Да санкцый ЭЗ адносна афіцыйнага Менску далучыліся яшчэ шэсьць эўрапейскіх краін, якія не зьяўляюцца чальцамі Зьвязу. Пра гэта гаворыцца ў заяве кіраўніка замежнапалітычнага ведамства Эўразьязу Жузэпа Бурэля.
У сваёй заяве Жузэп Бурэль вітае далучэньне да санкцый шасьці краін. Гэта краіны – кандыдаткі на ўступленьне ў Эўрапейскі зьвяз:
- Паўночная Македонія
- Чарнагорыя
- Альбанія
а таксама дзяржавы, якія зьяўляюцца чальцамі Эўрапейскай эканамічнай прасторы:
- Ісьляндыя
- Ліхтэнштэйн
- Нарвэгія
У дакумэнце гаворыцца, што цяпер гэтыя шэсьць краін забясьпечаць адпаведнасьць сваёй нацыянальнай палітыкі прынятаму рашэньню.
З кастрычніка мінулага году Эўразьвяз увёў тры пакеты санкцый супраць уладаў Беларусі.
- У першы санкцыйны пакет, прыняты 2 кастрычніка, былі ўнесеныя 40 беларускіх афіцыйных асобаў — прадстаўнікоў МУС і КДБ і чальцоў ЦВК. Адносна іх увялі пэрсанальныя абмежаваньні.
- Другі пакет санкцый быў прыняты 6 лістапада: Эўразьвяз увёў абмежаваньні ў дачыненьні да Аляксандра Лукашэнкі і 14 высокапастаўленых чыноўнікаў, у тым ліку памочніка прэзыдэнта Віктара Лукашэнкі, кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Ігара Сергеенкі, кіраўніка КДБ Івана Тэртэля, кіраўніка Сьледчага камітэту Івана Наскевіча, кіраўніка ААЦ Андрэя Паўлючэнкі, прэс-сакратара Лукашэнкі Натальлі Эйсмант і іншых.
- 17 сьнежня Эўразьвяз прыняў трэці пакет санкцый супраць беларускіх уладаў і бізнэсу. У сьпіс увайшлі 29 фізычных і сем юрыдычных асобаў, у тым ліку ААТ «140-ы рамонтны завод», ААТ «Агат — электрамэханічны завод», ААТ МЗКЦ, ЗАТ «Белтэхэкспарт», Дзяржаўная ўстанова «Галоўнае гаспадарчае ўпраўленьне» Кіраўніцтва справамі прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, Dana Holdings і ТАА «Сінезіс».