9 лютага ў Менску пачаўся суд над журналісткамі Кацярынай Андрэевай і Дар’яй Чульцовай
- Іх вінавацяць паводле 342 артыкулу Крымінальнага кодэксу (арганізацыя групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак).
- Дзяўчат затрымалі ў адным з дамоў на «плошчы Пераменаў», калі яны вялі жывую трансьляцыю разгону мітынгу ў памяць аб загінулым Раману Бандарэнку.
- Ім пагражае да 3 гадоў турэмнага зьняволеньня.
Наступнае судовае пасяджэньне ў крымінальнай справе журналістак Кацярыны Андрэевай і Дар'і Чульцовай адбудзецца праз тыдзень 16 лютага.
17.30 Кацярына Андрэева: «Настойваю на поўнай невінаватасьці і апраўданьні»
Пасьля Ігара Ільяша паказаньні дала Кацярына Андрэева. Яна падкрэсьліла, што неаднаразова зьвярталася па акрэдытацыю, але ўлады яе не давалі.
«Я абсалютна невінаватая ў злачынстве і лічу перасьлед палітычна матываваным і сфабрыкаваным ад пачатку да канца. Гэта акт помсты спэцслужбаў за маю прафэсійную дзейнасьць», — перадае зь месца яе словы карэспандэнт «Нашай Нівы».
Расказала, што перад 15 лістапада рэдактар паставіў задачу правесьці стрым з «плошчы Перамен», дзе адбылося забойства Рамана Бандарэнкі (у прамове журналістка асабліва падкрэсьліла, што ня сьмерць, а менавіта забойства).
«Трансьляцыю спынілі толькі тады, калі рэзка зьнік інтэрнэт. У той жа момант перасталі працаваць і абодва тэлефоны. Я ўзяла мабільнік у гаспадара кватэры, пазваніла мужу», — згадала яна.
Затым у кватэру ўварваліся прыкладна 8 чалавек у цёмнай форме са зброяй. Яны загадалі Кацярыне зьбіраць рэчы, пасьля трое сілавікоў вывелі яе, пасадзілі ў легкавік і адвезьлі ў Кастрычніцкі РУУС, па дарозе пагражалі.
«Паедзеш на 10 гадоў на зону мянтам форму шыць, — казалі яны. — Адзін з міліцэйскіх начальнікаў пагражаў, што я сяду на 7 гадоў за экстрэмізм. Я спытала: а чаму не расстрэл адразу? Той адказаў: куль на вас шкада».
На наступны дзень Кацярына атрымала 7 сутак адміністрацыйнага арышту. Але не пасьпелі яны мінуць, як яе прызналі падазраванай у крымінальнай справе і этапавалі ў Жодзіна.
«Праз свой стрым я не магла сабраць людзей ці кіраваць імі, — сказала ў судзе журналістка. — Па-першае, на той момант яны ўжо былі на „плошчы Перамен“, па-другое, не працаваў інтэрнэт, і яны проста не маглі быць гледачамі маёй перадачы. Я катэгарычна абвяргаю абвінавачванне ў „актыўным удзеле ў пратэсьце“. У маіх дзеяньнях няма складу злачынства, таму настойваю на поўнай невінаватасьці і апраўданьні».
Прамову Кацярыны Андрэевай людзі сустрэлі аплядысмэнтамі.
17.00 Дар’я Чульцова: «Кампэнсацыя „Менсктрансу“ ня ёсьць прызнаньнем віны»
Дар’я Чульцова адмовілася даваць паказаньні, таму на працэсе зачыталі вытрымкі з матэрыялаў справы.
«Нікога не заклікала, не арганізоўвала, да дзеяньняў ня схіляла. У матэрыялах справы няма доказаў супрацьпраўных дзеяньняў, няма тлумачэнняў, што такое дэструктыўныя Telegram-каналы і хто вызначыў іх дэструктыўнасьць. Ніякіх лёзунгаў не выкрыквала, на праезную частку не выходзіла», — працытавала судзьдзя паказаньні журналісткі.
Акрамя таго, Дар’я Чульцова патлумачыла, што згода кампэнсаваць шкоду «Менсктрансу» ня ёсьць прызнаньнем яе віны.
Таксама ў судзе дапыталі Ігара Ільяша, мужа Кацярыны Андрэевай. Ён таксама працуе на тэлеканале «Белсат».
Журналіст расказаў, што 15 лістапада быў дома на Лагойскім тракце. Раніцай Кацярына пайшла «асьвятляць падзеі на «плошчы Пераменаў», адтуль быў заплянаваны жывы эфір. З сабой узяла заплечнік, тэлефон і камізэльку з надпісам «Прэса».
