтай моладзі…

— Ці ня думаеце, што тут сваю ролю можа адыгрываць — як тут сказаць? — матэрыяльна-фінансавы момант? Пісьменьнікам у гэтым саюзе ёсьць дзяржаўная падтрымка, і такі малады чалавек, магчыма, думае, што яму будзе лягчэй выдаць кніжку?

— Магчыма, маеце рацыю. Магчыма, я буду занадта жорсткая і я каго-небудзь пакрыўджу сваімі словамі, але ўсё ж такі не магу не сказаць: для мяне было б неганарова выдаць сваю кніжку пад эгідай Саюзу пісьменьнікаў Беларусі…

«Нельга было не баяцца гэтага»

— На заканчэньне я задам вам асабістае пытаньне. Я ня ведаю, што пра вас думаюць вашы блізкія знаёмыя і сябры, але некаторыя людзі звонку могуць падумаць, што вы, адпрацаваўшы столькі часу ў дзяржаўнай структуры, можаце падзяляць нейкія ідэі гэтай структуры ці нейкія яе ідэалягічныя ўстаноўкі. Вас не бянтэжыла тое, што падчас гвалту, які ўлады тварылі на вуліцах і ў дварах у адносінах да пратэстоўцаў у Беларусі летась, Саюз беларускіх пісьменьнікаў заняў адназначна ясную пазыцыю і асудзіў гэты гвалт, а Саюз пісьменьнікаў Беларусі фактычна прамаўчаў тыя зьдзекі над беларусамі? Як вы лічыце — у такой сытуацыі беларускі пісьменьніцкі саюз павінен заставацца «апалітычным» і не выказвацца на гэтую тэму?

— Ведаеце, я лічу, што гэта ўжо не палітыка, а грамадзянская справа кожнага чалавека — заняць нейкую пазыцыю, тую ці іншую. У любым выпадку заставацца ўбаку зусім нельга. У сувязі з гэтымі пратэстамі і гвалтам я зусім ня думала пра саюз пісьменьнікаў. Зрэшты, я ніколі ня думала пра яго сур’ёзна.

Што тычыцца маіх асабістых душэўных пакутаў і перажываньняў падчас выбараў, да выбараў і пасьля іх, калі ўсё тое, што нарывала, прарвала — то я ня ведала, як мне ў такі час працаваць у дзяржаўным выданьні, у дзяржаўным СМІ. Першае памкненьне было такое, каб на наступны дзень пасьля выбараў, 10 жніўня, напісаць заяву на звальненьне з «Маладосьці». Але далей я пачала разважаць: я напішу такую заяву, яшчэ нехта з рэдакцыі напіша, і што будзе з часопісам?

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Рэчы, якія варушацца ў душы». Андрэй Хадановіч пра новыя вершы і пераклады

Ня факт, што пачалі б шукаць новага рэдактара, новую рэдакцыю. Магло б адбыцца тое самае, што з Купалаўскім тэатрам. Нельга было не баяцца гэтага. Я разумею, што гэта, можа, занадта саманадзейна, што мы занадта высокай думкі пра сябе — маўляў, калі б ня мы, то ніхто не працаваў бы далей, але як гэтага не баяцца?

Я засталася працаваць, але мне ўсё роўна трэба было падкрэсьліць сваю пазыцыю. І 15 жніўня я папрасіла сваіх сяброў, каб яны распаўсюдзілі мой адкрыты пратэставы ліст у сацыяльных сетках, паколькі я імі прынцыпова не карыстаюся. Я папрасіла, каб яны агучылі маю пазыцыю, таму што іначай мне было б вельмі няёмка і сорамна працаваць.

Я напісала, што я супраць таго, што прафэсіяналізм цяпер не патрэбны, а патрэбнае такое бяздумнае паслухмянства; я супраць таго, што беларуская мова выкарыстоўваецца ўладамі толькі для таго, каб абразіць… Калі я так выказалася, тады я трохі супакоілася і зразумела, што я правільна паступіла, калі не сышла. Але я была вельмі-вельмі блізкая да гэтага.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Каб выказаць нашу салідарнасьць». У Польшчы выдалі анталёгію сучаснай беларускай літаратуры