Абвінавачаныя — 18-гадовы Аляксандар Кісялеў, 19-гадовы Яўген Каханоўскі і 21-гадовы Дзьмітры Гопта.
«Сьвісьцелі, крычалі, кідалі камяні ў бок міліцыі»
Справу ў дачыненьні да Яўгена Каханоўскага і Дзьмітрыя Гопты разглядае судзьдзя Ірына Прадун. Маладых людзей абвінавачваюць у тым, што ў ноч з 10 на 11 жніўня яны ўдзельнічалі ў несанкцыянаваным мітынгу, перашкаджалі руху транспарту, сьвісьцелі, выгуквалі лёзунгі, уцякалі ад міліцыі і кідалі камяні ў бок транспарту праваахоўных органаў і міліцыянтаў.
Камяні пашкодзілі шкло ў двух аўтамабілях. Міліцыянты пашкоджаньняў не атрымалі. Але па справе праходзіць пацярпелым вайсковец унутраных войскаў часткі № 5525 Аляксандар Блыха. Ён на судзе паведаміў, што ў бок яго і таварышаў па службе ляцелі камяні і бутэлькі, якія «маглі прычыніць калецтва ці гібель».
«Я быў у шоку, паніцы, агаварыў сябе і іншых»
Яўген Каханоўскі віны не прызнаў. Ён сказаў, што 10 жніўня гуляў каля Палаца культуры мэталюргаў і вырашыў паглядзець на мітынг. Пракурор задаў яму шэраг пытаньняў: «Вы заўсёды ходзіце паглядзець? З 19 вечара да 12 ночы глядзелі? Ну, прыйшлі, паглядзелі — шмат людзей, разьвярнуліся і пайшлі?»
Судзьдзя зачытала паказаньні, якія Яўген Каханоўскі даў падчас сьледзтва. Пры затрыманьні 26 жніўня малады чалавек казаў, што ён удзельнічаў у мітынгу, крычаў «Жыве Беларусь» і «Сыходзь», кідаў камяні. Абвінавачаны даў паказаньні, што, апроч яго, у мітынгу ўдзельнічалі іншыя маладыя людзі, і пералічыў некаторыя прозьвішчы. Ён дадаў, што да іх кампаніі падыходзіў чалавек па мянушцы «Рускі», запытаўся, ці ўдзельнічаюць яны ў мітынгу, і, пачуўшы станоўчы адказ, даў Яўгену 25 рублёў.
«Падпісаў, не чытаючы, баяўся, што будуць біць»
Пазьней на сьледзтве Яўген зьмяніў паказаньні. Першапачатковыя ён назваў ілжывымі, бо «даў іх пад фізычным і псыхалягічным ціскам».
«Я быў у шоку, паніцы, калі мяне затрымалі. Мяне білі ў міліцыі і ў жывот, і па галаве, і па нагах, пагражалі „прэс-хатай“, калі я даваў не такія паказаньні, як трэба. Я пачаў агаворваць сябе і іншых. Я падпісаў, не чытаючы, бо баяўся, што зноў будуць біць», — сьведчыў жыхар Жлобіна.
Псыхалягічным і фізычным ціскам ён патлумачыў і свае прызнаньні на відэа для МУС.
Паводле адваката Каханоўскага — Сяргея Краснова, ён падаваў скаргу, што на ягонага падабароннага аказваўся фізычны і псыхалягічны ціск. Але па выніках праверкі гэтыя факты не знайшлі пацьверджаньня.
«Людзі хацелі, каб не было вайны»
Дзьмітрый Гопта, як было агучана на судзе, стаіць на ўліку ў псыхіятра. У яго мэнтальная недастатковасьць. Гэта пацьвердзіла і ягоная маці Вольга.
Экспэртыза прыйшла да высновы, што, нягледзячы на псыхіятрычныя праблемы, Дзьмітрый Гопта можа адказваць за свае дзеяньні.
Віну ён прызнаў цалкам. Сказаў, што быў каля Палаца культуры мэталюргаў і кідаў камяні ў бок аўтамабіляў міліцыі. Пракурор пытаўся: зь якой нагоды 10 жніўня сабраліся людзі, чаго яны хацелі?
«Там былі пратэсты супраць Лукашэнкі, што ён выйграў... Людзі хацелі... Ня ведаю, напэўна, каб у Беларусі не было вайны», — патлумачыў Дзьмітрый.
Пракурор перапытаў: «Сабраліся за тое, каб не было вайны, а самі камяні кідалі?»
«Знаходзячыся ў натоўпе, думаеш і дзейнічаеш, як натоўп»
27 студзеня раённы суд пачаў разгляд крымінальнай справы аб «масавых беспарадках» і «гвалце адносна міліцыі» ў дачыненьні да 18-гадовага Аляксандра Кісялева.
