Пытаньне пра сэктаральныя санкцыі Захаду адносна Беларусі стаіць у парадку дня. Іх абмяркоўваюць заходнія палітыкі, дыпляматы. Адначасова апошнім часам улады, дзяржаўныя мэдыя прапануюць караць тых беларускіх грамадзянаў, якія заклікаюць да ўвядзеньня замежных санкцый.
Тым часам санкцыі супраць эканомікі Беларусі, грамадзянскай супольнасьці актыўна ўводзяць самі беларускія ўлады. Прычым гэтыя санкцыі якраз сэктаральныя.
Аляксандар Лукашэнка на Ўсебеларускім народным сходзе фактычна абвесьціў санкцыі супраць беларускага бізнэсу. Зь ягоных супярэчлівых тлумачэньняў вынікае, што пакуль ня будуць чапаць толькі прадпрымальнікаў, якія займаюцца вытворчасьцю. Усе астатнія сэктары пад пагрозай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Прэзыдэнт пачаў гаварыць абсалютна пра іншае». Пагаварылі з Жаннай Тарасевіч, пасьля выступу якой Лукашэнка атакаваў бізнэсВось Камітэт дзяржкантролю прапануе рэзка падвысіць падаткі для ІП, што можа прывесьці да спыненьня большасьцю зь іх эканамічнай дзейнасьці. Як сказаў Лукашэнка, няхай уладкоўваюцца на МАЗ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Камітэт дзяржкантролю прапануе падвысіць падаткі для прадпрымальнікаўНу а санкцыі (дакладней, рэпрэсіі) супраць грамадзянскай супольнасьці праводзяцца ўжо некалькі апошніх месяцаў. Наступ ідзе шырокім фронтам, па сэктарах.
Спачатку садзілі за краты (і працягваюць гэта рабіць) актывістаў пратэставага руху. Потым прыйшла чарга актывістаў экалягічнага руху. Сёньня ўзяліся за журналістаў і праваабаронцаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Больш за 40 ператрусаў у кіраўнікоў БАЖ, журналістаў і праваабаронцаў. СЬПІСХто наступны? Сябры апазыцыйных партый? Невыпадкова ж Лукашэнка загадаў правесьці перарэгістрацыю партый. Думаю, ставіцца задача пазбавіць легальнага статусу апазыцыйныя структуры.
Каго яшчэ не зачапілі: аналітыкаў, экспэртаў? Мусіць, пакуль рукі не даходзяць.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.