Палітвязень, адміністратар тэлеграм-каналу «Беларусь головного мозга» і кансультант Радыё Свабода Ігар Лосік знаходзіцца за кратамі з 25 чэрвеня 2020 году. Як паведаміла Свабодзе яго жонка Дар’я Лосік, у мінулую пятніцу 5 лютага Ігара ўпершыню пасьля спыненьня галадоўкі агледзеў турэмны лекар.
«Сёньня я была ў Жодзіне, — расказала Дар’я Лосік. — Ігара ў пятніцу наведаў лекар. Спытаў, ці мае Ігар скаргі, памераў яму ціск. Ціск быў 130 на 80. Для Ігара гэта не зусім норма, але ўжо хаця б не 140. 130 высакавата таксама, але ўжо лепш. Лісты атрымлівае. Але чамусьці не ад мяне. Я з пачатку ўтрыманьня мужа пад вартай напісала яму 90 лістоў. 9 зь іх ён не атрымаў. Апошні месяц ад мяне лісты да яго не даходзяць увогуле.
Скаргаў на здароўе няма. Вітаміны п’е. Я шкодныя прадукты яму не перадаю. Соўсы, локшыну хуткага прыгатаваньня не дасылаю. Але кажа, што ў пляне здароўя ўсё больш-менш нядрэнна. Адзінае, Ігар вельмі скардзіцца і злуецца, што мае лісты яму не даходзяць».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітвязень Ашурак упэўнены, што выйдзе на волю ўжо сёлетаСпатканьня Дар’і зь Ігарам не дазваляюць, яго можа бачыць толькі адвакат. Дар’я двойчы на тыдзень езьдзіць у Жодзіна з Баранавічаў, каб зрабіць мужу перадачу. Іх дачцэ Паўліне на пачатку студзеня споўнілася два гады.
Сьледзтва па справе Ігара Лосіка працягваецца, пра дату перадачы яго матэрыялаў у суд нічога не вядома.
Крымінальны перасьлед Ігара Лосіка
На журналіста Радыё Свабода і блогера Ігара Лосіка ў 2020 годзе завялі крымінальныя справы паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («падрыхтоўка да парушэньня грамадзкага парадку») і ч. 2 арт. 293 («падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»).
Лосіка затрымалі 25 чэрвеня 2020 году пасьля ператрусу дома ў Баранавічах. На ягоны тэлеграм-канал «РБ головного мозга» ў той момант былі падпісаныя 167 тысяч чалавек.
Ігар Лосік актыўна асьвятляў падзеі выбараў прэзыдэнта Беларусі. Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.
15 сьнежня 2020 году, пасьля выстаўленьня другога абвінавачаньня, Ігар Лосік абвясьціў галадоўку пратэсту і трымаў яе да 25 студзеня 2021 году.
11 сакавіка 2021 году Лосіку выставілі новае абвінавачаньне. На знак пратэсту Ігар пашкодзіў сабе запясьце на вачах у адваката і сьледчага, а таксама абвясьціў сухую галадоўку. За гэта Лосіка зьмясьцілі ў карцар сьледчай турмы Жодзіна. Там ён прабыў пяць дзён, чатыры зь якіх трымаў сухую галадоўку.
- 14 сьнежня 2021 году ў будынку СІЗА-3 ў Гомлі судзьдзя Мікалай Доля прысудзіў Ігару Лосіку 15 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватым паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу — «Распальваньне сацыяльнай варажнечы і непрыязі ў адносінах да прадстаўнікоў улады і праваахоўных органаў, учыненае групай асобаў» (ч.3 арт.130) і «Арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся пагромамі падпаламі, зьнішчэньнем маёмасьці і ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады» (ч.1 ст.293).
- Жонку Ігара Лосіка Дар’ю пакаралі 2 гадамі зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму (паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу, «Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці») за інтэрвію пра мужа, у якім яна, паводле абвінавачаньня, «пазыцыянавала сябе як жонка палітвязьня». Прысуд Дар’і Лосік вынес 19 студзеня 2023 году судзьдзя Берасьцейскага абласнога суду Мікалай Грыгаровіч.