Пацярпелыя па справе — начальнік мясцовага ДАІ Дзьмітрый Салук, намесьнік начальніка Жлобінскага РАУС Дзьмітрый Дзядзюн і супрацоўнік вайсковай часткі № 5525 Аляксандар Блыха.
У Кісялева абвінавачаньне — рыхтык як у Каханоўскага і Гопты. Апроч «сьвісьцеў, крычаў, перашкаджаў працы транспарту», Аляксандра вінавацяць у «арганізацыі збору актыўных і пасіўных удзельнікаў несанкцыянаванага мітынгу». Доказ гэтага — відэа, на якім хлопец жэстыкулюе перад натоўпам.
«Я толькі аднойчы спрабаваў скаардынаваць натоўп, але людзі мяне не паслухалі і пайшлі ў іншы бок», — тлумачыў на судзе абвінавачаны.
Сваю віну па артыкуле 342 Крымінальнага кодэксу (удзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак) Аляксандар прызнае. Ён адмаўляе, што пагражаў гвалтам ці прымяніў яго да супрацоўнікаў міліцыі.
Малады чалавек патлумачыў, што быў на мітынгу, рухаўся ў калёне, скандаваў лёзунгі, але камяні ня кідаў, гвалт адносна міліцыі не ўжываў.
Аляксандар зазначыў, што «быў у натоўпе, таму думаў і дзейнічаў, як натоўп». Кажа, што быў абураны тым, як удзень 9 жніўня затрымалі ягонага непаўналетняга сябра.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронца Валянцін Стэфановіч: Такіх рэпрэсій і катаваньняў не было ў найноўшай гісторыі Беларусі«Я хацеў, каб міліцыя склала шчыты і выпусьціла затрыманых»
Абвінавачаны даў паказаньні, што на мітынгу 9 жніўня апынуўся, бо «хацеў падтрымаць людзей». Быў абураны жорсткімі затрыманьнямі.
«Крычалі лёзунгі, гучалі розныя песьні. Я падтрымліваў тое, што людзі крычалі, у тым ліку гэта была спроба данесьці да міліцыі, каб яны перайшлі на бок пратэстоўцаў. Я хацеў каб супрацоўнікі міліцыі склалі шчыты і выпусьцілі затрыманых», — выказаўся Аляксандар.
Быў ён на мітынгу і 10 жніўня. У ноч з 10 на 11 жніўня маладога чалавека затрымала міліцыя.
«Мне і цяпер паступаюць пагрозы, якія дзейнічаюць мне на нэрвы»
У судзе ў якасьці пацярпелага выступіў намесьнік начальніка Жлобінскага РАУС Дзьмітрый Дзядзюн. Ён зазначыў, што 9–10 жніўня міліцыя працавала ва ўзмоцненым рэжыме. 9 жніўня мясцовыя міліцыянты, у тым ліку начальнік міліцыі і ягоны намесьнік, ачапілі плошчу Вызваліцеляў і «выстраіліся ў ланцужок».
«Сабраліся людзі, каля паўтары тысячы чалавек. Іх папярэджвалі пра незаконнасьць дзеяньняў, але яны не рэагавалі. Людзі былі настроеныя агрэсіўна. Калі б яны выйшлі на плошчу і кінулі каменьне ў выканкам, пачаліся б масавыя беспарадкі. Калі ў натоўпе пачалі крычаць, пагражаць міліцыянтам, было вырашана прасіць дапамогі. Прыбылі супрацоўнікі зь іншых РАУС і вайскоўцы часткі № 5525», — казаў намесьнік начальніка міліцыі.
Ён казаў, што людзі патрабавалі, каб міліцыя склала шчыты, стала на калені і перайшла на бок народу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцы прызналі палітвязьнямі яшчэ 31 асобу. Усяго такіх у Беларусі ўжо 220«У той час нармальны народ ужо быў па дамах. І тыя, хто пачуў нашы просьбы пакінуць гэтую тэрыторыю, таксама пайшлі дахаты. Засталіся радыкальна настроеныя і п’яныя. Яны крычалі, што „выходзьце, будзем біцца!“ і пагражалі міліцыі», — сказаў Дзядзюн.
Ён дадаў, што мае маральныя прэтэнзіі, бо былі пагрозы, і цяпер яны паступаюць і яму, і падначаленым «ад радыкальна настроеных асоб», і «гэта дзейнічае на нэрвы». Але грашовай кампэнсацыі Дзядзюн патрабаваць ня будзе.
1 лютага ў Жлобіне будуць судзіць 17-гадовага Віталя Прохарава. Яго таксама абвінавачваюць у «масавых беспарадках» і «гвалце адносна міліцыі». Ягоная маці кажа, што пасьля затрыманьня забрала падлетка зь міліцыі «ўсяго зьбітага». Па яе заяве аб зьбіцьці праводзілася праверка, але ў лістападзе яна была прыпыненая.
Гэтая публікацыя падрыхтавана з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.