Падтрымаць зьняволеных Сяргея Пятрухіна і Аляксандра Кабанава сабралася больш за 20 чалавек. Сярод іх кіраўнік Абʼяднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў і палітык Анатоль Лябедзька.
Вярхоўны суд задаволіў зварот старшыні Берасьцейскага суду, каб крымінальную справу разглядалі па-за межамі вобласьці. Справу накіравалі ў Кастрычніцкі суд Магілёва.
Блогераў вінавацяць у арганізацыі групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, а таксама ў зьнявазе прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананьнем службовых абавязкаў. Акрамя таго, Пятрухіна судзяць за абразу судзьдзі. Ім пагражае да 3 гадоў зьняволеньня.
Абодвух беларускія праваабаронцы прызналі палітвязьнямі. Іх крымінальны перасьлед зьвязваюць са «справай Ціханоўскага».
Дзьве з паловай гадзіны суд разглядаў хадайніцтвы падсудных. Яны выказалі недавер судзьдзі Вользе Краўчанцы і прадстаўніку дзяржаўнага абвінавачваньня, а таксама патрабавалі, каб справа разглядалася на беларускай мове. Хадайніцтвы не былі не задаволеныя. На працэс не пусьцілі журналістаў і паплечнікаў падсудных. Туды змог патрапіць толькі карэспандэнт «Нашай Нівы» Улад Швядовіч.
Па сканчэньні пасяджэньне ён сказаў, што памяшканьне запоўнілі маладымі хлопцамі — студэнтамі. У сваім матэрыяле ён адзначыў, што Кабанаў назваў справу палітычна матываванай і прасіў выдаліць яго з працэсу.
«Ня мае ніякага значэння, тут я ці не, — казаў падсудны. — Навошта мне тут знаходзіцца? Прыехалі сваякі — іх сюды не пусцілі, журналісты прыехалі — іх не пусцілі, а нагналі дзяцей. Што вы ім паказваеце? Брава!»
Судзьдзя ўрэшцэ выдаліла абвінавачанага і таго вывелі з залі ў кайданках.
«Справа сфабрыкаваная, таму на яе не пускаюць журналістаў і прадстаўнікоў грамадзкасьці, — сказаў журналістам Мікалай Казлоў. — Будзем зьвяртацца ў міжнародныя праваабрончыя арганізацыі, каб была адпаведная рэакцыя».
Група падтрымкі Пятрухіна і Кабанава прыйшла да суду, калі ён быў яшчэ зачынены на абед. А адразу па яго сканчэньні, як заявіў супрацоўнік Ленінскага аддзелу міліцыі падпалкоўнік Цімур Пахоменка, усе месцы ўжо былі занятыя ў залі.
Залю для разгляду справы блогераў выдзелілі ў падвальным памяшканьні будынку. Праход туды перахадзілі двое міліцыянтаў. Пабачыць падсудных паплечнікам і журналістам не ўдалося.
Наступнае судовае пасяджэньне прызначанае на 16 лютага. Чакаецца, што на ім агучаць абвінавачваньне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Быў за тамаду на вясельлях сілавікоў, вёў стрымы з пратэставых акцый. Хто такі блогер Сяргей ПятрухінХто такія Кабанаў і Пятрухін
Кабанаў і Пятрухін — аўтары YouTube-каналу «Народный репортёр». Да затрыманьня ў сярэдзіне чэрвеня 2020 году асьвятлялі барацьбу жыхароў супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу ў Берасьці і іншыя актуальныя сацыяльныя тэмы.
49-гадовага Сяргея Пятрухіна затрымалі ў вёсцы пад Пухавічамі 16 чэрвеня і даставілі ў кобрынскі ізалятар, а 25-га перавезьлі на ІЧУ Менску, адтуль у СІЗА-1 на вуліцы Валадарскага.
Пятрухіна ў красавіку 2019 году Ленінскі раённы суд Берасьця прызнаў вінаватым у публічнай зьнявазе міліцыянтаў і прызначыў яму штраф у 360 базавых велічыняў. На той час гэта было 9180 рублёў. Блогер меўся сплаціць пацярпелым супрацоўнікам міліцыі кампэнсацыю маральнай шкоды ў 7500 рублёў. Паводле праваабаронцаў, справа супраць блогера была палітычна матываванай.
49-гадовы Аляксандар Кабанаў — сябра АГП, падчас леташніх выбараў быў прэсавым сакратаром ініцыятыўнай групы Сьвятланы Ціханоўскай. Затрымалі яго 15 чэрвеня 2020 году і прысудзілі 15 дзён арышту за «кармленьне галубоў» 7 траўня. 25-га стала вядома, што яго этапавалі ў сьледчы ізалятар Менску. У доме бацькоў быў праведзены ператрус.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Блогер, будаўнік, мае чорны пояс у каратэ. Хто такі Аляксандар Кабанаў, якому пагражае да 3 год турмы