Пра тое, што Каір прыме чэмпіянат сьвету ў пяціборстве афіцыйна паведаміў сайт Міжнароднага саюзу сучаснага пяціборства (UIPM). Турнір пройдзе з 7 па 13 чэрвеня.
Сталіца Эгіпту ўжо прымала чэмпіянат сьвету ў гэтым відзе спорту ў 2017 годзе.
Раней выканкам UIPM аднагалосна забраў права на правядзеньне турніру ў сталіцы Беларусі. Прычынай такога рашэньня стала нестабільнае становішча ў краіне. Акрамя таго, прымаліся пад увагу санкцыі, якія былі ўведзеныя Міжнародным алімпійскім камітэтам у дачыненьні Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі.
Раней з той жа прычыны Беларусь пазбавілі права на правядзеньне чэмпіянату сьвету 2021 году ў хакеі. Але ў хакеі новы гаспадар чэмпіянату яшчэ ня вызначаны. Магчыма, усе матчы адбудуцца ў Латвіі, якая першапачаткова мела прыняць палову чэмпіянату.
Пераносы сусьветных чэмпіянатаў у пяціборстве і хакеі выклікалі хваравітую рэакцыю беларускіх спартовых чыноўнікаў. Босы нацыянальнай фэдэрацыі пяціборства нават заявілі, што гатовыя прыняць такое рашэньне, калі гэта «плата за сувэрэнітэт краіны».
Сучаснае пяціборства — від спорту, які яднае ў сабе плаваньне, бег, фэхтаваньне, конны спорт і стральбу. Пераможцам становіцца той удзельнік, які набярэ найбольшую колькасьць заліковых пунктаў па суме ўсіх дысцыплін.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларуская фэдэрацыя сучаснага пяціборства расказала пра шкоду ад пераносу чэмпіянату сьвету зь Менску ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чэмпіянат сьвету ў сучасным пяціборстве перанесены зь Менску з прычыны «нестабільнасьці» ў Беларусі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дэпутат Палаты прадстаўнікоў назваў перанос хакейнага чэмпіянату сьвету зь Менску «помстай за сьцяг над Рэйхстагам» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ёсьць рэчы, важнейшыя за спорт», — хакеістка-айцішніца, аўтарка пэтыцыі за адмену хакейнага чэмпіянату ў Менску