Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Данбаскія сэпаратысты празь Менск перададуць Украіне 9 палонных


Упаўнаважаная Вярхоўнай Рады Ўкраіны ў правах чалавека Людміла Дзянісава
Упаўнаважаная Вярхоўнай Рады Ўкраіны ў правах чалавека Людміла Дзянісава

Упаўнаважаная Вярхоўнай Рады Ўкраіны ў правах чалавека Людміла Дзянісава заявіла, што данбаскія сэпаратысты перададуць Украіне «праз пасярэдніка» дзевяцёх палонных.

«Я разьлічваю на перадачу тых, хто незаконна ўтрымліваўся ў так званых „ЛНР“ і „ДНР“», — сказала Дзянісава падчас брыфінгу ў пункце пропуску «Залатое» ў Луганскай вобласьці.

«Вядома, што адтуль былі дастаўленыя ў ізалятар часовага ўтрыманьня ў Луганску тры чалавекі, якіх рыхтуюць да пераводу, а шэсьць чалавек — у СІЗА ў Данецку. Цяпер іх кормяць, мыюць, аказваюць мэдычную дапамогу і прыводзяць у ахайны выгляд. І я думаю, што сёньня ўвечары (20 студзеня) альбо заўтра раніцай (21 студзеня) яны будуць перавезеныя па наступным маршруце: Луганск, Данецк — Растоў-на-Доне — Менск — Кіеў. Гэта значыць, мы чакаем», — сказала яна.

Дзянісава адзначыла, што ня можа даць больш інфармацыі, у тым ліку назваць імёны гэтых людзей.

Палонных прывязе прарасейскі палітык Віктар Медзьвядчук.

Міністэрства замежных спраў Украіны заявіла, што рашэньне Расеі перадаць Віктару Медзьведчуку зьняволеных з часова акупаваных тэрыторый, не Ўкраіне, а куму Пуціна, груба і адкрыта парушае мэханізмы вырашэньня такіх гуманітарных пытаньняў.

«Гэты крок Расейскай Фэдэрацыі – удар па нармандзкім фармаце і Трохбаковай кантактнай групе, якія сыстэматычна працуюць над вызваленьнем затрыманых у сувязі з канфліктам.

Наўмыснае нівэляваньне Расеяй ролі АБСЭ ў праблеме вызваленьня асабліва паказальнае і цынічнае ў дзень візыту ва Ўкраіну дзеючага старшыні АБСЭ, міністра замежных спраў Швэцыі Эн Ліндэ».

Журналіст Серж Харытонаў у сувязі з гэтым зазначае, што «фактычна гэта піяр прарасейскага „дзяржаўнага дзеяча“ Віктара Медведчука, які ўжо прывозіў у Менск грамадзян Украіны ў незразумелым статусе. Беларусь стараньнямі макееўскіх „дыпляматаў“ зноў выконвае ролю „краіны-пракладкі“, празь якую дзеля піяру возяць незаконна затрыманых грамадзян Украіны».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG