Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гарант справядлівасьці, клапатлівы бацька» — некаторыя сваякі фігурантаў «Белгазпрамбанку» зьвярнуліся да Лукашэнкі


Былы ўдзельнік ініцыятыўнай групы па зборы подпісаў экс-прэтэндэнта ў кандыдаты на пасаду прэзыдэнта Беларусі Віктара Бабарыкі, стваральнік «Круглага стала дэмакратычных сіл» Юры Васкрасенскі прапанаваў сваякам фігурантаў справы «Белгазпрамбанку» напісаць зварот да Аляксандра Лукашэнкі.

Такі крок, на яго думку, можа дапамагчы зьмяніць меру стрыманьня для топ-мэнэджэраў, якія знаходзяцца ў зьняволеньні.

У Менску ў сераду сабраліся сваякі некаторых фігурантаў справы «Белгазпрамбанку». Васкрасенскі на сустрэчы зь імі заўважыў, што непублічнасьць — галоўная памылка родных фігурантаў крымінальных спраў. Паводле яго, ён сёньня «правёў пэўныя сустрэчы і перамовы з тымі, хто прымае рашэньні», паведамляе «Інтэрфакс».

Пасьля гэтых кансультацый Васкрасенскі прапанаваў сваякам фігурантаў зьвярнуцца да Лукашэнкі.

«Глыбокапаважаны Аляксандр Рыгоравіч, нашы блізкія знаходзяцца ў зьняволеньні доўгіх 8 месяцаў. Такім чынам яны ўжо адбываюць пакараньне і глыбока раскайваюцца ў зробленым. Прыняўшы пад увагу факт поўнага прызнаньня віны нашых блізкіх, мы просім вас скарыстацца магчымасьцю, якую дае дзеючае заканадаўства Рэспублікі Беларусь. Мы, блізкія затрыманых, зьвяртаемся да вас, гаранта Канстытуцыі і справядлівасьці, і просім разгледзець пытаньне зьмены меры стрыманьня для нашых родных. Вы, як клапатлівы бацька, разумееце важнасьць таго, каб карміцель быў у сям’і. Мы просім вас даць магчымасьць нашым блізкім вярнуцца ў свае сямʼі і працаваць на карысьць дзяржавы. Нашы блізкія не павінны пакутаваць праз палітычныя амбіцыі аднаго нясьпелага чалавека, які сваёй няўмелай гульнёй паставіў пад удар дзясяткі людзей», — гаворыцца ў пачатку прапанаванага Васкрасенскім звароту.

Васкрасенскаму здаецца, што гэты зварот можа дапамагчы фігурантам справы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG