«Лёгкім бывае толькі шлях у рабства». Віктар Бабарыка даў інтэрвію з-за кратаў

Віктар Бабарыка, архіўнае фота

17 лютага ў Вярхоўным судзе пачнецца разгляд справы Віктара Бабарыкі. «Нямецкай хвалі» ўдалося атрымаць ад яго пісьмовыя адказы на пытаньні з-за кратаў.

Віктара Бабарыку, колішняга старшыню «Белгазпрамбанку», затрымалі 18 чэрвеня 2020 году. Яго вінавацяць у карупцыі і нясплаце падаткаў. У зьняволеньні таксама ягоны сын Эдуард Бабарыка, якога таксама абвінавачваюць у эканамічных злачынствах. Пры гэтым ні бацька, ні сын сваёй віны не прызналі, а праваабаронцы далі ім статус палітвязьняў.

— На вашай першай прэсавай канфэрэнцыі 20 траўня 2020 году вы назвалі «мітатворчасьцю» масавыя рэпрэсіі ў Беларусі. Як вы цяпер ацэньваеце тое, што адбываецца ў краіне?

— Адразу скажу, мае адказы абапіраюцца на вельмі бедную інфармацыю. Амаль 8 месяцаў я знаходжуся ў фізычнай і камунікацыйнай ізаляцыі, большую частку навінаў атрымліваю зь беларускай тэлевізіі — а яе прагляд можна прыраўнаваць да маральных катаваньняў.

Але нават у такім становішчы магу сказаць, што тое, што дзеецца ў нашай краіне, нельга назваць масавымі рэпрэсіямі. Фактычна гэта вайна ўладных вярхоў, якія абапіраюцца на вайскова-сілавы блёк, а значыць хунты, супраць часткі свайго народу. І нават ня важна, якая колькасьцю гэтая частка ёсьць — большасьцю ці не. Самае страшнае, што яна тычыцца ўсіх слаёў насельніцтва.

Гэтую вайну могуць ператварыць у грамадзянскую два моманты. Па-першае, пасьпешлівае падвядзеньне пад свае дзеяньні заканадаўчай базы праз узмацненьне пакараньня за найпрасьцейшае выказваньне думкі. А па-другое, уцягненьне ў барацьбу простага цывільнага народу (чыноўнікаў, дзяржслужбоўцаў, работнікаў камунальнай гаспадаркі і гэтак далей), вымушаных выконваць загады і службовыя абавязкі і ўступаць у сутыкненьне з гэткімі ж грамадзянамі краіны.

Але расколатае грамадзтва ня зьлепіш. Нельга дапусьціць, каб простыя людзі сталі ненавідзець адно аднаго толькі за тое, што яны любяць сымбалі рознага колеру. Кожны мусіць разумець, што індывідуальная адказнасьць за ўчыненьне дзеяньня ня пройдзе, нават калі нехта скажа, што бярэ на сябе ўсе грахі за асобныя загады і распараджэньні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бабарыка — самы папулярны палітык Беларусі, паводле апытаньня Chatham House

Я не кажу пра крымінальны перасьлед. Ёсьць больш важная ацэнка — нашых дзяцей і ўнукаў. У жыцьці не сустракаў ніводнага чалавека, які ганарыцца продкамі, якія ўдзельнічалі ў гвалце супраць простых людзей.

— Ёсьць думка, што вашае вылучэньне кандыдатам у прэзыдэнты ўзбудзіла грамадзкасьць і стала штуршком для палітызацыі і барацьбы з рэжымам Лукашэнкі. Што вы скажаце на гэта?

— Змрочна пажартую: яно дакладна ўзбудзіла супраць мяне крымінальны перасьлед. А калі сурʼёзна, то мне заўсёды складана ацэньваць свае ўчынкі і іхны ўплыў на іншых, хай гэта робяць людзі самі.

Я ж скажу, чым бы я вельмі ганарыўся і чаго б вельмі хацеў — бачыць вынікі сваіх дзеяньняў. Так ужо атрымалася, што я засьпеў толькі пачатак працэсу абуджэньня і раскрыцьця нашых людзей. Я ня бачыў зіхоткіх вачэй і шчасьлівых усьмешак шматтысячных удзельнікаў «ланцужкоў салідарнасьці» і маршаў свабоды. Але калі хоць малая частка гэтых людзей лічыць, што я ім нечым дапамог, то для мяне гэта найвышэйшая пахвала. Быць датычным да адраджэньня нацыі, да абуджэньня ў чалавеку самых каштоўных ягоных якасьцяў — значыць не дарэмна пражыць жыцьцё.

