«Забралі тэлефоны, кампутары, зазіралі ў кожную шчыліну». Што расказалі кіраўнікі БАЖ пасьля ператрусаў. ВІДЭА

Старшыня БАЖ Андрэй Бастунец выходзіць з офісу арганізацыі зь сілавікамі пасьля ператрусу

Ператрус скончыўся ў намесьніка старшыні БАЖ Барыса Гарэцкага. Ён расказаў, як гэта адбывалася.

Барыс Гарэцкі апісаў, як у яго дома праходзіў ператрус.


«У 7:30 пачаліся званкі ў дамафон і дзьверы, пасьля зьявіліся людзі ў камуфляжы ў двары з баўгаркай. Я адразу пайшоў адчыняць. Забегла група ў тамбур, паказалі пастанову на ператрус у межах крымінальнай справы аб дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак.

Вельмі шчыльна прайшліся па ўсёй кватэры, зазіралі ў кожную шчыліну, нават дзіцячыя рэчы глядзелі. Забралі ўсю тэхніку, два кампутары, чамусьці іх зацікавілі кнігі Ўладзімір Арлова. Які ў мяне статус, пакуль не сказалі», — расказаў Барыс Гарэцкі.

Сілавікі выносяць апаратуру з офісу БАЖ

Андрэй Бастунец прысутнічаў пры ператрусе ў штаб-кватэры арганізацыі. У камэнтары Свабодзе пасьля яго ён сказаў, што не знаходзіцца пад падпіскай, але сілавікі папярэдзілі яго аб «недапушчальнасьці раскрыцьця» дэталяў ператрусу.

Пра тое, што вобшук у кватэры яго намесьніка Барыса Гарэцкага ўжо скончыўся, Бастунец даведаўся ад журналістаў. Таксама ён плянуе дачакацца падрабязнасьцяў ператрусу ў другога намесьніка — Алега Агеева.

Барыс Гарэцкі распавёў, як праходзіў вобшук у ягонай кватэры.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што за арганізацыя Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ), куды прыйшлі сілавікі

З офісу БАЖ забралі сыстэмны блёк кампутара, тэчку з заявамі на ўступленьне новых сябраў арганізацыі. Прагледзелі ўсе працоўныя месцы, шафы. Дзьверы апячаталі. Ператрус ладзілі людзі з цалкам схаванымі тварамі.

«Прыйшлі 7 чалавек са зброяй». Сын старшыні БАЖ Андрэя Бастунца Арсеній пракамэнтаваў ператрус

Ператрус прайшоў ня толькі дома ў старшыні БАЖ Андрэя Бвстунца, але і ў кватэры, дзе жыве ягоны сын.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Больш за 40 ператрусаў у кіраўнікоў БАЖ, журналістаў і праваабаронцаў. СЬПІС

З раніцы 16 лютага міліцыя прыйшла, каб правесьці ператрусы, у офіс БАЖ, на кватэры ягоных кіраўнікоў, да журналістаў, праваабаронцаў, прадстаўнікоў незалежных прафсаюзаў па ўсёй краіне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ператрусы ў журналістаў і праваабаронцаў, сьледчыя шукаюць доказы «фінансаваньня пратэстаў»