У лісьце гучыць патрабаваньне адмяніць эканамічныя санкцыі Эўразьвязу супраць уладаў Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Эканамічны шантаж». Афіцыйныя прафсаюзы паскардзіліся на санкцыі ЭўразьвязуСтаршыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук пракамэнтаваў, чым можа скончыцца такая дзейнасьць для ініцыятараў кампаніі.
«Па-першае, МАП не зьяўляецца кіроўнай структурай для Эўразьвязу і не ўплывае на ўжо прынятыя рашэньні. Пра гэта вядома любому першакурсьніку факультэту міжнародных адносінаў, але невядома праўладнай ФПБ і структурам за ёй, у тым ліку беларускаму МЗС. Гэта тое ж самае, што скардзіцца на Брусэль у „Спортлато“.
Па-другое, МАП ужо два дзясяткі гадоў вывучае парушэньні правоў беларускіх працоўных і вынесла ўладам краіны цэлы букет пакараньняў. Там выдатна інфармаваныя, якую ролю ў гэтым працэсе адыгрываюць праўладныя прафсаюзы. Таму ФПБ, якая даўно страціла давер і аўтарытэт, не абавязкова было лішні раз нагадваць міжнароднай супольнасьці пра сябе як пра аднаго зь вінаватых у бяспраўі працоўных.
Па-трэцяе, вярхушцы ФПБ, якая ўзьняла супраць сябе большасьць працоўных сваім удзелам у выбарах на баку ўлады, трэба было моцна падумаць, перш чым прымушаць працоўных падпісваць праўладныя лісты. Гэта ўсё роўна што ліць бэнзін на неастылы агонь ці сыпаць соль на незагоеную рану ад беспрэцэдэнтна сфальсыфікаваных выбараў і бяспрыкладнага па жорсткасьці гвалту над грамадзянамі краіны».
Такім чынам, робіць выснову Аляксандар Ярашук, арганізаваная кампанія прымусу рабочых падпісваць лісты ў МАП са скаргай на Эўразьвяз, сур’ёзна падсычае пратэставыя настроі ў працоўным асяродзьдзі і падвышае градус нянавісьці да ўладаў.
Гэта самы просты спосаб мабілізаваць да вясны людзей на масавыя акцыі, а значыць, на канчатковае і беспаваротнае рашэньне праблемы транзыту ўлады ў краіне, мяркуе Ярашук.