9 лютага ў Фрунзэнскім раённым судзе Менску пачнецца судовы працэс над Лявонам Халатранам. Лявон быў сябрам перадвыбарчага штабу Віктара Бабарыкі, да арышту працаваў у культурным хабе ОК16. «Ён кіраваў там „Руін-барам“, сябраваў з Марыяй Калесьнікавай. Быў нашым агульным найлепшым сябрам», — кажуць пра палітвязьня актывісты штабу, якія засталіся на волі.
Затрымлівалі падначаленыя Карпянкова: «Вы пераступілі чырвоную лінію»
Пра тое, як затрымлівалі Лявона Халатрана, расказала ягоная калега па штабе Віктара Бабарыкі Насьця Александровіч. Яе, як і яго, пасадзілі ў аўтамабіль зь цёмнымі вокнамі і загадалі не падымаць галавы.
«Нас траіх затрымалі на вуліцы супрацоўнікі ў масках. Паказалі нейкае пасьведчаньне — з ГУБАЗіКу (Галоўнае ўпраўленьне барацьбы са злачыннасьцю і карупцыяй МУС, якое тады ўзначальваў Мікалай Карпянкоў. — РС), — кажа Насьця. Паводле дзяўчыны, іх адвезьлі ва ўправу і на патрабаваньне выклікаць адвакатаў абвясьцілі, што яны нібыта пераступілі нейкую «чырвоную лінію», таму прававых нормаў для іх ня будзе. Гэта было 11 жніўня, усяго праз 3 дні пасьля выбараў.
Апошні раз яна бачыла Лявона там жа, у ГУБАЗіКу, адкуль яе ўрэшце адпусьцілі. Празь некалькі дзён стала вядома, што Лявон на Акрэсьціна. Дзяўчына кажа, што Лявона там пабілі і пасьля адміністрацыйнага арышту ён сабраўся падаваць заяву ў Сьледчы камітэт.
«З Акрэсьціна паехаў туды са сьледчым проста з ізалятара, але на волю так і ня выйшаў. Сядзіць цяпер у „Валадарцы“», — кажа Насьця.
Паводле яе зьвестак, увосень быў момант, калі Лявона нібыта зьбіраліся адпусьціць, сваякі прыехалі яго сустракаць каля «Валадаркі», але вызваленьня не адбылося.
Вінавацяць Лявона Халатрана паводле часткі 1 артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу — у арганізацыі і падрыхтоўцы групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо ўдзеле ў іх. Калегі Лявона па штабе Бабарыкі кажуць, што ў падзеях 9 жніўня ён ня браў удзелу, быў у офісе, гэта засьведчана. Вядома, што сам ён віны не прызнае. У адным зь лістоў на волю Лявон гэтак выказаўся пра выстаўленае яму абвінавачаньне:
«Браў тэкст абвінавачаньня, матэрыялы справы і чытаў. Божа, якое трызьненьне. Нашаткаваны вінэгрэт словаў. Перакананы, што прысуд будзе на такой жа дзяржаўнай мове — „канцылярская лухта“», — напісаў Лявон з «Валадаркі».
«На ліст ад Васкрасенскага не адказаў»
Праз тыдзень пасьля затрыманьня Лявона Халатрана яго разам зь яшчэ 10 актывістамі праваабаронцы прызналі палітвязьнямі. Ён быў у сьпісе затрыманых, вызваленьня якіх запатрабавала «Вясна» ды іншыя беларускія праваабарончыя арганізацыі.
У тым сьпісе быў і Юры Васкрасенскі, які выйшаў на волю неўзабаве пасьля сустрэчы палітвязьняў з Аляксандрам Лукашэнкам у СІЗА КДБ. Цяпер Васкрасенскі пазыцыянуе сябе чалавекам, які клапоціцца пра вызваленьне іншых палітычных зьняволеных.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Васкрасенскі зьвінаваціў Бабарыку ў тым, што той «не беражэ сваіх людзей»Лявон Халатран у лісьце паведаміў, што атрымаў ліст ад каманды Васкрасенскага.
«Мне напісала каманда Васкрасенскага. Ну, альбо ён сам. Хутчэй за ўсё, проста рассылка. Гэта завецца „Круглы стол дэмакратычных сіл“ (КСДС) — абрэвіятура гучыць як нешта савецкае. Там бла-бла, што яны працуюць над унясеньнем прапаноў у ВНС, а таксама працуюць над нашым (палітвязьняў) вызваленьнем. Ой-ой. А тым часам мая справа ўжо ў судзе».
На ліст ад Васкрасенскага, як можна зразумець, Лявон не адказаў.
Віны не прызнае
Мяркуючы па лістах Лявона, вынік суду для яго прадказальны, лічыць Насьця Александровіч. Дзяўчына цытуе словы, адрасаваныя калегам па штабе Бабарыкі.
«Раней я часта ўяўляў, як вяртаюся дадому. Цяпер амаль не. Адзінае, чаго я цяпер хачу, — выглядаць прыстойна на судзілішчы. Ваш Лявон».
Сябры Лявона Халатрана гавораць пра яго, што гэта вельмі добразычлівы да іншых людзей чалавек і выдатны майстра ў арганізацыі культурнага адпачынку.
«Ён кіруе барам і сам можа быць выдатным барыста. Ягоная фішка — падвойны эспрэса, мы ўсе марым зноў паспытаць каву ад Халатрана. А яшчэ ён выдатны сябар, не было такога, каб ён не прапанаваў дапамогу, калі некаму дрэнна», — кажа Насьця Александровіч.
Зь ягоных лістоў відаць, што ён у турме застаўся такі ж самы, мяркуе калега Халатрана. «Мне бясконца шкада ўсіх няшчасных людзей, якія трапілі сюды празь зьбег абставінаў. Нічога. Усё бывае. Гэта можна здужаць. Нават моц ад гэтага атрымаць», — піша Лявон Халатран з «Валадаркі».
Абараняе Лявона Халатрана адвакат Уладзімер Пыльчанка. Адвакат назваў няпэўным абвінавачаньне, якое выстаўлена падабароннаму.
«Бо ў ім зьмяшчаецца мноства інфармацыі аб падзеях 9–10 жніўня, сярод якой цяжка вылучыць, у якіх канкрэтна дзеяньнях праявілася злачынства Лявона Халатрана. Мой падабаронны цягам усяго працэсу сваёй віны не прызнаваў і адмаўляў датычнасьць да супрацьпраўных дзеяньняў.
Сам ён у бадзёрым стане, да судовага паседжаньня маральна гатовы, але ілюзій у яго няма. Перадае прывітаньне і словы падзякі ўсім, хто яго падтрымлівае цягам апошніх месяцаў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Страх — адзіны інструмэнт захаваньня ўлады, які застаўся ў Лукашэнкі, — Фядута ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гарант справядлівасьці, клапатлівы бацька» — некаторыя сваякі фігурантаў «Белгазпрамбанку» зьвярнуліся да Лукашэнкі