Анталёгія мае загаловак «Wschód wolności», які, безумоўна, абыгрывае шматзначнасьць слова «wschód» у польскай мове. Па-польску «wschód» — ня толькі кірунак сьвету і геаграфічнае месца («усход»), але таксама «ўзыход» (у адносінах да Сонца ці іншага нябеснага сьвяціла). Да таго ж польскі назоўнік множнага ліку «wschody» («узыходжаньне» ў адносінах да нечага пасеянага) — з таго самага этымалягічнага гнязда, што і «wschód».
Кніга выйшла пры фінансавым спрыяньні Гарадзкога цэнтру культуры ў Быдгашчы, 350-тысячным горадзе, дынамічным акадэмічным і культурным асяродку паўночнай Польшчы. Укладальніца і рэдактарка анталёгіі — Эмілія Вальчак, працаўніца згаданага цэнтру, якая адначасова належыць да рэдакцыйнай калегіі літаратурнага квартальніка «Fabularie» ў Быдгашчы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У беларускай кнігі вялікі патэнцыял». Размова з выдаўцом Андрэем ЯнушкевічамГаворачы пра зараджэньне ідэі выданьня ў разгар беларускіх пратэстаў 2020 году, спадарыня Вальчак адзначыла:
«Я таксама ўваходжу ў рэдакцыю квартальніка Fabularie. Ужо даволі даўно мы сталі далучаць розныя кніжныя выданьні да нашага квартальніка. У рэдакцыі зьявілася ідэя — магчыма, гэта была нават мая ідэя, хоць поўнай заслугі прыпісваць сабе я тут не хачу, — каб заняцца справамі Беларусі такім чынам, які нам будзе пад сілу.
Гэта было натуральнае памкненьне сэрца, каб выказаць нашу салідарнасьць зь беларускімі пратэстоўцамі, беларусамі і беларускамі.
Я ня ведаю, наколькі літаратура можа нешта зьмяніць, але мы наіўна лічым, што нейкім чынам яна можна паўплываць на тое, каб хоць бы вочы нашых чытачоў скіраваліся ў бок усходніх суседзяў пры пасярэдніцтве гэтай анталёгіі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вальжына Морт: «Тое, што адбываецца ў Беларусі — сапраўдная паэзія, увасобленая ў цэлай краіне»У кнізе, якая, па сутнасьці, уяўляе сабою не клясычную анталёгію, а хутчэй рэдактарска-перакладчыцкі выбар твораў, — дзевяць беларускіх аўтараў. З паэзіяй выступаюць Уладзімер Арлоў, Ганна Комар, Вальжына Морт, Дзьмітры Строцаў, Андрэй Хадановіч, Юлія Цімафеева. Прозу прадстаўляюць Эва Вежнавец, Артур Клінаў, Уладзімер Караткевіч.
Андрэй Хадановіч выступіў у выданьні ў падвойнай ролі: як паэт і як аўтар фэльетонаў пра палітычна-грамадзкую сытуацыю ў Беларусі, якія ён пісаў па гарачых сьлядах пратэстаў 2020 г.
Уводзіны да выданьня напісаў польскі пісьменьнік Кшыштаф Чыжэўскі, адзін з заснавальнікаў Цэнтру «Памежжа» (Pogranicze) у Сэйнах у паўночна-ўсходняй Польшчы, ініцыятар і арганізатар шматлікіх праграм міжкультурнага дыялёгу на памежжы розных рэгіёнаў Эўропы і сьвету.
Перакладалі творы для выданьня «Wschód wolności»: Яанна Бэрнатовіч, Богдан Задура, Адам Паморскі (паэзія); Малгажата Бухалік (проза).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Літаратура выконвае функцыю праўды». Ляўрэат Гедройця-2020 пра кнігу, яе героя і судовую сыстэмуАдказваючы на маё пытаньне, ці былі праблемы з выданьнем анталёгіі, Эмілія Вальчак сказала:
«Было цяжкавата, бо я ня ведала асяродзьдзя перакладчыкаў зь беларускай і расейскай моваў. Спачатку я зьвязалася зь Яаннай Бэрнатовіч, а яна зьвязала мяне з Малгажатай Бухалік. Аказалася таксама, што ў Богдана Задуры ёсьць шмат перакладаў. І неяк удалося сабраць матэрыял для анталёгіі. Часу на выданьне было малавата, але, на шчасьце, нам адразу пашанцавала кантактаваць з адпаведнымі людзьмі».
Наклад выданьня «Wschód wolności», як паведаміла спадарыня Вальчак, — 700 асобнікаў. Яно прадаецца як дадатак да літаратурнага квартальніка «Fabularie» ў гандлёвай сетцы Empik, якая мае пункты продажу па ўсёй Польшчы. Анталёгію можна таксама набыць асобна, праз сайт Гарадзкога цэнтру культуры ў Быдгашчы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзёньнікі Гітлера, дыгітальны акіян, кроў Гусэйна. З нататак кнігалюбаПра значэньне гэтага даволі неспадзяванага выданьня вельмі трапна, лічу, напісаў Андрэй Хадановіч для сайту culture.pl:
«Першым крокам чытача такой анталёгіі можа быць увага, выкліканая палітычнай і грамадзкай сытуацыяй у Беларусі. Наступным, калі пашанцуе, будзе разуменьне, што ў народу, якому спачуваеш і які безумоўна падтрымліваеш у яго змаганьні за свабоду, можа быць цалкам цікавая, яшчэ ўчора невядомая табе літаратура. Тут усё залежыць ад таго, якую кніжку гэты „нэафіт“ возьме ў рукі першай — і ці расчаруецца, ці захоча чытаць далей.
Нешта падказвае мне, што для польскага чытача (нават даволі адукаванага й падрыхтаванага) беларуская літаратура і на сёньняшні дзень — тэра інкогніта. (Прынамсі, адпаведны яму беларускі чытач ведае пра польскую літаратуру значна болей.)»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аскетычная прыгажосьць, сямейная сага, анамалія і разьня. 12 эўрапейскіх літаратурных прэмій 2020Выданьне ў Быдгашчы — ня першая спроба польскамоўнай анталёгіі беларускай літаратуры ў гэтым стагодзьдзі.
Раней у сэрыі «Беларуская бібліятэка» Калегіюму Ўсходняй Эўропы ва Ўроцлаве выйшлі 600-старонкавая грунтоўная анталёгія «Nie chyliłem czoła przed mocą. Antologia poezji białoruskiej od XV do XX wieku» (укладальнікі Лявон Баршчэўскі і Адам Паморскі, 2008) ды «Pępek nieba. Antologia młodej poezji białoruskiej» (укладальнік Андрэй Хадановіч, 2006).
А яшчэ да таго ў Ольштыне зьявілася анталёгія «Białoruś. Kraina otoczona wysokimi górami» (укладальніцы — Малгажата Бухалік і Катажына Катыньска, 2004).
«Варта» — суб’ектыўны агляд падзеяў у літаратуры ды, шырэй, у мастацтве і культуры. Думкі перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.