Аднак мне здаецца, што тое, што адбываецца ў Беларусі, — гэта не барацьба з рэжымам Лукашэнкі. Я ўвогуле прыхільнік дзеяньня ня «супраць», а «за». Сёньняшнія падзеі я ацэньваю як барацьбу за новую Беларусь, за лепшага чалавека, за будучае шчасьлівае жыцьцё — ня толькі нашае, але і будучых пакаленьняў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Паставілі тварам да сьцяны і пачалі зьбіваць». Судзяць актывіста штабу Віктара Бабарыкі

— Чаму, на ваш погляд, нягледзячы на тое, што пратэсты доўжацца паўгода, беларускі народ усё яшчэ не зьмяніў рэжым Лукашэнкі?

— Рэжым дзейнае сёньня ўлады — гэта не адзін чалавек, а сукупнасьць людзей, гатовых жыць у атмасфэры хлусьні і вымушанай бездапаможнасьці. Гэта аналяг добраахвотнага асобаснага рабства, якое не памірае пры зьнікненьні рабаўладальніка. Чалавек не становіцца свабодным на загад або дазвол зьверху.

Нам доўгія гады ўнушалі думку, што мы нявартыя альбо няздольныя быць адказнымі за свой лёс, што нам патрэбны кантроль і кіраваньне, бо мы «народзец», які жыве на «лапіку зямлі», аточанай ворагамі. Асноўным дасягненьнем і гонарам лічылася, што мы бедныя, але не жабракі, што нашыя веды і здольнасьці не патрэбны нідзе і нікому, апроч як усярэдзіне краіны. Што мэта жыцьця — стабільнасьць з «чаркай і скваркай».

Але 2020 год паказаў хлусьлівасьць гэтага сьцьвярджэньня. Мы пабачылі, што велізарная колькасьць людзей ня згодныя з такімі каштоўнасьцямі і мэтамі — акурат гэта я лічу перамогай ці першым крокам да вялікай перамогі. Багата людзей зьдзейсьнілі вельмі важную асобасную перамогу: заваяваць сваё права называцца чалавекам з пачуцьцём уласнай годнасьці, гатовага ўзяць адказнасьць за свой лёс і лёс сваіх дзяцей на сябе.

Нам не хапіла крыху часу, каб пасталець як нацыя. Ніхто не чакаў, што ў XXI стагодзьдзі ў цэнтры Эўропы за такія агульначалавечыя каштоўнасьці, як самапавага, права на праўду і мірны пратэст, надыдзе такая жорсткая рэакцыя.

Цяпер у нас посттраўматычны шок. Ён абавязкова пройдзе, і я веру, што ўсё ў нас будзе добра.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка адказаў на ініцыятыву Васкрасенскага аб амністыі 213 палітвязьняў

— Што самае важнае вы вынесьлі з сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам у СІЗА КДБ 10 кастрычніка 2020?

— Я заўжды спрабую прытрымлівацца простага прынцыпу: меркаваць паводле спраў, я ня слоў. Таму магу сказаць, што сцэнар, выкладзены ў рамане «Восень патрыярха», рэалізуецца вельмі блізка да тэксту.

У цэлым я яшчэ раз пераканаўся ва ўсім вядомай ісьціне, якую даказала сыстэма ў дэмакратычных краінах. Выбарныя пасты павінны займаць людзі, у якіх ёсьць куды вяртацца пасьля страты ўлады. Інакш для такіх людзей паўстае знак роўнасьці між пасадай і шчасьцем у жыцьці. А часам і такая роўнасьць: улада = жыцьцё. У такім выпадку барацьба за ўладу ператвараецца ў барацьбу за жыцьцё — і ў такой бітве палонных не бяруць. Выклікае аптымізм толькі тое, што для такіх людзей кожны наступны дзень набліжае іх да горшага, а астатніх — да лепшага.

