Унутрыпалітычная сытуацыя ў Беларусі стабілізавалася, пік пратэстаў пройдзены. Пра гэта заявіў у чацьвер старшыня Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Беларусі Іван Тэртэль, адказваючы на пытаньне ТАСС.
«Мы адзначаем, што сытуацыя ў цэлым стабілізавалася, пік пройдзены, пратэставыя зьявы практычна сышлі на нішто», — сказаў кіраўнік спэцслужбы.
Пры гэтым Тэртэль адзначыў, што спробы аднавіць пратэсты ўсё яшчэ робяцца. «Замежныя цэнтры, якія спансуюцца і фінансуюцца за кошт розных фондаў, працягваюць функцыянаваць, яны радыкалізуюцца і робяць спробы ўсё ж такі аднавіць вось гэтыя дзеяньні, якія былі раней. Але мы ацэньваем, што яны не прывядуць да тых вынікаў, да якіх яны імкнуцца», — сказаў кіраўнік КДБ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каманды Ціханоўскай, Латушкі, Цапкалы правялі сустрэчу і абмеркавалі «Плян перамогі – 2021»
Ён упэўнены, што вонкавым сілам ня ўдасца вясной аднавіць пратэсты ў Беларусі.
«Спробы [аднавіць пратэсты] будуць, але мы ацэньваем сытуацыю як стабільную, і перадумоў гаварыць пра тое, што ім [вонкавым сілам] атрымаецца дамагчыся такіх мэтаў, мы ня бачым», — мяркуе кіраўнік КДБ Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вялікія пратэсты вернуцца», — палітоляг Андрэй Казакевіч
Каманда Сьвятланы Ціханоўскай і Народнае антыкрызіснае кіраўніцтва ня раз заяўлялі, што пратэсты вясной адновяцца.