Амбасады ЗША, Вялікай Брытаніі і Швэйцарыі, а таксама прадстаўніцтва Эўразьвязу ад імя ўсіх дзяржаваў ЭЗ прынялі супольную заяву ў сувязі зь ператрусамі і затрыманьнямі праваабаронцаў, журналістаў і прафсаюзных актывістаў, якія адбыліся 16 студзеня.
У заяве гаворыцца:
Беларускія ўлады працягваюць узмоцнены перасьлед грамадзянскай супольнасьці краіны. Гэта павінна спыніцца. Улады перасьледуюць праваабаронцаў, супрацоўнікаў СМІ, прадстаўнікоў прафсаюзаў і адвакатаў. Учора па ўсёй краіне прайшлі ператрусы ў дамах і офісах сама меней трыццаці актывістаў, у тым ліку праваабарончага цэнтру «Вясна» і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Гэта непрымальна.
Беларусаў перасьледуюць за рэалізацыю іх фундамэнтальных правоў падчас мірных пратэстаў супраць выбараў у жніўні 2020 году, якія не былі ні свабоднымі, ні справядлівымі, і супраць жорсткасьці з боку праваахоўных органаў, якая працягваецца.
Адбыліся сотні палітычна матываваных судовых працэсаў. Беларусаў пазбаўляюць самых базавых правоў, уключаючы права на справядлівы судовы разбор і права на чалавечнае абыходжаньне ў зьняволеньні.
Мы працягнем каардынаваць нашы меры ў дачыненьні да сытуацыі з правамі чалавека ў краіне. Мы заклікаем беларускія ўлады неадкладна і безумоўна вызваліць усіх адвольна затрыманых. Толькі дэмакратыя, павага да правоў чалавека, вяршэнства права і свабодныя і справядлівыя выбары, якія паважаюць дэмакратычную волю народу Беларусі, могуць гарантаваць стабільную, сувэрэнную і квітнеючую будучыню Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Далейшыя санкцыі будуць прынятыя аднагалосна». Эўразьвяз адрэагаваў на ператрусы ў праваабаронцаў і журналістаў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Эўропе і сьвеце заклікалі ўлады Беларусі спыніць наступ на журналістаў і праваабаронцаў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ператрусы ў журналістаў і праваабаронцаў, сьледчыя шукаюць доказы «фінансаваньня пратэстаў»