Віктар Бабарыка сярод прысутных на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам 10 кастрычніка ў СІЗА КДБ

— Лукашэнка казаў, што ў Беларусі спрабавалі зрабіць дробнабуржуазную рэвалюцыю, але цяпер рэвалюцыі ў краіне няма, бо няма рэвалюцыянэраў, гатовых ісьці на ўсё. Ці вы падтрымліваеце гэтае сьцьвярджэньне?

— Як бы ні здалося дзіўным, але гэта праўда, і гэта добра. Я ніколі не любіў рэвалюцыі і іх лёзунг — «разбурыць дарэшты, а пасьля…». Тое, што мы назіралі ў Беларусі, — паскораная эвалюцыя. Мы на неймавернай хуткасьці праходзім працэс фармаваньня самасьвядомасьці сябе як асобаў, а таксама абʼяднаньня людзей у нацыю. Як вынік — патрабаваньні новага, запыт на іншую сыстэму кіраваньня.

Хоць і спрэчны, але для мяне ўсё ж слушны шлях — нежаданьне праліваць чужую кроў дзеля ўласных, хоць і добрых, мэтаў. А гэта і мае на ўвазе сьцьвярджэньне — гатовасьць на ўсё. Наш народ не апусьціўся да такога мярзоцьця, якое прадэманстравала ўлада. Мы не заплямілі сваіх рук чужой крывёй. Новая Беларусь павінна будавацца не на крыві, хоць старая ўтрымліваецца акурат гвалтам і жорсткасьцю. Менавіта дабро забясьпечыць шчасьлівую будучыню краіны.

І пра дробнабуржуазнасьць тых, хто імкнецца да зьменаў, усё абсалютна слушна: людзі стаміліся жыць на мяжы жабрацтва і беднасьці. «Па 500» — недасяжная і «зіхоткая Шамбала» — нагнала аскому. Мы хочам стаць «дробнымі буржуа». Толькі ў сучасным сьвеце такіх людзей называюць «сярэдняя кляса», і яны ствараюць аснову і апору ўсіх цывілізаваных і высокаразьвітых краін.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Страх — адзіны інструмэнт захаваньня ўлады, які застаўся ў Лукашэнкі, — Фядута

— Як далей будзе разьвівацца сытуацыя ў краіне?

— Гэта адно з самых складаных пытаньняў для чалавека, які атрымлівае 90% інфармацыі, насычанай выключна хлусьнёй, страхам і нянавісьцю (то бок зь дзяржаўнай тэлевізіі). Але мне здаецца, варыянтаў толькі два. Або новая Беларусь, эканамічна і палітычна незалежная, або спыненьне існаваньня фактычна незалежнай краіны (хай нават юрыдычна яна і захавае свой статус) шляхам уключэньня нас у арбіту чыйго-небудзь «сьвету».

Выбіраць адну з гэтых дарог давядзецца найбліжэйшым часам — эканоміка не дазволіць доўга цягнуць цяперашні стан. Калісьці было сказана вельмі дакладна: «Палітыка ёсьць канцэнтраванае выражэньне эканомікі». Таму крайні пункт — 2025 год, але хацелася б думаць, што гэта фантастычна доўгі тэрмін. Я за першы варыянт.

— Ці вы ўсё яшчэ хочаце стаць прэзыдэнтам у будучай Беларусі?

— Я заўжды казаў, што маё рашэньне не было прадыктаванае менавіта мэтай стаць прэзыдэнтам. Прэзыдэнцтва — гэта інструмэнт і магчымасьць удзельнічаць у зьменах у краіне. Я зыходзіў з таго, што прапаноўваў сваю кандыдатуру як нанятага мэнэджара з сваім досьведам і бачаньнем. Але пасьля падзей 2020 году я зразумеў, што зьмены, якія адбываюцца ў нашых людзях і якія паказалі ўсю неймаверную таленавітасьць, шчырасьць і годнасьць беларусаў як нацыі, моцна зрушылі акцэнты і патрабаваньні да таго чалавека, які мог бы хаця б і на нейкі час прадстаўляць інтарэсы нашага народу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Можаце яшчэ 10 спраў завесьці, вас не ўратуе», — Калесьнікава пра адмову перасьледаваць сілавікоў за яе выкраданьне

Таму мне б вельмі хацелася быць вартым такога народу. Тых, хто нягледзячы на ўсю несправядлівасьць і жорсткасьць, захавалі сваю чысьціню. Я разумею, што апошні год даў нам шмат маладых і годных людзей, які цалкам здатныя прэтэндаваць на ролю лідэра. Вось жа майго жаданьня і раней было недастаткова, а цяпер і патрабаваньні дужа вырасьлі. Але пры захаваньні запыту на маё бачаньне шляхоў разьвіцьця краіны ў мяне застаецца гатоўнасьць узычыць усе свае ўменьні і навыкі. Прапанова з майго боку ёсьць, але ці будзе на гэта попыт — паглядзім.

