У праекце рэзалюцыі Ўсебеларускага сходу напісалі пра рэформу Канстытуцыі

Усебеларускі народны сход-2021

З фатаздымкаў заплянаванай на 12 лютага рэзалюцыі Ўсебеларускага народнага сходу стала вядома, хто зоймецца распрацоўкай прапановаў для зьменаў Канстытуцыі, а таксама плян улады ўзмацніць самакіраваньне і ролю палітычных партый у дзяржаве.

У тэлеграм-канале РБК зьявіліся фатаздымкі рэзалюцыі, якая будзе прынята ў другі дзень Усебеларускага народнага сходу. Згодна з праектам, дэлегатам УНС прапануюць прагаласаваць за наданьне сходу заканадаўчага статусу як «найвышэйшай формы народнага прадстаўніцтва», а да канца году плянуецца распрацаваць прапановы для зьмены Канстытуцыі.

У апублікаваным дакумэнце прапануецца «забясьпечыць удзел шырокіх пластоў насельніцтва ў распрацоўцы і рэалізацыі найважнейшых кірункаў дзяржаўнай палітыкі», гэтым і мае быць абумоўлена наданьне УНС заканадаўчага статусу.

Акрамя таго, створаць канстытуцыйную камісію, у склад якой увойдуць прадстаўнікі дзяржорганаў, юрыдычнай грамадзкасьці, розных галін эканомікі і сацыяльнай сфэры. Яна ж і будзе распрацоўваць прапановы для зьмены Канстытуцыі.

Паўнамоцтвы паміж дзяржорганамі прапануюць пераразьмеркаваць, у тым ліку паміж органамі мясцовага кіраваньня і самакіраваньня, а таксама ўзмацніць ролю палітычных партый у жыцьці краіны.

Раней Лукашэнка адмаўляў магчымасьць наданьня дэлегатам сходу функцый па распрацоўцы прапановаў у новую Канстытуцыю.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Усебеларускі сход» як саматэрапія для Лукашэнкі. ВІДЭА
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хто ў прэзыдыюме «Ўсебеларускага сходу». Фота
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амбасада ЗША ня лічыць «Усебеларускі народны сход» прадстаўнічай пляцоўкай беларускага народу