Што ў сэнсе забесьпячэньня народнага адзінства прапанаваў Усебеларускі народны сход? Якой будзе новая Канстытуцыя? Калі Лукашэнка зьбіраецца сысьці з пасады? Ці будзе ён будаваць сацыялізм?
Абмяркоўваюць палітычныя аналітыкі Вячаслаў Бабровіч і Арцём Шрайбман.
Бабровіч
- Задачай улады было ўзяць рэванш пасьля пэрыяду, калі ў публічнай прасторы дамінавалі пратэстоўцы
- Улада спрабуе адыграць сытуацыю «Саша 3%», паказаць, што на яе баку — большасьць
- Абодва бакі халоднай грамадзянскай вайны не гатовыя да заключэньня міру, абодва маюць намер у ёй перамагчы
- Адбываецца прысваеньне большасьці, гэта робіць і ўлада, і пратэст
- У Лукашэнкі сёньня праявілася клясавая нянавісьць да «буржуяў»
- У лёгіцы Лукашэнкі многія крокі, якія яго апанэнты лічаць памылкамі — не памылкі, а непазьбежнасьць
- Лукашэнка атаясамляе сябе зь дзяржавай. Але ў вачах яго прыхільнікаў гэта нават плюс
- У Лукашэнкі ёсьць свае перакананьні, ён трымаецца за ўладу дзеля гэтых перакананьняў, а не зь любові да ўлады як такой
- З тым, што Бабарыку ён ня вызваліць, Лукашэнка вызначыўся. А наконт астатніх палітвязьняў ён яшчэ ня вызначыўся, ён ня хоча раскрываць усе карты
- Пуцін зацікаўлены, каб у Беларусі не было праблемаў. А як гэтыя праблемы вырашае Лукашэнка — гэта яго вотчына, гэта яму вырашаць
- Мэта Лукашэнкі — не ўмацаваньне, а захаваньне ўлады. Цалкам сысьці ад улады ён не гатовы
- Наданьне канстытуцыйных паўнамоцтваў УНС — гэта палітычны экспэрымэнт, з парлямэнтам Лукашэнка асаблівых надзеяў ня зьвязвае
- Эскапада Лукашэнкі супраць бізнэсу — хутчэй зрыў, чым новая стратэгія сацыялізму
- Атака на бізнэс была добрай магчымасьцю для Лукашэнкі апэляваць да сацыяльнай справядлівасьці
- Калі палітыка і эканоміка сутыкаюцца востра, эканоміка адсоўваецца на другі плян. У гэтым сэнсе, калі была пагроза ўладзе, ніякія санкцыі не маглі прадухіліць катаваньні
- Сёньня сытуацыя іншая, і таму сацыялізм будзе выкарыстоўвацца ў прапагандзе, а не як практычная палітыка
Шрайбман
- На УНС прынцыповых рашэньняў прынята не было
- Лукашэнка абазначыў лінію — ніякіх саступак ворагам, сыду тады, калі будзе ўсё спакойна, калі будуць гарантыі, дый то незразумела, ці сыду
- У пытаньнях амністыі, палітычных партыяў лінія была на павелічэньне жорсткасьці
- Сёньня Лукашэнка выдаў гнеўны сьпіч наконт таго, што бізнэс яму здрадзіў
- Мэта гэтага мерапрыемства — калектыўная псыхатэрапія
- Паводле Лукашэнкі, формула народнага адзінства — пакайцеся, адумайцеся, супакойцеся, і будзе мір
- Любімую не аддам, але можа і перадам, але некаму надзейнаму
- З пратэстам ён ня бачыць формулы кампрамісу, сярэдзіны няма
- Формула «апазыцыі яго вялікасьці» была прадэманстраваная выступамі Канапацкай і Васкрасенскага
- Гэта прызнаньне перамогі Лукашэнкі і тое, што ён будзе вырашаць
- Тут ёсьць прапанова капітуляцыі, можа і ганаровай, але гэта ня формула дыялёгу
- Лукашэнка не выключае, што Канстытуцыю наагул ня будуць мяняць
- Найбольш імаверны варыянт — што Канстытуцыю зьменяць, але вельмі касмэтычна
- Складальнікі Канстытуцыі будуць баяцца прапанаваць нешта радыкальнае
- У выпадку кардынальных палітычных зьменаў усё будзе вызначацца не Канстытуцыяй, а рэальнымі суадносінамі палітычных сілаў
- Лукашэнка хоча, каб пакуль ён жывы, УНС быў такім засьцерагальнікам
- Калі ў новага прэзыдэнта ёсьць кантроль за мясцовай уладай, тады ў УНС няма ніякіх паўнамоцтваў
- У намэнклятуры няма ідэалёгіі. Яны выконваюць загады ўлады, якую яны лічаць легітымнай
- Калі гэтая схема з УНС будзе рэалізаваная, яна стане магілай Лукашэнкі
- Яе пахавае ня толькі прэзыдэнт Бабарыка, яе пахавае прэзыдэнт Галоўчанка
- Лукашэнка ўспрымае сацыяльна-эканамічную сытуацыю праз марксісцкую лінзу — я дазволіў бізнэсу жыраваць за кошт народу
- А вы яшчэ пасьмелі нацягнуць на сябе бчб і зладзіць страйк
- Я не чакаю кардынальных зьменаў эканамічнай палітыкі
- У Лукашэнкі зараз найбольш зручны для яго прэм’ер, які мае такія ж погляды, як і ён : дырэктыўнае крэдытаваньне, дзяржаўныя інвэстыцыі
- У Лукашэнкі ёсьць ідэалёгія, ён пераймаецца, што яго зрыне буржуазная рэвалюцыя
- Ён ненавідзіць клясавага ворага нашмат больш, чым якую-небудзь Польшчу