— Што б вы хацелі сказаць ці пажадаць беларусам, якія пратэстуюць?

— Я хачу зьвярнуцца ня толькі да беларусаў, якія пратэстуюць. Мне хацелася б, каб гэтыя словы прачыталі ўсе грамадзяне нашай краіны. Кожны з вас унікальны і мае права ўласную думку. Усе разам мы фармуем нашу дзяржаву і нацыю, якая таксама ўнікальная і мае права на выбар уласнага шляху. Але кожная ўнікальнасьць мае і агульныя каштоўнасьці; для чалавека гэта — непарушнае права свабоды выбару, павагі да асобы і каштоўнасьці жыцьця.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Калі і як пратэст робіцца рэвалюцыяй?

У нашай краіне, на жаль, склалася сытуацыя, калі стаўленьне да гэтых каштоўнасьцяў падзяліла ўсіх на тры катэгорыі. Тых, хто ўсьведамляе гэтыя рэчы і гатовы для іх рэалізацыі рабіць актыўныя дзеяньні. Тых, хто згодны зь неабходнасьцю мець гэткую сыстэму каштоўнасьцяў, але праз страх не гатовы што-кольвек для гэтага рабіць. А таксама тых, хто лічыць, што ня мае права разважаць пра гэта, і проста чакае шчасьця, якое ім абяцаюць іншыя. І хачу зьвярнуцца да кожнай з гэтых катэгорый маіх суайчыньнікаў.
Я схіляюся перад тымі, хто ўсьвядоміў сябе гаспадаром лёсу і адчувае сваю датычнасьць і адзінства з усім чалавецтвам. Вы сапраўдныя асобы, вы сьвятло дабрыні і свабоды. Тыя выпрабаваньні, празь якія праходзіце вы і вашыя блізкія, шчодра акупяцца і апраўдаюцца залучэньнем і натхненьнем іншых грамадзян Беларусі. Не спыняйцеся! Лёгкім бывае толькі шлях у рабства. Часам свабода патрабуе цьвёрдасьці і непахіснасьці. Але яна дакладна таго вартая.

Я разумею нерашучасьць тых, хто баіцца страціць утульнасьць і спакой свайго маленькага сьвету. Але трэба разумець, што сёньня выбар стаіць не між лепшым ці горшым жыцьцём, але між дрэнным і добрым. Гэта выбар для наступных пакаленьняў — зрабіць крок наперад да лепшай долі. І для гэтага кроку ня трэба выйсьці на барацьбу, дастаткова проста не рабіць нізкіх і супрацьзаконных учынкаў. Памятайце словы Чэрчыля: «Калі краіна, выбіраючы паміж вайной і ганьбай, выбірае ганьбу, яна атрымлівае і вайну, і ганьбу».

І я таксама хачу, каб задумаліся тыя, хто лічыць, што адказнасьць за злачынствы і несумленныя ўчынкі будзе апраўданая словамі «Нам загадвалі» і «Што мы маглі зрабіць?». Ніколі ў гісторыі падпарадкаванасьць не змывала крыві з рук забойцаў. У сёньняшніх абставінах заспакойлівая думка «Я спрабаваў зьмякчыць жорсткасьць мераў і распараджэньняў і служыў свайму народу» ня ёсьць апраўданьнем. Зьмякчаць распараджэньні, якія парушаюць закон і топчуць агульначалавечыя прынцыпы — усё роўна рабіць злачынствы. Будучыня непазьбежная, і пытаньні будуць зададзеныя кожнаму. Таму, можа, лепей застацца па-за камандай, чым у камандзе тых, хто ўчыняе ці спрыяе згубным для ўсіх дзеяньням.

Мы беларусы, мы павінны быць разам! Разам — да лепшага!

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адвакаты Віктара Бабарыкі заявілі пра адсутнасьць у ягонай справе доказаў віны