Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўцу пагражае да 3 гадоў абмежаваньня волі за абразу міліцыянта


Супрацоўнікі ДАІ падчас адной зь леташніх акцый пратэсту ў Магілёве. Ілюстрацыйнае фота
Супрацоўнікі ДАІ падчас адной зь леташніх акцый пратэсту ў Магілёве. Ілюстрацыйнае фота

31-гадовага магілёўца Ігара Міцянкова судзяць за зьнявагу супрацоўніка ДАІ Аляксандра Кіркалава. Абвінавачанаму пагражае да трох гадоў абмежаваньня волі. Акрамя таго, міліцыянт праз суд намагаецца спагнаць зь яго 1000 рублёў маральнай шкоды.

Разглядаецца справа ў Ленінскім судзе Магілёва пад старшынствам судзьдзі Тацяны Касьцюк.

«Быў на эмоцыях ад абстаноўкі, што тварылася ў краіне»

Ігару Міцянкову інкрымінуюць публічную абразу прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананьнем ім службовых абавязкаў. Нагодай для крымінальнага перасьледу мужчыны стаў ягоны камэнтар да паста з асабістымі зьвесткамі Кіркалава, апублікаванага 3 верасьня 2020 году «ЎКантакце» ў суполцы «Народны патруль Магілёва». Сваю віну Міцянкоў прызнаў, раскаяўся і гатовы выбачыцца перад міліцыянтам, які прызнаны пацярпелым. Абвінавачаны пад падпіскай аб нявыезьдзе. У яго малалетняе дзіця.

26 студзеня жонка Міцянкова, выступаючы сьведкай на працэсе, адзначыла: муж патлумачыў ёй учынак тым, што «быў на эмоцыях ад абстаноўкі, якая тварылася ў краіне, калі штрафавалі шмат людзей, якія проста сыгналілі і выходзілі на вуліцу».

На судзе Кіркалаў запытаў у жонкі падсуднага, ці ўжываў той сьпіртныя напоі, калі выкладаў камэнтар. Пачуўшы адмоўны адказ, прамовіў: «Проста на эмоцыях напісаў такія сур’ёзныя абразы».

«Утрымліваецца нэгатыўная ацэнка» міліцыянта

На публікацыю і камэнтары да яе зьвярнулі ўвагу ва ўпраўленьні супрацьдзеяньня кібэрзлачыннасьці. Пра гэта паінфармавалі самога Кіркалава, які зьвярнуўся ў службу ўласнай бясьпекі міліцыі з заявай аб прыцягненьні «неўстаноўленых асобаў да крымінальнай адказнасьці за разьмяшчэньне камэнтара зьняважлівага зьместу».

Падазраванага выявілі хутка. Ён сваёй віны адмаўляць ня стаў і раскаяўся ва ўчыненым. Судова-лінгвістычная экспэртыза ўстанавіла, што ў ягоным допісе «утрымліваецца нэгатыўная ацэнка Кіркалава».

У пазове міліцыянт запатрабаваў ад Міцянкова, акрамя кампэнсацыі маральнай шкоды (грошы ён зьбіраецца аддаць Цэнтру анкалёгіі шчытападобнай залозы), выдаліць зьняважлівую публікацыю, а таксама апублікаваць на сваёй старонцы «ЎКантакце» афіцыйныя выбачэньні.

Сам пост ужо выдалены. Міцянкоў часткова прызнаў патрабаваньні пацярпелага. Ён гатовы пагадзіцца з выплатай маральнай шкоды ў суме 500 рублёў.

Дзяржаўная абвінаваўца настаяла, каб на наступным пасяджэньні 29 студзеня выступіў спэцыяліст, які праводзіў лінгвістычную экспэртызу камэнтара Міцянкова. Пацярпелы выступіў супраць, бо, на ягоную думку, прапанова пракурора зацягвае працэс.

На этапе расьсьледаваньня затрымлівалі дваіх магілёўцаў

Як адзначалася на судзе, супрацоўнікам міліцыі не ўдалося ўстанавіць адміністратараў суполкі «Народны патруль Магілёва».

У матэрыялах справы згадваюцца двое жыхароў Магілёва — Аляксандар Хамратаў і Ільля Палоньнікаў, якіх, як вынікае, падазравалі ў дачыненьні да стварэньня групы. Абодва яны прабылі ў ізалятары часовага ўтрыманьня па тры дні. Супраць Палоньнікава крымінальны перасьлед спынілі.

Пра Хамратава такой інфармацыі ў матэрыялах справы няма. Вядома, што ён займаецца ў Магілёве праваабарончай дзейнасьцю. У лістападзе яго затрымлівалі супрацоўнікі ГУБАЗіК. У кватэры быў вобшук. Па вызваленьні стала вядома, што супраць Хамратава распачалі крымінальную справу за публічную зьнявагу прадстаўніка ўлады. Цяпер ён на волі.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG