- На лаве падсудных у судзе толькі Аляксандар Кардзюкоў, яго перавезьлі ў Берасьце зь СІЗА № 1 Менску напярэдадні працэсу.
- Справу разглядаюць у дачыненьні да яго і загінулага Генадзя Шутава. Шутава на працэсе прадстаўляе яго дачка Анастасія.
- У залю суду прыйшлі таксама пацярпелыя — вайскоўцы часткі № 89417 (Сілы спэцыяльных апэрацый. — РС) у Мар’інай Горцы капітан Раман Гаўрылаў і Галіцын.
- Паводле матэрыялаў справы, менавіта ад стрэлу Рамана Гаўрылава загінуў Генадзь Шутаў.
- Дачка Генадзя Шутава сядзіць падчас судовага працэсу побач з Раманам Гаўрылавым, які застрэліў яе бацьку.
Вэрсія сьледзтва. «Кардзюкоў вырашыў забіць аднаго з вайскоўцаў»
Вэрсію сьледзтва агучыў пракурор Генадзь Буры.
Паводле матэрыялаў справы, Генадзь Шутаў і Аляксандар Кардзюкоў увечары 11 жніўня выпілі 350 грамаў моцнай настойкі ў гаражы Кардзюкова, пасьля чаго пайшлі на вуліцу Маскоўскую. Кардзюкоў пры гэтым меў з сабой кавалак мэталічнай трубы. На пляцоўцы паміж дамамі 334 і 336 у іх узьнік канфлікт з вайскоўцамі Гаўрылавым і Галіцыным, якія знаходзіліся там у цывільнай вопратцы і мелі пры сабе пісталеты Макарава.
«11 жніўня 2020 году ў Рэспубліцы Беларусь існаваў высокі ўзровень масавых беспарадкаў, — сказаў пракурор. — У сувязі з гэтым да аховы парадку прыцягваліся вайскоўцы, капітан Гаўрылаў і прапаршчык Галіцын».
Паводле вэрсіі сьледзтва, Кардзюкоў і Шутаў «мэтанакіравана падышлі да Гаўрылава і Галіцына», пасьля чаго Кардзюкоў «нанёс удар Гаўрылаву мэталічнай трубой».
«Кардзюкоў вырашыў забіць аднаго з вайскоўцаў, — сказаў дзяржаўны абвінаваўца. — Гаўрылаву ён нанёс удар трубой у галаву, чым прычыніў яму лёгкія цялесныя пашкоджаньні. Затым кінуў мэталічную трубу ў грудную клетку іншаму вайскоўцу».
Паводле вэрсіі абвінавачваньня, капітан Гаўрылаў, абараняючыся, спачатку стрэліў у паветра, а потым вырашыў стрэліць у Генадзя Шутава, «у вобласьць левага перадплечча». Аднак ад таго, што ня змог сканцэнтравацца пасьля ўдару па галаве, трапіў Шутаву ў патыліцу.
Гаўрылаў: «Я зрабіў усё, што мог. Я кепска сябе адчуваў»
Капітан Раман Гаўрылаў падчас суду прызнаў, што застрэліў Генадзя Шутава.
Гаўрылаў расказаў, што яны прыехалі ў Берасьце да выбараў для ўдзелу ў спаборніцтвах на берасьцейскім палігоне. Пасьля выбараў іх падразьдзяленьне выклікалі ў АМАП і загадалі выяўляць небясьпечных пратэстоўцаў, выдалі ім зброю. 11 жніўня ён з напарнікам выправіўся ў мікрараён Усход на тралейбусе. Кардзюкоў і Шутаў падаліся ім падазронымі.
«Мы згубілі іх, а потым яны са сьпіны падышлі і спыталі: «Усіх выглядзелі?» Я павярнуўся і атрымаў па галаве», — расказаў вайсковец.
Паводле Гаўрылава, Шутаў і Кардзюкоў змагаліся зь імі. Ён зрабіў папераджальны стрэл, потым хацеў стрэліць Шутаву ў перадплечча, але трапіў у патыліцу.
На пытаньне судзьдзі Сьвятланы Крамянёўскай, чаму ён цэліў не ў нагу Шутаву, адказаў, што баяўся трапіць у сябе. На пытаньне, ці мог пазьбегнуць стрэлу ў патыліцу Шутаву і захаваць яму жыцьцё, Гаўрылаў адказаў: «Я зрабіў усё, што мог. Я кепска сябе адчуваў».
Хуткую параненаму Шутаву выклікаў ягоны напарнік Арсеній Галіцын, але пасьля таго, як патэлефанаваў свайму начальніку.
Ён таксама сьцьвярджае, што спрабаваў аказаць Шутаву першую дапамогу, дапамагаў адправіць пацярпелага разам з машынай «хуткай дапамогі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У бацьку стралялі са сьпіны ва ўпор». Што кажа дачка пра сьмерць берасьцейца ад раненьня ў галавуВэрсія абвінавачанага. «Тварам уніз, уроды. Завалю!»
