Інтэрвію Лінднэра часопісу Der Spiegel цытуе «Нямецкая хваля».
Па словах кіраўніка партыі, «пакуль у Расеі парушаюцца асноўныя правы чалавека і грамадзяніна, мы ня можам весьці зь ёй справы як звычайна». Лінднэр падкрэсьліў, што Нямеччыне ня варта прынцыпова адмаўляцца ад праекту, але яна павінна абвясьціць мараторый на яго дабудову ў чаканьні рэакцыі расейскіх уладаў.
Палітык таксама зьвярнуў увагу на тое, што для запуску газаправоду неабходна атрымаць ад Масквы гарантыі энэргетычнай бясьпекі, у тым ліку і для Ўкраіны. «Калі Масква перакрые Ўкраіне газавы кран, то гэта павінна аўтаматычна мець наступствы для паставак газу па «Паўночным патоку — 2» . Гэта выключыць спробы аднабаковага шантажу з боку Масквы, у той жа час мы захаваем важнае супрацоўніцтва ў сфэры энэргетыкі», — прыводзіць «Нямецкая хваля» словы Лінднэра.
У Нямеччыне працягваюцца дыскусіі аб мэтазгоднасьці дабудовы газаправоду, які гатовы ўжо больш як на 90%, — у сувязі з пагрозай санкцыяў ЗША, а таксама ў сувязі з унутранай і зьнешняй палітыкай Масквы. Супраць «Паўночнага патоку — 2» выступае партыя Зялёных — яна, як і Свабодная дэмакратычная партыя, знаходзіцца ў апазыцыі. Партыі кіроўнай кааліцыі афіцыйна падтрымліваюць праект, сьцьвярджаючы, што палітычная сытуацыя, у прыватнасьці вакол Аляксея Навальнага, не павінна адбіцца на яго рэалізацыі. Аднак галасы супраць рэалізацыі праекту раздаюцца ўсё гучней.
СМІ раней паведамлялі, што ў атачэньні новага прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна абмяркоўваецца магчымасьць прапанаваць Нямеччыне замарозіць праект у абмен на замарожваньне санкцыяў супраць яго і правесьці дыскусіі аб энэргетычнай бясьпецы Эўропы, па выніках якіх прыйсьці да згоды адносна далейшага лёсу праекту.
Злучаныя Штаты неаднаразова раней заяўлялі, што хочуць сарваць дабудову газаправоду пры дапамозе санкцый. Нядаўна былі ўведзеныя першыя санкцыі, якія закранулі расейскія караблі і кампаніі, якія ўдзельнічаюць у будаўніцтве.
Нямеччына пярэчыла супраць санкцыяў, падтрыманых ранейшай адміністрацыяй Дональда Трампа. Джо Байдэн таксама выступае супраць газаправоду, у той жа час ён неаднаразова заяўляў пра намер вярнуцца да саюзьніцкіх адносінаў зь Нямеччынай і вырашаць пытаньні зь ёй шляхам дыялёгу.
ЗША і шэраг краінаў ЭЗ выступаюць супраць «Паўночнага патоку — 2», сьцьвярджаючы, што ён узмоцніць залежнасьць Эўропы ад газавых паставак з Расеі, што можа стаць прыладай шантажу ў руках Масквы.