Затрымалі пазаштатную журналістку Tut.by. Яе падазраюць у адміністраваньні «дэструктыўных» каналаў

Фота з асабістага архіву Тацяны Скапцовай-Пятроўскай, Tut.by

11 лютага ў Новай Баравой затрымалі пазаштатную аўтарку Tut.by Тацяну Скапцову-Пятроўскую, піша Tut.by.

Відэа, зьнятае пасьля ейнага затрыманьня, зьявілася ў тэлеграм-канале ATN_News.

Там сьцьвярджаецца, што Тацяна адміністравала ў «Тэлеграме» «дэструктыўныя» каналы «Кукловод и овца» і «Новая Баравая 98%» (а таксама аднайменны чат), удзельнічала з мужам Канстанцінам у акцыях пратэсту.

Аднак на апублікаваным ATN відэа сама Тацяна кажа, што ня ёсьць адміністратарам ніводнага тэлеграм-каналу, ні да чога не заклікала, «выходзіла пару разоў у жніўні», але ніколі не супрацьстаяла супрацоўнікам міліцыі.

Пазьней у канале «Новая Баравая 98%» зьявілася паведамленьне, што адміністратараў каналу і чату не затрымлівалі.

Тацяна Скапцова-Пятроўская пісала для Tut.by як пазаштатная аўтарка. У прыватнасьці, рабіла інтэрвію зь беларускімі навукоўцамі, што працуюць за мяжой.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ня думаю, што ў Лукашэнкі можа прачнуцца сумленьне ці спачуваньне». Маці лекара Арцёма Сарокіна пра справу сына
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За кратамі, бо журналісты