Хацелі абвінаваціць у «гвалце супраць супрацоўніка органаў унутраных спраў», але не знайшлі пацярпелага.
Судзьдзя Анжэла Касьцюкевіч у судзе Заводзкага раёну Менску прызнала Андрэя Папова вінаватым ва «ўдзеле ў масавых беспарадках» (ч.2 арт. 293 КК РБ) і прысудзіла яму пяць гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму, перадае Праваабарончы цэнтар «Вясна». Таксама Папова абавязалі выплаціць звыш 1220 рублёў судовых выдаткаў.
Што вядома пра справу Папова:
- Яго затрымалі 9 жніўня 2020 году ў Менску на акцыі пратэсту пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, тры дні трымалі ў ізалятары ў Жодзіне, пасьля вызвалілі, зноў затрымалі 1 верасьня.
- Мужчына прызнаў, што ішоў на мірны пратэст, а таксама што пагражаў гвалтам невядомаму без апазнавальных знакаў з амуніцыяй, падобнай да міліцэйскай, у чым пакаяўся. У той жа час пацярпелых у справе няма, а дзяржаўны абвінаваўца адмовіўся ад абвінавачаньня ў «гвалце».
- 9 жніўня пацярпеў сам Папоў: яму ў нагу трапіла гумовая куля, якую пазьней выдалялі ў лякарні, а ў твар трапіў аскепак сьвятлашумавой гранаты, расьсек скулу.
- Ён пацьвердзіў сваю прысутнасьць на відэа, якія праглядалі на судзе. Адвакатка адзначыла, што сярод тых відэа ніводнае не адносіцца да справы: бачна толькі, што Папоў падбягаў да праваахоўнікаў, а натоўп быў мірны. Іншых доказаў дзеяньняў, апісаных у пратаколе, не прадстаўлялі.
- Адвакатка заявіла пра нязгоду з абвінавачаньнем і выракам: сказала, што няма доказаў заклікаў да беспарадкаў, апісаньня сутнасьці беспарадкаў і доказаў іх праяўленьня, а таксама ўдзелу Папова ў іх. Яна таксама заявіла, што на 180 аркушах актаў няма нічога, што адносілася б да справы.
- Андрэй Папоў нарадзіўся 27 сакавіка 1997 году, вучыўся ў Менскім каледжы прадпрымальніцтва, атрымаў прафэсію мэнэджара-эканаміста, працаваў гібнікам па мэтале і паралельна навучаўся кампутарнай графіцы. Праваабаронцы прызналі яго палітычным зьняволеным.