Абвінавачаны Аляксандраў Кардзюкоў сваёй віны катэгарычна не прызнае.
Ён пагаджаецца, што ўвечары 11 жніўня піў алькаголь з Шутавым, пасьля чаго яны разам вырашылі схадзіць на вуліцу Маскоўскую, каб пабачыць пратэсты на свае вочы.
Кардзюкоў кажа, што па дарозе ў парку сапраўды знайшоў кавалак мэталічнай трубы і ўзяў яе з сабой «для самаабароны». Разам з Шутавым яны былі ля дома № 334 на вуліцы Маскоўскай хвілін 40, размаўлялі паміж сабой. Пасьля заўважылі побач на лаве двух маладых хлопцаў у цывільным і падышлі да іх пагаварыць.
«Мы ня ведалі, што гэта вайскоўцы, яны былі ў цывільным, — сказаў Аляксандар Кардзюкоў. — Спыталі ў іх, што тут адбываецца. Адразу пасьля гэтага пачаўся канфлікт. Адзін з вайскоўцаў ударыў мяне, я, падаючы, ударыў яго па сьцягне трубой. Галіцын і Гаўрылаў пачалі адступаць ад нас сьпінамі ўперад, дасталі пісталеты і крычалі: «Тварам уніз, уроды, завалю!»
Кардзюкоў настойвае, што ня біў вайскоўцаў першым і тым больш па галаве трубой. Кажа, што пасьля першага стрэлу кінуў трубу і пачаў уцякаць. Таксама ён бачыў, як Шутаў станавіўся на калені сьпінай да Гаўрылава і Галіцына, пасьля чаго пачуў яшчэ адзін стрэл.
«Я быў у шокавым стане, — сказаў Аляксандар Кардзюкоў. — У мяне стралялі першы раз. Пасьля тых падзей я адчуваў віну перад Генадзем, што мы туды пайшлі. Ён не пайшоў бы туды адзін, безь мяне. Я ведаў пра сутычкі з АМАПАм у Берасьці ў папярэднія дні. Па горадзе хадзілі чуткі, што АМАП страляў у людзей, кідаў гранаты. З боку Галіцына ў мой бок таксама быў стрэл. Калі б я ня ўцёк адтуль, то быў бы застрэлены гэтаксама, як і Генадзь Шутаў».
Пасьля допыту абвінавачанага і пацярпелых на працэсе дапытаюць сьведак і вывучаць матэрыялы справы. Дачка Генадзя Шутава заявіла суду, што хоча дамагчыся апраўданьня яе загінулага бацькі.
Аляксандар Кардзюкоў нарадзіўся ў Кобрыні ў 1979 годзе. Жанаты, разам з жонкай гадуе непаўналетняе дзіця. У 2010 годзе быў асуджаны за хуліганства, адбыў пакараньне ў выглядзе грамадзкіх работ. Да 2011 году працаваў у аўтобусным парку Берасьця, пасьля першага суду займаўся падпрацоўкамі, зьбіраўся зарэгістравацца індывідуальным прадпрымальнікам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Відавочцу сьмерці Генадзя Шутава абвінавацілі ў замаху на забойства ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Жабінцы пахавалі Генадзя Шутава, якому стрэлілі ў галаву падчас акцыі пратэсту ў Берасьці. ФОТААхвяры беларускіх пратэстаў. Што важна ведаць
За ўвесь час пратэстаў пры розных абставінах загінулі сама меней 4 чалавекі. Пры гэтым улады і кіраўніцтва МУС ні разу не прызналі, што людзі загінулі ад рук сілавікоў. Гэтыя людзі на сёньня лічацца ахвярамі пратэстаў:
- Аляксандар Тарайкоўскі, 34 гады, Менск, застрэлены сілавікамі на вуліцы Прытыцкага;
- Аляксандар Віхор, 25 гадоў, Гомель, памёр пасьля зьбіцьця ў міліцыі;
- Генадзь Шутаў, 43 гады, Берасьце, застрэлены сілавіком;
- Раман Бандарэнка, 31 год, Менск, пабіты да непрытомнасьці, памёр у шпіталі.
Таксама дагэтуль невядомыя абставіны сьмерці яшчэ некалькіх чалавек. Іх сваякі і сябры лічаць, што яны маглі быць забітыя падчас пратэстаў.
- Мікіта Крыўцоў, 28 год, Жодзіна, знойдзены павешаным;
- Аляксандар Дзямідаў, 25 гадоў, Бараўляны, знойдзены мёртвым;
- Канстанцін Шышмакоў, 29 гадоў, Ваўкавыск, нібыта ўчыніў самагубства;
- Арцём Парукаў, 19 гадоў, Менск, зьбіты машынай.