Увечары стала вядома, што справы намесьніка дырэктара крамы Мікіты Броўкі і бухгальтаркі Ксеніі Міклашэўскай суд адправіў назад у Савецкіі РУУС на дапрацоўку, а справы супрацоўніц Вольгі Ігнатовіч і Анастасіі Трафімчык суд не паспеў сёньня разгледзець, суды працягнуцца заўтра 2 лютага.
30 студзеня дырэктар ТАА «Сымбаль Бай» Павал Белавус паведаміў, што ў памяшканьне на вуліцы Машэрава прыйшлі супрацоўнікі АБЭЗ. Яны адвезьлі ў Савецкі РУУС Мікіту Броўку і Ксенію Міклашэўскую, якія прыехалі на месца пасьля пачатку ператрусу.
Бліжэй да вечара таго ж дня, апісаўшы ў краме за сем гадзін усю маёмасьць і тавары, у пастарунак павезьлі таксама супрацоўніц Вольгу Ігнатовіч і Анастасію Трафімчык. На ўсіх затрыманых склалі пратакол за дробнае хуліганства па артыкуле 17.1. Да панядзелка ўсе яны знаходзіліся ў ІЧУ на завулку Акрэсьціна.
Сам Павал у суботу быў за горадам і даехаць да крамы не пасьпеў. Мяркуе, што калі б усё ж даехаў, то зараз таксама быў бы ў ізалятары.
«Інфармацыі дакладнай пра артыкулы абвінавачваньня нашых супрацоўнікаў няма, — тлумачыць Белавус. — Мы маем яе ад валянтэраў, якія працуюць ля Акрэсьціна. Гэта ўсё зь іх словаў, пратаколу ня бачыў ніхто».
У панядзелак 1 лютага ён трапіў у памяшканьне на праспэкце Машэрава. Фота адтуль апублікаваў у сваім Фэйсбуку.
«30 студзеня мне патэлефанавалі дзяўчаты, якія там працавалі, — расказаў ён Свабодзе падрабязнасьці суботніх падзей. — Офлайн нашая крама не працуе, таму мы яе памяшканьне выкарыстоўваем як офіс онлайн-крамы, як склад таксама. І вось у раёне 12-й гадзіны пагрукаліся ў дзьверы людзі, прадставіліся супрацоўнікамі АБЭЗ Савецкага раёну Менску. Паказалі нейкую паперу. Мы ня ведаем, ці гэта крымінальная справа, ці праверка па факце незаконнай камэрцыйнай дзейнасьці. Пачалі перапісваць маёмасьць».
Па словах Паўла Белавуса, дзяўчаты патэлефанавалі кіраўніцтву, папрасілі прыехаць. Намесьнік дырэктара Броўка і бухгальтарка Міклашэўская прыехалі першымі. Іх адразу пасадзілі ў аўтамабіль і зьвезьлі. Сам Белавус у выніку вырашыў ня ехаць у краму. Ён кажа, што зь ім пакуль ніхто так і не зьвязаўся. Таму нават невядома дакладна, што стала прычынай канфіскацыі тэхнікі і дакумэнтаў. Крама спыніла працу.
Праблемы ў менскай офлайн-крамы Symbal.by пачаліся яшчэ ў чэрвені. Тады ў кур’ера канфіскавалі наклад маек з надпісам «ПСІХО3%». Пасьля ў краму зачасьцілі праверкі з МНС, узьнікалі праблемы з электрычнасьцю. За перавоз цішотак суд аштрафаваў краму больш як на 2 тысячы рублёў.
Symbal.by абвясьціў, што з 29 чэрвеня спыняе працу. 23 чэрвеня людзі сталі ў чаргу, каб купіць прадукцыю з сымболікай, пакуль крама не зачынілася. Неўзабаве пад’ехаў аўтазак зь сілавікамі, пачаліся затрыманьні. На некаторых склалі пратаколы паводле артыкулаў Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях: 23.4 (непадпарадкаваньне законнаму распараджэньню службовай асобы) і 23.34 (парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў).
У онлайн-рэжыме Symbal.by працаваў да 30 студзеня.
Ад восені праблемы з уладамі, падатковай ці арандатарамі ўзьніклі і ў шэрагу іншых крамаў з нацыянальнай сымболікай — «Мой родны кут» зь Менску, LSTR, «Князь Вітаўт» зь Берасьця, этнакрама «Цудоўня» з Горадні, «Цудоўная крама» з Воршы.