Пазоў прадпрымальнікаў разглядалі ў Шклоўскім раённым судзе. У ім вырашылі, што словы чыноўніка — ацэначная думка, не заснаваная на факце, які можна праверыць. Пазоўнікі зьбіраюцца абскарджваць пастанову судзьдзі Сьвятланы Баранцавай.
Прадпрымальнікаў зьняважылі на праўладным мітынгу
У суд на старшыню Круглянскага райвыканкаму Сьцяпана Палоньнікава падалі двое мясцовых прадпрымальнікаў, Сяргей Пісарэнкаў і Аляксандар Калін.
Як яны кажуць, нагодай для пазову сталі зьняважлівыя выказваньні пра іх кіраўніка раёну на праўладным мітынгу 19 жніўня 2020 году. Кіраўнік раёну на ім выгукнуў: «Позор предателям», «Позор Калину», «Позор Писаренкову», «Посмотрите, что они хотят раздербанить и продать и за какие деньги они это делают». Відэа з выступленьнем чыноўніка было разьмешчана на сайце раённай арганізацыі БРСМ і мясцовай раёнкі, а 20 жніўня, як кажуць прадпрымальнікі, яго прыбралі.
Пазоўнікі дамагаліся, каб Палоньнікаў выплаціў ім па 5 тысяч рублёў кожнаму кампэнсацыі маральнай шкоды, а таксама, каб у круглянскай раёнцы было апублікавана абвяржэньне зьняважлівых пра іх выказваньняў. Гэткую ж публікацыю мелася разьмясьціць і на сваім сайце раённая арганізацыя БРСМ.
Прадпрымальнікі даводзілі суду, што словы чыноўніка адбілася на іхным здароўі. У іх зьявілася бессань ды часта здараецца ўпадак сіл ад маральных перажываньняў. На іхны бізнэс аказваюць ціск раённыя службы, і ён узмацняецца. Прадпрымальнікі лічаць, што за гэтым стаіць кіраўнік раёну.
Абодва заяўляюць, што яшчэ ў жніўні спрабавалі высьветліць, чаму ён зьняважыў іх, але гутарка ў райвыканкаме не ўдалася. Потым зьвярталіся з заявамі на яго ў раённую пракуратуру, Сьледчы камітэт і міліцыю, але безвынікова. Тым часам, кажуць пазоўнікі, у круглянскай раёнцы рэгулярна зьяўляюцца публікацыі «з высьмейваньнем людзей, у якіх яны пазнаюць сябе». Бізнэсоўцы сьцьвярджаюць, што такія матэрыялы публікуюцца на загад кіраўніка раёну.
Прадстаўнік інтарэсаў чыноўніка: выказваньні не зьняважлівыя
28 студзеня на працэсе меліся выслухаць пазыцыю Сьцяпана Палоньнікава, але ён не зьявіўся на відэаканфэрэнцыю ў Круглянскі суд. Пазоўнікі ня сталі настойваць на паўторным выкліку чыноўніка, але адзначылі, што «ён адкрыта выказваецца перад усімі, а на судзе слова сказаць ня можа».
Інтарэсы старшыні райвыканкаму прадстаўляў адвакат Станіслаў Леўчанка. У сваім выступе ён спаслаўся на нормы Канстытуцыі, якія гарантуюць кожнаму свабоду думак і выказваньняў. Патрабаваньні пазоўнікаў адвакат назваў надуманымі, неабгрунтаваным і заклікаў суд іх пакінуць без задавальненьня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Магілёўцу пагражае да 3 гадоў абмежаваньня волі за абразу міліцыянтаПаводле Леўчанкі, выказваньні яго даверніка не зьяўляюцца зьняважлівымі. Паводле яго, фразамі «Позор Калину», «Позор Писаренкову» кіраўнік раёну даваў ацэнку пазыцыі пазоўнікаў да вынікаў выбараў 9 жніня, якая адрозьнівалася ад праўладнай. А іншыя выказваньні, што сталі нагодай для суду, настойваў Леўчанка, носяць абстрактны характар і вырваныя з кантэксту відэа з выступленьнем даверніка і «ня маюць ніякага дачыненьня да пазоўнікаў».
Станіслаў Леўчанка прасіў суд, каб той у выпадку незадавальненьня пазову спагнаў зь Пісарэнкава і Каліна 1300 рублёў аплаты паслуг адваката. Суд пастанавіў зьменшыць гэту суму да 625 рублёў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За абразу прэс-сакратаркі МУС Чамаданавай менчука асудзілі на 2 гады «хатняй хіміі» і 5000 рублёў кампэнсацыіХацеў паглядзець выбарчыя пратаколы — пачаўся ціск на бізнэс
Сьцяпана Палоньнікава прызначылі кіраваць Круглянскім раёнам 30 ліпеня 2019 году. Як сьцьвярджаюць Пісарэнкаў і Калін, прэтэнзіяў да іхнае прадпрымальніцкай дзейнасьці не было да леташніх прэзыдэнцкіх выбараў. Яны спансавалі розныя раённыя імпрэзы.
Сяргей Пісарэнкаў у прадпрымальніцтве 13 гадоў. Займаецца грузаперавозкамі.
Неўзабаве пасьля выбараў ён вырашыў азнаёміцца з копіямі выбарчых пратаколаў на адным з участкаў для галасаваньня, але іх там не было. Пайшоў да кіраўніка раёну, які, па словах прадпрымальніка, заявіў, што іх яму ня дасьць. Пісарэнкаў сьцьвярджае: пасьля візыту да чыноўніка на яго і ягоны бізнэс пачалі ціснуць. Адна з гаспадарак раёну адмовілася прадаваць яму трэскі, хоць да праблемаў з Палоньнікавым супрацоўніцтву нічога не перашкаджала.
«Ня зьменіш пазыцыі, будзе кепска»
Аляксандар Калін мае 25-гадовы прадпрымальніцкі стаж. 17-ць з іх валодае прыватным прадпрыемствам. На ім у лепшыя часы працавала да 55 чалавек. Цяпер не выключае, што згорне сваю дзейнасьць празь ціск з боку ўлады і пагаршэньне эканамічнай сытуацыі. Ён не выключае, што раён могуць неўзабаве ліквідаваць.
Бізнэсовец кажа, што пасьля сутычкі з кіраўніком раёну ягонае прадпрыемства правяралі больш, чым за ўсе папярэднія гады. На ягоную думку, улада нэгатыўна ўспрыняла іншадумства прадпрымальнікаў, якія публічна выказвалі незадаволенасьць вынікамі выбараў.
Калін адзначае, што старшыня райвыканкаму ня раз заклікаў яго адумацца, а «калі ня зьменіць пазыцыі, яму будзе кепска». Прадпрымальнік лічыць, што цяпер улада трымаецца пазыцыі «Хто ня з намі, той супраць нас».