Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн лічыць праект газаправоду «Паўночны паток – 2» няўдалым пагадненьнем для Эўропы і разглядае пытаньне аб неабходнасьці санкцый для яго спыненьня, заявіла прэсавая сакратарка Белага дому Джэн Псакі падчас брыфінгу для прэсы. Пра гэта інфармуе «Голас Амэрыкі».
Адміністрацыя Байдэна праводзіць аналіз праекту трубаправоду, якім плянуецца пастаўляць газ з Расеі ў Нямеччыну. Па словах Псакі, прэзыдэнт выразна даў зразумець, што лічыць праект «кепскай угодай для Эўропы».
Размаўляючы з журналістамі, Псакі таксама расказала, што Белы дом падтрымлівае ідэю стварэньня адмысловай камісіі для расьсьледаваньня беспарадкаў у Капітоліі 6 студзеня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Reuters: Дзярждэпартамэнт ЗША папярэдзіў кампаніі пра санкцыі ў сувязі з «Паўночным патокам — 2»Сьпікер Палаты прадстаўнікоў ЗША Нэнсі Пэлосі заявіла ў панядзелак, што заканадаўцы створаць незалежную камісію для вывучэньня «фактаў і прычынаў» штурму Капітолія прыхільнікамі экс-прэзыдэнта Дональда Трампа.
«Прэзыдэнт Байдэн ясна выклаў свой погляд на трагічныя падзеі, якія адбыліся 6 студзеня, — нагадала Псакі. — Ён падтрымлівае спробы праліць сьвятло на факты, з тым каб такое больш ніколі не паўтарылася».
Прэсавая сакратарка Белага дому дадала, што адміністрацыя працягне працаваць з Кангрэсам над тым, каб вызначыць меры, неабходныя для прадухіленьня паўтарэньня гвалту, які меў месца 6 студзеня.