Журналіста і праваабаронцу затрымалі 12 студзеня праз падазрэньне ў «навучаньні і падрыхтоўцы асобаў для ўдзелу ў групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, а таксама фінансаваньні і матэрыяльным забесьпячэньні такой дзейнасьці».
Паводле Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі, яго вінавацяць у фінансаваньні пратэстаў шляхам выплаты штрафаў і кампэнсацыі выдаткаў за знаходжаньне ў ізалятарах удзельнікаў акцый пратэсту. Таксама затрымалі ягоную партнэрку Ірыну Злобіну.
Front Line Defenders выказвае занепакоенасьць неадэкватнасьцю выстаўленых абвінавачаньняў у адрас Андрэя Аляксандрава.
«Затрыманьне Андрэя Аляксандрава наступіла ўсьлед за выпадкамі рэпрэсій і судовага перасьледу праваабаронцаў і журналістаў прадстаўнікамі праваахоўных органаў Беларусі пасьля абвяшчэньня 9 жніўня вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў», — адзначаецца ў заяве.
Арганізацыя Front Line Defenders заклікае ўлады Беларусі:
- Забясьпечыць неадкладнае і безумоўнае вызваленьне Андрэя Аляксандрава і гарантаваць яго фізычную і псыхалягічную бясьпеку і недатыкальнасьць.
- Спыніць крымінальны перасьлед Андрэя Аляксандрава, бо ён займаўся выключна законнай і мірнай праваабарончай дзейнасьцю.
- Адмовіцца ад практыкі судовага перасьледу праваабаронцаў, якія аказваюць дапамогу затрыманым мірным дэманстрантам.
- Гарантаваць праваабарончую дзейнасьць у любых абставінах без абмежаваньняў і бяз страху помсты, у тым ліку бяз рызыкі судовага перасьледу.
Андрэй Аляксандраў — праваабаронца і мэдыямэнэджар. У 2009-2012 гадах быў намесьнікам старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў, з 2014-га да 2018-га — намесьнікам дырэктара інфармацыйнага агенцтва БелаПАН. Таксама працаваў у міжнародных арганізацыях Index on Censorship і Article 19.
Ён заснавальнік і галоўны рэдактар выданьня «Белорусский журнал». Як кваліфікаваны экспэрт у галіне СМІ Андрэй Аляксандраў праводзіць трэнінгі для журналістаў і рэдактараў у Беларусі і за мяжой, а таксама кансультуе шэраг мэдыяпраектаў.