У другой палове дня яна затэлефанавала і сказала, што, хутчэй за ўсё, іх з Дар’яй хутка затрымаюць, сіліавікі «ўжо пад дзьвярыма». Пасьля гэтага сувязь зь ёй зьнікла.
Пра затрыманьне жонкі Ігар Ільяш даведаўся з тэлеграм-каналу валянтэраў. Пазьней у іх кватэры прайшоў «арышт маёмасьці», прычым збольшага забралі рэчы, якія належалі Ігару.
16:30 Прадстаўнік «Менсктрансу»: «Сума шкоды склала 11 562 рублі»
У судзе па справе журналістак «Белсату» выступіў прадстаўнік прадпрыемства «Менсктранс» Раман Прановіч.
Як сказана ў матэрыялах справы, з-за стрыму быў спынены рух 19 маршрутаў грамадзкага транспарту: аўтобусаў, тралейбусаў і трамваяў, якія ходзяць па прылеглых да Чарвякова вуліцах — Арлоўскай, Кахоўскай, бульвары Шаўчэнкі.
Сума шкоды, па падліках «Менсктранса», склала 11 562 рублі і 14 капеек.
Прадстаўнік дзяржаўнага прадпрыемства, якога цытуе Tut.by, ня змог патлумачыць, які маршрут спыніўся першым, дзе гэта адбылося і калі менавіта.
Паводле яго слоў, тое, што 15 лістапада праца грамадзкага транспарту парушылася, было адлюстравана ў акце Цэнтру кіраваньня руху. Там у якасьці прычыны ўказвалася «перакрыцьцё руху». Пра тое, што вынікам стала «несанкцыянаванае масавае мерапрыемства», у дакумэнце не гаворыцца.
Таксама Раман Прановіч дадаў, што яму невядома, хто канкрэтна перакрыў рух.
13:00 Адвакат Зікрацкі: «Няма падставаў трымаць журналістак за кратамі»
«Асноўнае хадайніцтва, якое мы заяўлялі, — каб дзяўчат вызвалілі з-пад варты. Мы лічым, што на сёньня няма ніякіх падставаў трымаць іх за кратамі. На жаль, нашы просьбы не былі задаволеныя», — адзначыў Свабодзе Сяргей Зікрацкі, адвакат Кацярыны Андрэевай.
Па яго словах, таксама спрабавалі навязаць суду свой парадак працэсу — хацелі, каб Ігар Ільяш, муж Кацярыны Андрэевай, быў дапытаны ў якасьці сьведкі першым, бо ён дагэтуль ня мае права прысутнічаць на судовым паседжаньні. Гэта таксама было праігнаравана.
На пытаньне, ці хадайнічалі абаронцы аб праглядзе ў судзе матэрыялаў відэастрыму ад 15 лістапада, Сяргей Зікрацкі адзначыў, што быў запыт на прагляд адразу пасьля допыту сьведак. Аднак судзьдзя заявіла, што ўсё будзе вывучацца ў парадку, вызначаным матэрыяламі справы.
У другой палове дня 9 лютага ў судзе працягнецца допыт сьведак.
12:30 Пракурор пра Чульцову: «Спрыяла збору людзей, станоўча ацэньвала пратэстоўцаў»
У абвінавачаньні пракурора супраць Дар’і Чульцовай гаворыцца, што яна спрыяла збору людзей на «плошчы Пераменаў» і дала «станоўчую ацэнку» дзеяньням пратэстоўцаў, калі на месца «правапарушэньня» накіроўваліся сілавікі, каб «не дапусьціць парушэньня закону».
У адносінах да Кацярыны Андрэевай дзяржабвінаваўца таксама згадала, што журналістка рабіла ў жывым этэры адпаведныя «інтанацыі» і чытала «дэструктыўныя» допісы з сацыяльных сетак.
Тым часам працягваецца допыт сьведак. Наступнай выклікалі Алену Дзядзюль. Жанчына сказала, што з боку пратэстоўцаў «ваяўнічых дзеяньняў не заўважыла», вуліца была чыстая, не застаўленая транспартам. Адзначыла, што была ў кватэры разам з журналісткамі, прыйшла туды ў госьці. Але зь імі не кантактавала.
Дапытаная гаспадыня кватэры Лілія Мароз удакладніла, што ў раёне 16.30 пачалі грукаць невядомыя, а калі яны адмовіліся адчыніць, дзьверы ўзламалі. Зайшлі супрацоўнікі ў чорнай форме і чорных масках. Кацярыну Андрэеву і Дар'ю Чульцову схапілі і кудысьці павялі. У вялікую сумку склалі ўсю тэхніку журналістак, а таксама ноўтбукі і тэлефоны гаспадароў. Сьледам у кватэры правялі ператрус.
