Ігара Поварава асудзілі на тры гады калёніі, Аляксандра Баброва і Яўгена Говара — на два з паловай гады калёніі.
Your browser doesn’t support HTML5
Вырак вынес судзьдзя Яўген Ерафееў. Дзяржаўны абвінаваўца Андрэй Аношка патрабаваў для падсудных па 3 гады пазбаўленьня волі кожнаму.
Работнікаў Беларускага мэталюргічнага заводу Ігара Поварава, Аляксандра Баброва і Яўгена Говара судзілі за падзеі 17 жніўня, калі яны спрабавалі пачаць страйк. Тады спынілася праца ўсіх трох печаў на прадпрыемстве.
На знак пратэсту супраць фальсыфікацыі выбараў і міліцэйскага гвалту яны разам зь іншымі працаўнікамі перакрылі дарогу для тэхналягічнага транспарту на заводзе.
На сустрэчы з працоўнымі 17 жніўня кіраўніцтва абяцала, што нікога ня будзе караць. Але пазьней Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу за «арганізацыю і правядзеньне незаконных групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак і спалучаныя зь відавочным непадпарадкаваньнем законным патрабаваньням прадстаўнікоў улады» (артыкул 342 Крымінальнага кодэксу).
Крымінальную справу ў дачыненьні яшчэ да аднаго рабочага — Паўла Магідава — вылучылі ў асобную вытворчасьць. Магідаў, грамадзянін Расеі, вымушана зьехаў за мяжу.
Гэтая публікацыя падрыхтавана з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: БМЗ у мільярдных даўгах. А што на іншых заводах? ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Эканамічны шантаж». Афіцыйныя прафсаюзы паскардзіліся на санкцыі Эўразьвязу