Праваабаронцы сутыкаліся з фактамі катаваньняў цягам усіх 25 гадоў працы «Вясны». Пра гэта Валянцін Стэфановіч сказаў на онлайн-сустрэчы з журналістамі і экспэртамі ў галіне правоў чалавека.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцы прызналі палітвязьнямі яшчэ 31 асобу. Усяго такіх у Беларусі ўжо 220Паводле яго слоў, прымяненьне катаваньняў характэрна для пэрыядаў абвастрэньня рэпрэсій, якія заўсёды супадаюць з электаральнымі кампаніямі.
«Крызіс з правамі чалавека, які мы назіраем цяпер, адрозьніваецца тым, што рэпрэсіі носяць вельмі маштабны характар, якога не было ў найноўшай гісторыі, пачынаючы з 1991 году».
Праваабаронца адзначыў, што са жніўня 2020 году 33 тысячы чалавек прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасьці за ўдзел у акцыях пратэсту, на 900 завялі крымінальныя справы. Катаваньні прымяняюцца як да затрыманых па адміністрацыйных справах, так і да падазраваных і абвінавачаных па крымінальных артыкулах.
«У жніўні мы сутыкнуліся з масавым ужываньнем катаваньняў на тэрыторыі ўсёй краіны. Мы прыйшлі да высновы, што яны насілі сыстэмны і палітычна матываваны характар. Гэта быў нібы „акт адплаты“, пакараньня для тых, хто прымаў удзел у антыўрадавых дэманстрацыях».
Усяго праваабаронцам вядома больш як пра 1800 зваротаў пацярпелых ад катаваньняў у органы Сьледчага камітэту і пракуратуры, аднак ніводнай крымінальнай справы па гэтых фактах няма. Стэфановіч нагадаў, што летась упершыню супраць дэманстрантаў ужываліся гумовыя кулі. Падчас разгону пратэстаў дваіх чалавек застрэлілі, ёсьць людзі, якія загінулі ў выніку неаказаньня мэдычнай дапамогі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Калідор дубінак». Праваабаронцы ініцыявалі стварэньне міжнароднага органа для расьследаваньня гвалту сілавікоў у БеларусіСтэфановіч падкрэсьліў, што гэта выглядае як дэманстратыўная пазыцыя ўлады, калі ўся сыстэма перабудавана выключна пад рэпрэсіі. Органы пракуратуры маўчаць і бязьдзейнічаюць.
На думку праваабаронцы, улады лічаць, што ім удалося ўзяць сытуацыю пад кантроль і «цяпер надышоў этап адплаты ўсім, хто не паслухаўся, адважыўся выйсьці на вуліцу пратэставаць і выказваць сваю нязгоду з вынікамі мінулых выбараў». Крымінальныя справы пачынаюць у масавым парадку, а маштабнасьць падыходу дэманструе крымінальная справа ў дачыненьні да 231 чалавека за марш у Курапаты, які праходзіў у лістападзе 2020 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцы запатрабавалі пачаць супраць судзьдзі і пракурора ў справе Дзьмітрыя Галко крымінальны перасьлед ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 160 гадоў зьняволеньня і 1,5 мільёна рублёў штрафаў. Беларускія суды ў лічбах