У тэлефоннай размове зь міністрам замежных спраў Украіны Дзьмітрыем Кулебам Блінкен заявіў аб істотнай двупартыйнай падтрымцы з боку ЗША. Ён таксама назваў прыярытэтнымі для амэрыканскага кіраўніцтва пытаньні, зьвязаныя з сувэрэнітэтам, тэрытарыяльнай цэласнасьцю і эўраатлянтычнымі памкненьнямі Кіева.
Пра дэталі размовы паведаміў прадстаўнік Дзярждэпартамэнту Нэд Прайс, перадае «Голас Амэрыкі».
Энтані Блінкен заклікаў Украіну да далейшага прагрэсу ў барацьбе з карупцыяй, да рэалізацыі прынцыпу вяршэнства права і да эканамічных рэформаў. Дзяржсакратар і кіраўнік украінскага МЗС таксама абмеркавалі сытуацыю, зьвязаную з пандэміяй каранавірусу.
Кіеў разьлічвае на падтрымку Вашынгтону пасьля анэксіі Расеяй Крыму ў 2014 годзе і пачатку ўзброенага канфлікту на Данбасе.
У жніўні Кангрэс ЗША ўхваліў выдзяленьне 250 мільёнаў даляраў у выглядзе дапамогі ўкраінскай арміі. Масква адмаўляе абвінавачаньні ў ваеннай падтрымцы сэпаратыстаў і ўдзеле расейскіх войскаў у канфлікце на ўсходзе Ўкраіны.