Усяго вядома пра тое, што ў палескім рэгіёне мусяць дапытаць больш за дзесяць чалавек. Усе яны маюць статус сьведкі ў крымінальнай справе затрыманага журналіста і мэдыямэнэджара Андрэя Аляксандрава і ягонай дзяўчыны Ірыны Злобінай, інфармуе «Палеская Вясна».
Людзям задаюць каля 20 амаль аднолькавых пытаньняў, якія тычацца аплаты штрафаў, прысуджаных падчас палітычных рэпрэсіяў. Таксама пытаюць пра тое, ці са сваёй ініцыятывы людзі ўдзельнічалі ў «несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах» і просяць паказаць у тэлефонах ліставаньне з фондам салідарнасьці ByHelp.
Таксама запытваюць, ці ведаюць людзі, каму яшчэ маглі дапамагчы ў аплаце штрафаў Аляксандраў або Злобіна.
Былы намесьнік дырэктара інфармацыйнага агенцтва БелаПАН Андрэй Аляксандраў і ягоная сяброўка Ірына Злобіна пад вартай з 12 студзеня. Улады абвінавацілі іх у фінансаваньні пратэстаў праз аплату штрафаў і знаходжаньня ў месцах зьняволеньня. Супраць іх распачалі крымінальную справу паводле артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу «Арганізацыя групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак».
Беларуская праваабарончая супольнасьць прызнала Аляксандрава і Злобіну палітвязьнямі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 17 арганізацый заклікалі да вызваленьня ўсіх зьняволеных беларускіх журналістаў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьняволенаму журналісту Андрэю Аляксандраву прад’явілі абвінавачаньне ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міжнародная арганізацыя Front Line Defenders патрабуе вызваленьня беларускага журналіста Аляксандрава