Былы палітвязень Юры Васкрасенскі, які пасьля турмы ініцыяваў стварэньне «Круглага стала дэмакратычных сіл», 4 лютага пасьля першага пасяджэньня ў «справе Белгазпрамбанку» выступіў з крытыкай на былога старшыню праўленьня банку Віктара Бабарыку, які застаецца ў зьняволеньні. Васкрасенскага цытуе дзяржаўнае агенцтва БелТА.
«Я думаю, што Віктар Дзьмітрыевіч жыве ў нейкім сваім вымярэньні, таму што на круглым стале яму прапанавалі раскаяцца і вярнуць усё краіне і народу. І калі б ён бярог сваіх людзей, ён бы зрабіў усё, каб іх выратаваць і каб сем’і гэтых людзей не пакутавалі з-за яго. Але Бабарыка, магчыма, лічыць сябе мэсіяй і хоча кагосьці там выратаваць, але ня можа выратаваць нават сваіх людзей», — сказаў Васкрасенскі.
Сёньня Вярхоўны суд правёў папярэдняе судовае паседжаньне ў справе топ-мэнэджараў «Белгазпрамбанку». З шасьцю абвінавачанымі, паводле паведамленьня агенцтва, заключаны дасудовыя пагадненьні аб супрацоўніцтве.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Без Бабарыкі і незалежных СМІ. У Менску прайшоў папярэдні працэс у справе «Белгазпрамбанку». Асноўны суд чакаецца 17 лютагаВаскрасенскі сказаў, што «прыйшоў падтрымаць абвінавачаных». Па яго словах, абвінавачаныя прынялі пасільны ўдзел у станаўленьні банкаўскай сыстэмы, аддаўшы ёй ад 25 да 30 гадоў працы. Усе яны, на яго думку, «патрыёты, якія выпадкова трапілі ў гэты вір з-за таго, што даверыліся аднаму нясьпеламу палітыку», як Васкрасенскі называе Бабарыку.
Са словаў былога сябра штабу Бабарыкі, «усе яны раскайваюцца, прызнаюць віну», а іх сваякі нібыта зьвярнуліся да Лукашэнкі. Праўда, адвакаты топ-мэнэджараў «Белгазпрамбанку» такой інфармацыі не перадавалі.
Былых старшыню праўленьня банку Віктара Бабарыку, як і ягоных намесьнікаў, абвінавачваюць у атрыманьні хабару ў асабліва буйным памеры арганізаванай групай. Таксама Бабарыку вінавацяць у легалізацыі даходаў, атрыманых злачынным шляхам, у асабліва буйным памеры.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Магілёве журналістаў зноў не пусьцілі на працэс супраць былога падначаленага Віктара Бабарыкі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гарант справядлівасьці, клапатлівы бацька» — некаторыя сваякі фігурантаў «Белгазпрамбанку» зьвярнуліся да Лукашэнкі