«Трымаемся. Адміністрацыя спрабуе спыніць страйк, заманьвае абяцаньнямі вярнуць на працу, але гэта не ўдаецца, бо нашы патрабаваньні ня выкананыя. Але наша возьме, час працуе на нас», — мяркуе страйковец Юры Корзун, былы работнік «Беларуськалію», які далучыўся да страйку ў жніўні 2020-га.
«Раскалоць нас не ўдалося»
Юры Корзун расказаў, чым страйкоўцы цяпер занятыя.
«Вось у гэты момант, калі мы з вамі размаўляем, я з калегамі па страйку знаходжуся каля Салігорскага суду. Тут сёньня судзяць нашага салігорскага героя — Руслана Акостку, які зь бел-чырвона-белым сьцягам прайшоў праз увесь горад. Мы не маглі яго не падтрымаць. У суд большасьць не пусьцілі, чакаем на вуліцы, мароз, але не разыходзімся», — кажа Юры Корзун.
Юры Корзун расказаў, як страйкоўцы адрэагавалі на нядаўнюю прапанову аднавіць іх на працы, якую выказаў гендырэктар «Беларуськалію» Іван Галаваты. На думку шахтароў, на такі крок кіраўніцтва прадпрыемства пагадзілася пайсьці пад пагрозай страты кантракту з нарвэскай кампаніяй Yara, якая запатрабавала спыніць перасьлед страйкоўцаў. Але і гэта выніку не дало, мяркуе Корзун.
«Абяцаньне адміністрацыі разьлічанае на тое, каб падмануць і нас, і Yara», — кажа Юры Корзун. — Мы ня згодныя вяртацца без выкананьня асноўных патрабаваньняў: спыніць гвалт у краіне, вызваліць палітвязьняў і правесьці новыя выбары прэзыдэнта пад кантролем міжнародных назіральнікаў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Яшчэ адзін шахтар далучыўся да страйку на «Беларуськаліі»Юры Корзун кажа, што паводле агульнага рашэньня страйкоўцы цяпер дасылаюць лісты ў адміністрацыю прадпрыемства з выказваньнем гэтай пазыцыі.
«Раскалоць нас таксама не ўдалося. Мы абмяркоўваем нашы дзеяньні, у нас бываюць спрэчкі, гэта нармальна, калі столькі чалавек аб’ядналіся. Але ў асноўным пытаньні ў нас непахіснае паразуменьне — на спыненьне страйку без выкананьня нашых умоў мы ня пойдзем», — сказаў Юры Корзун.
У лістападзе мінулага году група шахтароў-страйкоўцаў выехала на экскурсію ў Косава, каб там наведаць музэй Тадэвуша Касьцюшкі. На пляцоўцы перад музэем аўтобус спынілі міліцыянты, у выніку 15 шахтароў адправілі адбываць адміністрацыйны арышт у Баранавіцкае СІЗА за «ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве». З тых часоў страйкоўцы не адважваюцца на калектыўныя выезды за горад, але актыўнасьць у межах Салігорску не спыняюць.
«Нядаўна на выходныя ўдзельнічалі ў гарадзкім лыжным прабегу. Сфармавалі сваю каманду і заявілі яе пад назвай „Страйк“. Арганізатарам спаборніцтва нічога не засталося, як нас уключыць у агульны сьпіс недзе з 50–60 лыжнікаў. Нашы лыжнікі з павязкамі „Страйк“ выйшлі на лыжню, адзін з нашай каманды заняў у сваёй групе другое месца», — кажа Юры Корзун.
Пры якой умове страйк на «Беларуськаліі» можа спыніцца?
Электрасьлесар Яўген Каралевіч далучыўся да страйку з 19 лістапада. Запэўнівае, што рашуча настроены да выкананьня ўсіх палітычных патрабаваньняў страйк не спыняць.
«Іншай магчымасьці, акрамя страйку, каб зьмяніць сытуацыю ў краіне, проста ня бачу. Нас спрабуюць раскалоць, спакусіць аднаўленьнем на працы, добрымі заробкамі, але гэта нічога ня дасьць найперш таму, што не вырашае праблемы — цяперашняя ўлада нелегітымная, і ў яе няма народнай падтрымкі. Таму мы не саступім. Хіба што нас паспрабуюць запалохаць, шантажаваць сем’ямі і дзецьмі. Але, спадзяюся, да гэтага ня дойдзе», — мяркуе Яўген Каралевіч.
Паводле страйкоўца, сям’я яго цалкам падтрымлівае.
«І жонка, і дачка, якой ужо 18 гадоў, на маім баку», — кажа Яўген.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Не расчараваны, бо на іх і не спадзяваўся». Як страйкамаўцы «Белкалію» рэагуюць на санкцыі ЭЗ да кіраўніцтва БеларусіУ мінулым кастрычніку далучыўся да страйку апэратар грануляваньня Антон Дзямкоў. Як і Яўгена Каралевіча, яго звольнілі з прадпрыемства.
«На нашым „Беларуськаліі“ і да гэтых падзей бывала, што звольненыя людзі праз суд аднаўляліся на працы, але потым іх усё роўна звальнялі, — згадвае Антон. — Калі гэтак было ў той, „мірны“ час, дык што казаць пра цяперашні, калі людзей проста на вуліцы нізавошта хапаюць і садзяць на суткі? Мы свой выбар зрабілі. Калі ў краіне спыняцца пратэсты, так, тады і з намі ўсё роўна гэтак ці інакш расправяцца. Але мы верым, што гэтага не адбудзецца, і таму будзем трымацца разам».
Паводле Антона Дзямкова, у ягонай сям’і таксама ўсе яго падтрымліваюць. Пры гэтым страйковец шчыра дадаў, што сумуе па працы ў шахце, але не па калектыве.
«Бо там зашмат тых, хто, як мы, абураўся выбарамі і гвалтам, а потым заняў пазыцыю „мая хата з краю“. З такімі яшчэ да выхаду ў страйк перастаў вітацца», — кажа страйковец зь «Беларуськалію» Антон Дзямкоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На «Беларуськаліі» заснавалі фонд дапамогі страйкоўцам