Былога прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Януковіча абʼявілі падазраваным у дзяржаўнай здрадзе, паведаміў офіс генэральнага пракурора Ўкраіны.
Падставай стала тое, што ў 2010 годзе Януковіч падоўжыў знаходжаньне Чарнаморскага флёту Расеі ў Крыме на 25 гадоў і дазволіў павялічыць ягоную колькасьць.
Паводле абвінавачаньня, Януковіч, папярэдне змовіўшыся з вышэйшымі адказнымі асобамі Расейскай Фэдэрацыі, на шкоду сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны дапамог Расеі ў правядзеньні падрыўной дзейнасьці ва Ўкраіне.
У 2014 годзе вайскоўцы Чарнаморскага флёту спрычыніліся да акупацыі і анэксіі Крыму, «што прывяло да цяжкіх наступстваў у выглядзе парушэньня тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны», — гаворыцца ў заяве.
24 студзеня 2019 году суд у Кіеве ужо прызнаў Януковіча вінаватым у дзяржаўнай здрадзе і дапамаганьні ў плянаваньні, падрыхтоўцы, разьвязваньні і вядзеньні агрэсіўнай вайны і асудзіў яго на 13 гадоў зьняволеньня. Віктар Януковіч лічыць сябе невінаватым. Ён зьехаў з Украіны ў лютым 2014 году і цяпер знаходзіцца ў Расеі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пуцінская палітыка — гэта пералік спэцапэрацый». Віталь Портнікаў пра вяртаньне Навальнага ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік МЗС Украіны аб словах Навальнага пра Крым: «Бутэрброд давядзецца вярнуць» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Алег Сянцоў: У Беларусі сапраўдная міліцэйская дзяржава, але ўкраінцы там бы спалілі ўсё