Андрэй Хадановіч сьцісла:
- Стыпэндыя, на якой я цяпер, прызначаная адмыслова для беларускіх літаратараў, каб яны маглі крыху адпачыць у Краснагрудзе і прысьвяціць сябе выключна літаратурным справам. Я другі бэнэфіцыяр, першай стыпэндыяткай напрыканцы мінулага году была Ганна Янкута.
- Сёньня нельга цалкам ізалявацца ад сьвету, нават у Краснагрудзе. Праз ZOOM я праводзіў майстар-клясы з маладымі літаратарамі ў Менску, чытаў лекцыю для маладых музыкаў, вёў унівэрсытэцкія заняткі і нават прымаў іспыты.
- Але ў Краснагрудзе я ўсё-ткі жыву паводле іншага календара і працоўнага часу, чым у Менску. Бывала, заседжваўся да 3-й гадзіны ночы.
- У Краснагрудзе я разьбіраў з маладымі літаратарамі свой пераклад «каляднага верша» Іосіфа Бродзкага, які зрабіў за некалькі дзён да стыпэндыі.
- Пераклаў апошні верш Уладзіміра Высоцкага. Магчыма, з маіх перакладаў Высоцкага ў будучыні зьбярэцца маленькая анталёгія.
- Анталёгія сучаснай беларускай літаратуры «Wschód wolności», якая нядаўна выйшла ў Польшчы, гэта насамрэч суб’ектыўны зборнік, у якім адбіўся густ перш за ўсё дваіх перакладчыкаў — Богдана Задуры і Малгажаты Бухалік.
- Расейскамоўны паэт Дзьмітры Строцаў, які трапіў у польскую анталёгію, трапіў туды абсалютна справядліва. Ён — беларускі паэт. Я рыхтую беларускія пераклады для заплянаванай кнігі Дзьмітрыя Строцава.
- На стыпэндыі мне напісаўся верш пра «дыялёг двух Мілашаў», які пачынаецца радком «У Чарэі вечарэе».
Уладзімір Высоцкі ў перакладзе Андрэя Хадановіча:
***
Уверсе й долу – лёд: паміж гібею.
Праб’юся ўгору? Прасьвідрую ніз?
Найлепш — наверх, каб не згубіць надзею,
А там — да справаў, у чаканьні віз.
Лёд нада мною, надламіся, трэсьні!
Я ў поце, як руплівец на жніве…
К табе вярнуся караблямі зь песьні,
І кожны верш забыты ажыве.
Жыву менш за паўвека — сорак зь нечым, —
Сагрэты Збаўцам і цяплом тваім.
Мне ёсьць што сьпець, устаўшы перад Вечным,
Мне ёсьць чым апраўдацца перад Ім.
11 чэрвеня 1980
Дзьмітры Строцаў у перакладзе Андрэя Хадановіча:
*
беларусь перакуленая
прабеглым узводам
па зямлі расьцякаецца
кроў
24.09.2020
*
пчолы ўпэўненыя
казаў Талстой
што яны для сябе зьбіраюць мёд
а насамрэч
яны апыляюць сад
беларусы думаюць
кажа Хрыстос
што яны зьбіраюць свой край
а насамрэч
сабой загойваюць сьвет
13.11.2020
Новыя вершы Андрэя Хадановіча:
* * *
У Чарэі вечарэе,
ноч над Сэйнамі ўстае.
Вершы Мілашаў Андрэю
будуць сьніцца, як свае.
Над Царквою Белай ветах
стаў, як вартавы ўначы.
Ходзяць вершы па сусьветах
і сьпяваюць, ідучы.
Проста з возера сузор’і
ў два каўшы пілі сьвятло.
Памянялася надвор’е —
і сузор’і замяло.
Кніга сьнегу — і заечы
сьлед, як дарчы надпіс там.
Дзяцел трохі недарэчы
грукае анапэстам.
Не пытайся, дзе і хто ты,
бо ў нябёсах не да нас:
проста ў белыя сумёты
зь неба выпадае час.
Помніш, у Гародні — льдзіны?
Пачынаўся крыгаход…
Напісаў за паўгадзіны,
а мінула дваццаць год.
Глуха, людзі, ў Краснагрудзе,
і ў Чарэі ні душы.
Іншых Мілашаў ня будзе,
прачынайся — і пішы.
19.01.2021, Краснагруда
* * *
Памяць блытае сьцежкі,
вабіць на тонкі лёд.
Лепіць з аблокаў сьнежкі,
цэлячы ў твой самалёт.
Дражніць. Драпае. Глючыць.
Кашляе давідна.
— Больш ня будзе балюча?
— Будзе, — кажа яна.
З намі ў кожным дакоры —
імі паўзьверх турмы
дыхаюць на ўсе зоры
поўныя грудзі зімы.
З намі ў бальнічных чэргах.
З роднымі лічыць дні.
Вучыць на саўндчэках
крыку і цішыні.
Мае ключы й паролі.
Сьмерць абжывае ў сьне.
– Мы не памрэм? Ніколі?
Абяцае, што не.
21.01.2021, Краснагруда
* * *
Калі дажывем да адлігі
і трапіць шампанскае ў кадр, —
чытаць будзем лепшыя кнігі,
хадзіць у сапраўдны тэатр.
Загояцца шнары і раны,
закончацца ганьба і трэш.
Расхлёбвае кашу абраны —
той/тая, каго абярэш.
Мільгне навіна-бліскавіца:
за ўсё атрымаў ліхадзей.
І едуць турысты дзівіцца
на неверагодных людзей.
Выгнанцы — адкрыта мяжа ім! —
вяртаюцца валам сюды.
І самі сябе паважаем,
бо выстаялі ў халады.
Зноў бачыць фэміда сьляпая,
праслаўлены кожны герой.
…Ды ўсё-ткі чагось не хапае,
па чымсьці сумуем парой.
Даўно прышчапілі заразу,
ня чуем гранатаў і куль.
…Схаваўшы нянавісьць пакуль
ля сэрца, да іншага разу.
23.01.2021, Краснагруда