Такія заявы Аляксандар Лукашэнка зрабіў на нарадзе па «ўдасканаленьні заканадаўства», піша БЕЛТА.
«Сёньня некаторыя стогнуць і галосяць: вось, амністыя ... палітычная амністыя і іншае. Заўтра будзе палітычная амністыя, калі мне хто-небудзь пакажа хоць адзін палітычны артыкул у нашым Крымінальным кодэксе і што яны асуджаныя або затрыманыя, арыштаваныя па палітычных матывах. Я іх неадкладна памілую».
Падчас свайго кастрычніцкага візыту ў СІЗА Лукашэнка нібыта запатрабаваў ад палітвязьняў «вярнуць усё, што скрадзена ў народу».
«Да гэтага часу чакаю. Але я чалавек дасьведчаны і ведаю, што абмяркоўваліся гэтыя пытаньні са сваякамі. Такая магчымасьць у гэтых пратэстуноў-верхаводаў была — грошай шкада».
Лукашэнка адзначыў, што цяпер лёс гэтых людзей «вырашыць суд».
Напярэдадні былы палітвязень, а цяпер аўтар плятформы «Круглы стол беларускай апазыцыі» Юры Васкрасенскі заявіў пра падрыхтаваны сьпіс у 213 прозьвішчаў людзей, якія «не зьдзяйсьнялі злачынстваў, зьвязаных з гвалтам», і да якіх папрасіў прымяніць амністыю.