Ці выклікалі пратэсты ў Беларусі пратэсты ў Расеі? Ці можна арганізаваць рэвалюцыю? Ці можа мірны пратэст адхіліць ад улады жорсткі рэжым?
Над гэтымі пытаньні ў «Праскім акцэнце» разважаюць гісторыкі: шэф-рэдактар часопіса Arche Алясандар Пашкевіч і палітычны аглядальнік расейскай службы Радыё Свабода Яраслаў Шымаў.
Пашкевіч
- Пратэсты ў Расеі не былі выкліканыя пратэстамі ў Беларусі, там былі ўнутраныя прычыны.
- Але, безумоўна, пратэсты ў Беларусі натхнілі апазыцыйна настроеных расейцаў выходзіць.
- Ня выключана, што далей пратэсты распаўсюдзяцца на іншыя постсавецкія краіны, скажам на Казахстан.
- Цяперашнія пратэсты ў Расеі я б параўноўваў хутчэй з нашымі «антыдармаедзкімі» пратэстамі 2017 году, чым зь леташнімі і цяперашнімі
- Беларусь хіба не ўпершыню ў гісторыі не натхняецца нечым прыкладам, а натхняе іншыя народы і зьяўляецца ўзорам для іх.
- У Расеі на пратэстах не ўзьнімалі і не ўзьнімаюць ні армянскіх, ні кіргіскіх сьцягоў, а бел-чырвона-белы сьцяг падымаюць.
- Я апошнія месяцы правёў у Беларусі і магу дакладна сказаць, што ніякай вонкавай інсьпірацыі не было, як не было і лідэраў, выключна дзеля якіх людзі выходзілі на вуліцу.
- Вылучэньне Ціханоўскай, Цапкалы, Бабарыкі было трыгерам, штуршком, але не прычынай і не рухавіком пратэстаў.
- Гэта быў народны ўздым, які ішоў зьнізу, а ня зьверху.
- У беларускіх пратэстах не было «правадырызму».
- Пакуль беларускае грамадзтва грамадзтва не дасьпела да таго, каб ужываць гвалт да сілавікоў, яно настроенае і вясной працягваць мірныя пратэсты.
- Улады робяць усё, каб народ быў настолькі раззлаваны, што можа ўзяцца і за калы.
- Палітычная рэвалюцыя — гэта працэс, які сапраўды прыводзіць да кардынальных зьменаў у дзяржаўным ладзе.
- Мы спадзяёмся, што ў нас будзе ня як ва Ўкраіне, дзе падзея гучна называлася рэвалюцыяй, а потым высьвятлялася, што ў тамтэйшай сыстэме нічога не мянялася.
- Але ёсьць і рэвалюцыя, якая адбываецца ў сэрцах і галовах, рэвалюцыя сьвядомасьці. І ў гэтым сэнсе ў Беларусі рэвалюцыя адбылася.
- Мы дзесяцігодзьдзямі лаялі народ, але летась ён стаў іншым, ён аб’яднаўся.
- Цяпер большасьць грамадзтва хоча дэмакратыі.
- Калі сыдзе Лукашэнка, так, як цяпер, у любым выпадку ня будзе.
Шымаў
- Я б не злоўжываў словам рэвалюцыя, асабліва пра падзеі ў Расеі.
- Няма пакуль там ніякай рэвалюцыі, ёсьць шэраг масавых выступаў.
- Нават леташнім падзеям у Беларусі цяперашнія расейскія пратэсты прапарцыйна насельніцтву вельмі моцна саступаюць.
- Слова рэвалюцыя варта ўжываць ex post, калі стала зразумела, што адбыліся вельмі значныя зьмены ўсяго грамадзкага ладу.
- Мадэль расейскіх пратэстаў узятая зь беларускай практыкі.
- Рэвалюцыю арганізаваць немагчыма. Можна арганізаваць пераварот, можна арганізаваць адзінкавы масавы выступ.
- Але арганізаваць шырокі рух грамадзтва немагчыма, для гэтага мусіць быць пэўная грамадзкая сытуацыя.
- У лютаўскай 1917 году рэвалюцыі ў Расеі прасочвалася сувязь зь інтарэсамі саюзьнікаў па Антанце.
- Але зразумела, што падзеі ў Расеі ў 1917 годзе не адбываліся пад дыктоўку замежжа.
- Цяперашнім кіраўнікам зручна тлумачыць цяперашнія падзеі замежнай інсьпірацыяй.
- Ніякія лялькаводы ня здольныя мабілізаваць сотні тысяч, мільёны людзей.
- Калі беларусы скандавалі «Дастаў, сыходзь!», дык гэта таму, што іх і сапраўды дасталі.
- Чым больш жорсткая сыстэма, тым складаней яе зрынуць.
- Але не заўсёды так. Што можа быць больш рыгідным, чым вайсковая дыктатура?
- Аднак мы бачылі прыклады, калі і вайсковыя дыктатуры сыходзілі безь вялікага гвалту.
- Яскравы прыклад — Паўночны Судан. Яго лідэр быў у сусьветных сьпісах злачынцаў супраць чалавечнасьці. Яго вайскоўцы адхілілі ад улады пад ціскам масавых пратэстаў.
- У нашых краях не хапае досьведу кампраміснай палітычнай культуры.
- Мы часам зводзім рэвалюцыю да кропкавай падзеі.
- Зьмена ўлады ў кастрычніку 1917 году ў Расеі была клясычным вайсковым пераваротам.
- Але рэвалюцыя — гэта працяглы працэс. І тады ў Расеі пра завяршэньне рэвалюцыі можна было сказаць толькі пасьля завяршэньня грамадзянскай вайны, калі ўвесь лад жыцьця зьмяніўся.
- Паводле францускага гісторыка Фюрэ, рэвалюцыя ў Францыі, якая пачалася ў 1789 годзе, скончылася праз 100 гадоў, калі парлямэнт ІІІ Рэспублікі прыняў Марсэльезу ў якасьці дзяржаўнага гімна.
- У Эгіпце ў 2011 годзе была не рэвалюцыя, а аборт рэвалюцыі. Не было дастатковай колькасьці незадаволеных, каб зьмяніць сыстэму.
- Тое, што адбылося ў Беларусі пасьля жніўня 2020 году, «цягне» на першы этап рэвалюцыі.
- Беларускі рэжым значна больш пэрсаналісцкі, чым улада эгіпецкіх вайскоўцаў.
- Мубарак не стварыў сыстэму, ён атрымаў яе ў спадчыну. Гэта інстытуцыйная сыстэма. Беларуская — не.
- Я ня думаю, што пасьля сыходу Лукашэнкі на яго месца прыйдзе такі ж. У Беларусі гэтага быць ня можа.