За вывешаны сьцяг і сьпевы ў гандлёвым цэнтры Dana Mall некалькі дзён судзяць артыста Камэрнага хору Рэспублікі Беларусь Дзяніса Іванова.
Пра гэта паведамілі праваабаронцы «Вясны».
Справу накіроўваюць на дапрацоўку, а Дзяніса ўжо пятыя суткі ўтрымліваюць у ІЧУ на Акрэсьціна.
Як стала вядома Свабодзе, на Дзяніса Іванова склалі пратакол па артыкуле 23.34 (удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве).
Ляўрэат міжнародных конкурсаў, саліст Камэрнага хору Рэспублікі Беларусь Дзяніс Іваноў быў затрыманы 25 студзеня на працоўным месцы.
У Белдзяржфілярмонію прыйшлі двое ў цывільным, завялі Дзяніса на допыт у кабінэт дырэктара, а потым павезьлі яго ў невядомым кірунку. Увечары таго ж дня імя Дзяніса Іванова яго сябры знайшлі ў сьпісах затрыманых у ІЧУ на Акрэсьціна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Затрымалі артыста філярмоніі Дзяніса Іванова. Раней ён ужо адседзеў 15 сутакЯк паведамілі валянтэры, на наступны дзень, Дзяніса зьмясьцілі ў камэру на пяць чалавек, дзе знаходзіцца 12. Перад уваходам у камэру Дзяніса прымусілі прайсьці па бел-чырвона-белым сьцягу.
Судзіць Дзяніса павінны былі 27 студзеня ў Першамайскім судзе Менску, але справу накіравалі на дапрацоўку праз недахоп доказаў.
Аднак самога Дзяніса ня выпусьцілі з ІЧУ, хаця прайшлі 72 гадзіны з моманту затрыманьня. Сябрам праз дамафон на Акрэсьціна сказалі, што Дзяніса Іванова ў іх няма і не было. Яны не знайшлі Дзяніса і ў іншых ізалятарах, куды тэлефанавалі.
Адвакатка 28 студзеня даведалася, што Дзяніс знаходзіцца ў Першамайскім РУУС. Але да яго не дапусьцілі і не дазволілі азнаёміцца з матэрыяламі справы. Пазьней на судзе Дзяніс пацьвердзіў, што чуў, як адвакатка прасіла дапусьціць яе да падабароннага.
29 студзеня ў судзе выявілася, што складзены новы пратакол, бо Дзяніса «перазатрымалі». Паводле праваабаронцаў, цяпер Іванова вінавацілі ў тым, што ён сьпяваў «Пагоню» ў тым жа гандлёвым цэнтры. Судзьдзя зноў накіравала справу на дапрацоўку. Тэрмін затрыманьня сканчаецца 31 студзеня.
Паводле сяброў, Дзяніс затрыманы па надуманых абвінавачаньнях. Восеньню мінулага года ён адседзеў 15 сутак, а адзінымі сьведкамі былі супрацоўнікі міліцыі.
Паводле праваабаронцаў, апошнім часам пасьля «дапрацоўкі» спраў у розных РУУС на людзей складаюць новы пратакол. Такім чынам, людзі застаюцца ў ІЧУ больш за 72 гадзіны на «законных» падставах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Маці траіх дзяцей затрымалі двойчы за тыдзень і аштрафавалі агулам на 2900 рублёў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень–сьнежань 2020. Мы — сьведкі.„Таварыш з аўтаматам зьвяртаўся да нас «бандыты»“. АБНАЎЛЯЕЦЦА