12:00 Сьведка-пэнсіянэр: «Людзі ў камуфляжы маглі каардынаваць пратэст»
Пачаўся допыт сьведак. Выступае Мікалай Скарынін, пэнсіянэр. Жыве на Сморгаўскім тракце, наракае, што 15 лістапада трэба было выехаць з двара, але ня здолеў — людзі стаялі на дарозе, праезная частка была перакрытая. Скандавалі «Жыве Беларусь», трымалі плякаты з «дыджэямі пераменаў». Далейшую карціну ад 11-й да 16-й гадзіны назіраў у вакно.
Пры гэтым журналістаў зь відэакамэрамі на дарозе пэнсіянэр ня бачыў, Кацярыны і Дар’і не пазнаў.
Сьведка заявіў, што патэлефанаваў у міліцыю і паведаміў, што ў двары знаходзіцца аўтамабіль і людзі ў камуфляжы з рацыямі. Як ён выказаў здагадку, гэтыя людзі маглі «каардынаваць пратэсты».
Неўзабаве зьявіліся байцы АМАП і пачалі разганяць людзей на вуліцы Чарвякова. Судзьдзя адзначыла супярэчнасьці ў паказаньнях сьведкі, з гэтым пагадзіўся і адвакат Сяргей Зікрацкі.
11:30 Кацярына Андрэева — пракурору: «Сваю віну цалкам не прызнаю»
Журналісты, якім удалося трапіць на працэс, паведамілі Свабодзе з залі паседжаньня, што на слуханьні дапусьцілі пераважна сваякоў і прадстаўнікоў афіцыйных СМІ. Астатнія засталіся за дзьвярыма.
Падсудныя пацьвердзілі, што працуюць на тэлеканале «Белсат» і ў дзень затрыманьня 15 лістапада выконвалі рэдакцыйнае заданьне.
Адвакат Сяргей Зікрацкі падаў хадайніцтва аб зьмене меры стрыманьня для абвінавачаных пад асабістае паручальніцтва калег, зь якім тыя выступілі раней. У тым ліку ад імя журналіста Валера Каліноўскага для Кацярыны Андрэевай.
Быў абвешчаны перапынак, пасьля чаго судзьдзя заявіла, што просьба аб вызваленьні задавальненьню не падлягае.
Абаронцы Кацярыны і Дар’і таксама запатрабавалі далучыць да справы схемы руху грамадзкага транспарту па вуліцы Арлоўскай і квітанцыю аб пагашэньні паловы сумы шкоды.
Пракурор зачытвае абвінавачаньне Кацярыне Андрэевай. Зь яго вынікае, што яна «ажыцьцяўляла збор людзей, кіравала дзеяньнямі з мэтай стварэньня масавасьці, арганізавала дзеяньні, якія груба парушаюць грамадзкі парадак». У віну таксама ставіцца парушэньне закону аб масавых мерапрыемствах без папярэдняга дазволу, блякаваньне руху грамадзкага транспарту. Як вынік — шкода гарадзкой камунальнай гаспадарцы.
На што Кацярына Андрэева адказала катэгарычна: «Сваю віну цалкам не прызнаю».
«Кацярына з усьмешкай на твары. Яна ў бадзёрым настроі, гэта відаць, — расказаў перад пачаткам працэсу муж Кацярыны Андрэевай журналіст Ігар Ільяш, якому ўдалося трапіць у залю. — Дар’я пусьціла сьлязу, калі ўбачыла маці. Каця яе абняла, каб падтрымаць. Нам не далі нават нейкі жэст рукамі паказаць, канваір мяне адштурхоўваў. Штучна абмяжоўваюць колькасьць людзей, якія прысутнічаюць. Палова залі свабодная, рассадка праз аднаго. На задніх шэрагахядзяць „ціхары“. Кацярына нічога не сказала, паказала знак „вікторыі“, Дар’я таксама».
Ігар Ільяш праходзіць у працэсе сьведкам і будзе выкліканы на паседжаньне.
Многіх журналістаў незалежных СМІ не пусьцілі ў залю судовага пасяджэньня, нягледзячы на папярэднюю акрэдытацыю. Прадстаўнікі суду аргумэнтавалі гэта эпідэміялягічнай сытуацыяй і рассадкай праз аднаго. Між тым людзі, якія выходзяць з залі, кажуць, што ў ёй шмат вольных месцаў, паведаміў БелаПАН.